У Мілане завяршаецца працэс па справе Берлусконі

У Мілане завяршаецца працэс па самай гучнай справе з усіх узбуджаных супраць былога прэм'ер-міністра Італіі Сільвіа Берлусконі. 76-гадовага медыямагната вінавацяць у тым, што ён карыстаўся сэксуальнымі паслугамі непаўналетняй дзяўчыны і злоўжываў службовым становішчам.



Пракуратура патрабуе для былога прэм'ера шэсць гадоў пазбаўлення волі.

Сам Берлусконі сёння ў міланскі трыбунал не прыехаў. Ён знаходзіцца на сваёй віле пад Міланам, дзе, як сцвярджаецца, і праходзілі тыя самыя вечарыны ў стылі «бунго-бунго». Там ён адпачывае са сваёй новай каханкай, якая традыцыйна маладзей 76-гадовага Сільвіа Берлусконі амаль на паўстагоддзя.

Не прыехала ў суд і галоўная гераіня ўсёй гэта грандыёзнай гісторыі, мараканка Рубі. Яна пасля знаёмства з Берлусконі паспела ўжо абзавесціся дзіцём ад іншага мужчыны, жыве ў Генуі і адтуль сочыць за навінамі па тэлевізары.

Паводле матэрыялаў справы, блізкае знаёмства Рубі з Берлусконі адбылося, калі дзяўчыне было ўсяго 16 гадоў. Як сцвярджае пракуратура, яна неаднаразова прыязджала на вілу Берлусконі для ўдзелу ў оргіях. На той момант мараканская красуня была непаўналетняй, а сувязь з асобамі, якія не дасягнулі паўналецця, лічыцца ў Італіі злачынствам.

 

Таксама Берлусконі вінавацяць яшчэ і ў тым, што ён спрабаваў схаваць гэта злачынства. У суме яму пагражае да шасці гадоў пазбаўленні волі і пажыццёвае пазбаўленне права займаць дзяржаўныя пасады. Суд агулам доўжыўся амаль тры гады. У працэсе бралі ўдзел шматлікія дзяўчыны, якія расказвалі пра тое, як яны скакалі ў касцюмах зайчыкаў перад Берлусконі. Падобныя сведчанні давала сама Рубі. Потым яна, праўда, пад прысягай адмовілася ад сваіх слоў.

Сёння чакаецца фінал гучнага судовага працэса. Калі прысуд будзе абвінаваўчым, а ён, верагодна, будзе менавіта такім, гэта не значыць, што Сільвіа Берлусконі адразу адправіцца ў турму. У Італіі шмат часу займаюць касацыі і апеляцыі, яны могуць доўжыцца гадамі. Па-другое, у Італіі не прынята садзіць у турму людзей старэйшых за 75 гадоў, калі, вядома, яны не крывавыя забойцы.

Каментаваць