У краіне Рахмона

20-ю гадавіну пры ўладзе ў гэтым годзе святкуе не толькі беларускі, але і таджыкскі гарант — Імамалі Рахмон. Пра рэаліі Таджыкістану і падзеі ў Цэнтральнай Азіі разважае таджыкскі праваабаронца Хайдар Зайдаў.



— Як вядома, апошнія прэзідэнцкія выбары ў Таджыкістане мелі месца ўвосень мінулага года. Адным з галоўных сюрпрызаў кампаніі было абранне ў якасці галоўнага кандыдата ад апазіцыі жанчыны — Айніхол Бабаназаравай. Выбар не незвычайны, у тым ліку таму, што шкілетам таджыкскай апазіцыі з’яўляецца Партыя ісламскага адраджэння Таджыкістану (ПІАТ).

— Іслам не забараняе жанчыне займацца палітыкай або бізнэсам. Можна ўзгадаць шмат жанчын, якія сталі палітычнымі лідарамі ў ісламскіх краінах. У ісламскай тэалогіі ёсць нейкія абмежаванні для жанчын, якія займаюцца публічнымі справамі. Накшталт таго, што жанчыну ў падобных выпадках павінен прадстаўляць мужчына, аднак гэта неабавязкова. Мяркую, што, абіраючы жанчыну ў якасці кандыдата, апазіцыйныя лідары кіраваліся іншым чыннікам. Кандыдатуру жанчыны можна растлумачыць пытаннямі бяспекі. У нас даўно мае месца практыка, калі ўлада жорстка распраўляецца з лідарамі апазіцыі або яскравымі асобамі ў гэтым лагеры. Звычайна, ім прад’яўляюць артыкулы пра кантрабанду наркотыкаў, утрыманне зброі або выкраданне людзей. У той жа час праява нейкага гвалту на адрас жанчыны сярод таджыкаў лічыцца хутчэй знакам слабасці. З’яўленне Айніхол як лідара апазіцыі зблытала ўсе карты ўладзе.

— Цяперашні дзяржаўны лад шмат у чым заснаваны на кампрамісе паміж апазіцыяй і ўладай. Тады, пасля грамадзянскай вайны 1990-х гадоў, была падпісана мірная дамова. Фрагментарна на базе тэксту той жа дамовы пазней была створаная канстытуцыя, у якой асобна гарантуюцца правы ПІАТ, надаецца квота ў парламенце. Чаму зараз лагер апанентаў Рахмона выглядае такім слабым і разгубленым?

— Па-першае, Рахмон падчас тых перамоваў дабіўся, каб правадыры тагачаснай апазіцыі фактычна сышлі з палітыкі. Узнік вакуум лідараў. Па-другое, таджыкі пасля той вайны сталі вельмі цаніць любы мір, і дзеля яго шмат чаго выбачаюць уладзе. Таксама ўсе баяцца, што новы рэжым сапсуе адносіны з Расіяй, дзе працуе шмат таджыкаў. Нарэшце, маргіналізацыі ПІАТ спрыяла тое, што яна фактычна ізаляваная звонку. У той час, як Масква матэрыяльна і вайскова падтрымлівае афіцыйны Душанбе, апазіцыя не мае саюзнікаў і знешняга рэсурсу. Вашынгтон і Еўропа баяцца мець справу з ісламістамі, тым больш, што раней у адной з фракцый ПІАТ былі добрыя адносіны з талібамі.

— Цяпер вельмі папулярна прагназаваць, што будзе ў краінах Цэнтральнай Азіі пасля хуткага сыходу з Афганістану войскаў NАТО? А ваш прагноз які?

— Я аптыміст, і маю надзею, што празаходняя адміністрацыя ў Кабуле ўтрымаецца. У выпадку вяртання да ўлады талібаў не выключана, што яны паспрабуюць атакаваць рэгіён Сярэдняй Азіі. Тым больш, што ў некаторых краінах назіраецца адчужэнне народу ад улады. Перш за ўсё, гэта Узбекістан, дзе галоўную ролю ў апазіцыі гуляюць фундаменталісты. Тут і, дарэчы, у іншых краінах рэгіёну назіраецца масавае расчараванне мадэллю аўтарытарнай свецкай дзяржавы. Яна не здольная вырашаць эканамічныя праблемы і пры гэтым з-за сваёй аўтарытарнай прыроды брутальна лезе ў рэлігійнае жыццё. Нават у часы СССР мячэць так не кантралявалі, як зараз. Тады ўсе ведалі, што мулы супрацоўнічаюць з КДБ, аднак яны выконвалі абрады, як патрабуе канон. Цяпер улада баіцца царквы і намагаецца навязаць ёй свае парадкі. Напрыклад, Рахмон патрабуе прыпыніць вясельныя абрады або традыцыю раздачу ежы пасля абразання. На яго думку, гэта культывуе дух утрыманства. З гэтага года ў нас увялі ўніформу для ўсіх мулаў.

— Як і кожны дыктатар, Рахмон павінен думаць пра пераемніка. Ці ўжо ёсць кандыдатура на пасаду наступнага прэзідэнта?

— Усім вядома, што прэзідэнт хоча зрабіць пераемнікам свайго сына Рустама, якому зараз 21 год. Так здарылася, што калісьці я меў доступ у сям'ю тады яшчэ Рахмонавых, і ведаю асабіста яе чальцоў, у тым ліку Рустама. Ён на маіх вачах вырас з нармальнага хлопчыка ў нейкага самадура, які ў дадатак мае праблемы з алкаголем. Адсюль шмат скандалаў. Усе ведаюць, што Рустам забіў свайго дзядзьку падчас нейкай спрэчкі, хаця афіцыёз сцвярджае, што меў месца няшчасны выпадак на глебе неасцярожнага абыходжання са зброяй. Як бачым, выбар не лепшы. Таму не выключана, што Рахмон застанецца на сваёй пасадзе да канца жыцця. Дарэчы, рэферэндум 2005 года даў яму права “за вялікія заслугі перад таджыкскай нацыяй” быць прэзідэнтам пажыццёва.

— У суседнім Узбекістане, падаецца, таксама назіраецца крызіс перадачы ўлады. 77-гадовы Карымаў не можа назваць пераемніка. У выпадку яго смерці і палітычнага хаосу магчымы варыянт, калі Таджыкістан паспрабуе вярнуць сабе Самарканд і Бухару, якія лічыць сваімі гістарычнымі тэрыторыямі?

— У свой час ПІАТ разам з талібамі, сапраўды, рыхтавала такі паход. Рахмон таксама актыўна падтрымлівае антыўзбекскія настроі. Напрыклад, у таджыкскіх чайханах забаранілі паказваць узбекскія серыялы. У Ташкенце час ад часу ловяць таджыкскіх “агентаў”. На ўзбекскай мяжы ў таджыкаў узбекскага паходжання ёсць прыярытэт — іх прапускаюць без чаргі. Аднак, думаю, што тактыкай дробных уколаў усё і абмяжуецца. Самі ўзбекскія таджыкі будуць супраць “вызвалення”. Недзе напрыканцы 1990-х гадоў яны публічна заклікалі Душанбэ не распальваць істэрыку вакол Самарканда і Бухары, паколькі ў выніку ўзбекскія ўлады пачынаюць скарачаць колькасць таджыкскіх школ. Увогуле, узровень жыцця ва Узбекістане вышэй, і наўрад ці мясцовыя таджыкі пагодзяцца абмяняць яго на перспектыву вяртання ў склад Таджыкістану.

— Анексія Крыму стала нагодай для расіян казаць пра тое, што межы паміж краінамі былога СССР дастаткова штучныя. Ці кажуць пра гэта ў Цэнтральнай Азіі?

— Усе ведаюць, што цяперашнія межы краін Цэнтральнай Азіі былі намаляваны ў 1920–1930-я гады ў Маскве, і часам не зразумела, па якім прынцыпе. Камуністы казалі, што за аснову ўзяты вынікі перапісу насельніцтва па графе “нацыянальнасць”. Аднак, як вядома, гэты былі вельмі спрэчныя перапісы. Так, чамусьці, у выніку аднаго з першых перапісаў не аказалася таджыкаў. Аднак наўрад ці нехта сапраўды захоча перагляду тых межаў. У тым ліку таму, што эліты залежаць ад замежных цэнтраў, якія качаюць адсюль карысныя выкапні і зацікаўленыя ў стабільных пастаўках. Перш за ўсё, гэта Масква і Кітай. Таму змяніць геапалітычны парадак у рэгіёне можа выключна з’яўленне моцнай ісламскай сілы. 

Каментаваць