У Кіеве невядомыя падарвалі аўтамабіль адваката ў справе забойства Алеся Бузіны

2 лютага ў Кіеве выбухнула аўто адваката Андрэя Федура, які зараз з'яўляецца абаронцам двух падазраваных у забойстве Алеся Бузіны. Пацярпелых у інцыдэнце няма, на месцы працуе паліцыя.



Фота з сайта tsn.ua


Інцыдэнт адбыўся каля будынка Саломенскага раённага суда Кіева. "Толькі што ў нас завяршылася судовае пасяджэнне, і калі мы выходзілі, быў узарваны аўтамабіль", — сказаў адвакат.

Прэс-служба Нацыянальнай паліцыі паведаміла, што інфармацыя аб здарэнні паступіла ў 14.59. У аўтамабілі "Аўдзі Q7" пасля выбуху пачаўся пажар. На яго ліквідацыю выехалі пажарныя падраздзяленні. Таксама на месцы працуе следча-аператыўная група. Сведкі здарэння бачылі, як з аўтамабіля, які праязджаў каля прыпаркаванага "Аўдзі", кінулі нейкі прадмет, адзначае ТСН.

Адвакат Андрэй Федур звязвае сённяшні падрыў свайго аўтамабіля з помстай спецслужбаў за абарону падазраваных у забойстве журналіста Алеся Бузіны Андрэя Медведзько і Дзяніса Палішчука. Пра гэта ён заявіў у каментары УНІАН. "На маю думку, гэта помста за абарону па справе падазраваных у забойстве Бузіны з боку менавіта ўкраінскіх спецслужбаў", — адзначыў Федур.

Адзін з самых вядомых ва Украіне адвакатаў Андрэй Федур прымаў удзел у шматлікіх гучных і скандальных справах. У прыватнасці, быў прадстаўніком у судзе маці загінулага журналіста Георгія Гангадзэ. Таксама абараняў былога віцэ-прэзідэнта банка "Славянскі" Барыса Фельдмана, які абвінавачваецца ў фінансавых махінацыях. Быў адвакатам рэгіянала Барыса Калеснікава. І нават прадстаўляў інтарэсы скандальнага расійскага палітыка Канстанціна Затуліна, якому забаронены ўезд ва Украіну. Абараняў таксама былога першага намесніка генпракурора Рэната Кузьміна і былога следчага Сяргея Войчанку, датычных да зняволення былых апазіцыянераў Юліі Цімашэнкі і Юрыя Луцэнкі. Адносна самога адваката таксама ўзбуджалі крымінальную справу.

Нядаўна ўзарвалі аўтамабіль адваката Аляксандр Шадрына, які абараняе баевікоў "Тапаза", "Тэрэзу" і шэраг падазраваных у выбухах у Харкаве.

Каментаваць