У нас ёсць Папа

Увесь каталіцкі свет рыхтуецца да прызначанай на 1 мая беатыфікацыі Яна Паўла ІІ. Рыхтуюцца і антыклерыкалы. 15 красавіка ў сусветны пракат выходзіць антыпапская камедыя «Habemus papam» (лац.: «Маем Папу» або «У нас ёсць Папа»).



Увесь каталіцкі свет рыхтуецца да прызначанай на 1 мая беатыфікацыі Яна Паўла ІІ. Рыхтуюцца і антыклерыкалы. 15 красавіка ў сусветны пракат выходзіць антыпапская камедыя «Habemus papam» (лац.: «Маем Папу» або «У нас ёсць Папа»).

Праўда, стваральнікі стужкі (рэжысёр Нані Марэці) упарта кажуць, што фільм непасрэдна ніякім чынам не звязаны з фігурай Папы Яна Паўла ІІ. Стваральнікі «Habemus papam» быццам мелі намер адлюстраваць актуальную праблему крызісу даверу паміж Касцёлам і вернікамі. Акрамя таго, яны не хаваюць, што проста жадалі зарабіць грошы на істэрыцы вакол беатыфікацыі. Сапраўды, тэма Папы гэтай вясной — залатая жыла. Відавочна, што засілле рэлігійнай тэматыкі ў СМІ выкліча сярод пэўных груп насельніцтва запыт на нешта альтэрнатыўнае. Тым больш, яны не пройдуць міма афішаў з абвесткамі, што ў свет выйшла ці не першая ў гісторыі камедыя пра Папу.

«Habemus papam» — гэта аповесць пра аднаго кардынала, які дзякуючы выпадковым акалічнасцям (у тым ліку амбіцыям свайго дарадчыка) нечакана абіраецца лідарам католікаў усяго свету. Аднак праз нейкі час знаходжання на Святым троне ў новага Папы губляецца інтарэс да сваёй місіі. Ён упадае ў глыбокую дэпрэсію, забывае пра свае прафесійныя абавязкі. Асабісты крызіс Папы дэзарганізуе жыццё не толькі Ватыкану, аднак і каталіцкай грамады ва ўсім свеце.

На дапамогу зноў прыходзіць дарадчык, якога згуляў выдатны польскі артыст Ежы Оскар Штур. Клерку даводзіцца прыдумаць нешта экстраардынарнае, каб удыхнуць у пантыфіка новыя сілы і веру ў значнасць сваёй працы. Адным словам, як кажа рэжысёр, гэта фільм пра духоўны крызіс мужчыны сталага ўзросту, які вымушан выконваць нецікавую яму працу і шукае сродкі тэрапіі.

Аднак мала хто верыць у тое, што «Habemus papam» з’явіўся на свет толькі таму, што Марэці вырашыў пакапацца ў праблемах духоўнага крызісу сталых мужчын або захацеў трохі абагаціцца за кошт ватыканскай тэматыкі.

Пра правакацыйны характар фільму гаворыць ужо прозвішча рэжысёра. Марэці нарадзіўся ў 1953 годзе ў сям’і настаўнікаў. У 1973-м зняў свой першы кароткаметражны фільм. Ужо другі яго поўнаметражны фільм трапіў у Каны і атрымаў Залатую пальмавую галінку. Рэжысёр таксама мае Срэбнага мядзведзя — прыз Берлінскага кінафестывалю. Яшчэ адно захапленне Марэці — воднае пола. Ён гуляе за каманду другой лігі італьянскага чэмпіянату.

Нарэшце, Марэці — перакананы лявак. Ён з’яўляецца адным з самых вядомых арганізатараў кампаніі супраць Берлусконі і нават зняў стужку «Kajman», скіраваную супраць прэм’ера. Наўрад ці заўзяты левы актывіст Марэці пажадаў зняць фільм пра Папу, не маючы намеру падарваць аўтарытэт Касцёла.

Акрамя таго, Марэці знайшоў на галоўную ролю акцёра, які знешне вельмі падобны на Папу Яна Паўла ІІ (яго згуляў француз Мішэль Пікалі). Персанаж Мішэля Пікалі на экране шмат у чым нагадвае Караля Вайтылу ў жыцці. Напрыклад, яны абодва захапляюцца тэатральным мастацтвам. Ежы Штур у якасці дарадчыка Святога айца паміж волі выклікае аналогіі з палякам Станіславам Дзівішам — сакратаром Яна Паўла ІІ.

Сыходзячы з падобных асацыяцый, інтарэс публікі да новага фільму ў дні, калі ўсе будуць казаць выключна пра Яна Паўла ІІ, папросту гарантаваны.

Гэта можа выклікаць скандал нават у краінах, дзе жанр антыклерыкальнага мастацтва дастаткова стары і вядомы.

Брытанская «Guardian» лічыць, што фільм Марэці — самае апошняе з таго, што патрэбна зараз Папе Бенедыкту. І не толькі таму, што кінатвор здольны нанесці ўдар па аўтарытэту Касцёла — самыя смешныя сцэны, як пішуць кінакрытыкі, звязаныя з побытам кардыналаў. Персанаж Мішэля Пікалі нагадвае не толькі Вайтылу, аднак і Ёзэфа Алаіза Ратцынгера, сённяшняга Папу. Як і галоўны герой стужкі, Ёзэф да таго, як стаць Папам, быў вельмі абыякавым у сваіх амбіцыях, лічыў, што папскі пасад — не ягонае прызначэнне.

Яшчэ больш можа абурыцца Усход Еўропы, дзе кіруюць клерыкальныя палітыкі. Ужо зараз шмат хто мае сумнеў наконт таго, што фільм Марэці трапіць у польскія кінатэатры. Наўрад ці яго пагодзяцца «круціць» у Славакіі і Харватыі. Зачынены фільму шлях і ў Венгрыю.

Зразумела, што асобна ў спісе краін, дзе праца Марэці будзе нон-грата, стаіць Польшча. Тут асобе Яна Паўла ІІ надае павагу і ліберальная эліта, памятаючы, якую ролю Вайтыла адыграў у працэсах трансфармацыі краіны ад аўтарытарызму да дэмакратыі. Нават без паказу ў кінатэатрах сам факт з’яўлення стужкі, а тым больш удзел у ёй польскага акцёра ўжо зрабіў рэзананс. У лепшым выпадку, шмат для каго гэты фільм — проста нонсенс. У горшым — знявага нацыянальнага гонару, замах на духоўныя каштоўнасці.

Сам Ежы Штур згодны з тым, што праблемы непазбежныя. Аднак лічыць, што рашэнне здымацца ў Марэці было правільным. Кажа, што хацеў бы абараніць права каталіка на сумненне і ўнутраны пошук. Ён лічыць, што фільм прымусіць Касцёл не губляць адчуванне часу. Самае моцны аргумент Ежы — перад тым, як здымаць свой фільм, Марэці даслаў сцэнар у Ватыкан на кансультацыю. Рэакцыя была дастаткова пазітыўная.

Акрамя таго, італьянскі кінематограф любіць гуляць з тонкімі тэмамі і робіць гэта вельмі элегантна. Усе памятаюць, які поспех меў фільм Раберта Беніні «Жыццё цудоўнае», што ў камедыйнай манеры абыграў такую цяжкую праблему, як Халакост.
 

Каментаваць