У Кітаі пачалі забараняць феерверкі з-за змога

Сурʼёзнае забруджванне паветра вымусіла ўлады некаторых гарадоў Кітаю забараніць культавыя для многіх кітайцаў феерверкі ды петарды.



Традыцыя ўзрываць петарды і запускаць феерверкі падчас святкавання Новага года па ўсходнім календары існавала ў Кітаі на працягу многіх стагоддзяў. Кітайцы верылі, што грукат феерверкаў і петард адпужвае злых духаў і прыцягвае багацце. Таму ніводнае свята ці іншая буйная падзея не абыходзіцца без феерверкаў, петардаў ды хлапушак.


Але з-за праблем з экалогіяй кітайскія ўлады вымушаны перыядычна забараняць піратэхніку.


Раней строгая забарона на святочную піратэхніку існавала ў Пекіне на працягу 12 гадоў. Толькі ў верасні 2005-га сталічны муніцыпалітэт прыняў рашэнне аб адмене той забароны, бо старажытныя традыцыі кітайскай нацыі нельга цалкам выкараняць. Зараз пекінцам дазволена запускаць феерверкі і ўзрываць хлапушкі ў дні кітайскага Новага года і ў іншыя вялікія святы, але толькі ў пэўных месцах, удалечыні ад высокіх будынкаў і гістарычных помнікаў.

Тым не менш, у Пекіне і іншых раёнах Паўночнага Кітая з сярэдзіны лістапада 2015 практычна штодзённа адзначаецца перавышэнне нормаў забруджанасці паветра. У сталіцы ў снежні два разы абвяшчалі самы высокі — чырвоны —  узровень экалагічнай трывогі і некалі разоў уводзілі іншыя падвышаныя ўзроўні экалагічнай небяспекі ў сувязі з моцным смогам.

З 1 студзеня такая забарона пачала дзейнічаць у межах колавай аўтамагістралі ўсходнекітайскага мегаполіса Шанхай і ў сталіцы правінцыі Хэнань гораду Чжэнчжоў, паведамляе БЕЛТА. За парушэнне прадугледжаны штрафы: 100 юаней ($15,4) у Шанхаі і 500 юаней ($77).
Забараняецца як выкарыстоўваць піратэхніку, так і вырабляць, гандляваць ды захоўваць яе.

Дарэчы, Кітай — не адзіная краіна, у якой забараняецца святочная піратэхніка.

Так, у сувязі з тэрарыстычнай пагрозай было прынята рашэнне ў гэтым годзе адмяніць навагоднія святкаванні ды феерверкі, якія традыцыйна адбываюцца ў цэнтры Бруселю на плошчы Брукер.
У сталіцы Украіны Кіеве таксама забаронена святочная піратэхніка да завяршэння антытэрарыстычнай аперацыі ў Данбасе.

Каментаваць