У пошуках новага стрэлачніка

Тэктанічныя палітычныя рухі ў Паўночнай Афрыцы на вачах мяняюць заходнюю палітычную дыскусію. Галоўнымі ахвярамі Тахрыра сталі еўрапейскія расісцкія і правыя радыкальныя партыі, якія традыцыйна будавалі сваю прапаганду на антыарабскіх лозунгах.

Тэктанічныя палітычныя рухі ў Паўночнай Афрыцы на вачах мяняюць заходнюю палітычную дыскусію. Галоўнымі ахвярамі Тахрыра сталі еўрапейскія расісцкія і правыя радыкальныя партыі, якія традыцыйна будавалі сваю прапаганду на антыарабскіх лозунгах.

Цяперашнюю рэвалюцыю ў Паўночнай Афрыцы часта называюць постісламскай. Яе вядучы актор — моладзь, якая адмаўляецца ад рыторыкі ісламскіх рэвалюцыянераў папярэдніх двух дзесяцігоддзяў. Усход мяняе імідж. Гэта не можа не турбаваць той фланг еўрапейскіх палітыкаў, якія доўгі час састрыгалі купоны на тэме арабскай пагрозы, замбуючы выбаршчыкаў заклінаннем, што кожны араб — ісламскі фанатык.

Масавыя рухі ў Магрыбе, рост сімпатый Еўропы да арабскага свету прымушае радыкальных правых шукаць новыя падыходы. Вынікі гэтых дэбатаў, безумоўна, паўплываюць на выбарчы імідж партый і агульны палітычны працэс.

Самая цікавая дыскусія наконт падзей у Паўночнай Афрыцы мае месца ў Францыі, гістарычна звязанай з краінамі Міжземнага мора.

Так, Марына Ле Пен — старшыня французскай партыі «Нацыянальны фронт» — выкарыстала тэму рэвалюцыі ў Тунісе як рубеж атакі на ўрад Сарказі, які аказаўся «некампетэнтным». Некампетэнтнасць Нікаля, на яе думку, праявілася ў няздольнасці яго адміністрацыі «прызнаць прагу туніскага народа да свабоды». Як вядома, у першыя дні пратэстаў у Тунісе Парыж яскрава сігналізаваў, што выступае супраць адстаўкі Бен Алі.

Але значна арыгінальней была наступная «туніская» заява Марыны. Пасля таго, як Бен Алі збег з Тунісу, ягоны самалёт узяў курс на Францыю. Аднак французскае МЗС адмовілася прыняць экс-дыктатара са спасылкай на пазіцыю туніскай дыяспары. Франтавікі адразу атакавалі Сарказі за тое, што суверэнам у Францыі з’яўляецца не туніская эміграцыя, а французская нацыя.

На цяперашні дзень «Нацыянальны фронт» гуляе ў вельмі тонкую для нацыяналістаў гульню, калі пратэсты арабаў, якія, адпаведна партыйным агіткам, уяўляюць сабою амаль абсалютнае зло, трактуюцца ў пазітыўным свеце. Старшыня «Нацыянальнага фронту» кажа, што ў Тунісе і Егіпце адбываецца пратэст супраць сістэмы, палітычнага істэблішменту, старых партый. Пры гэтым робіцца праекцыя на французскую сітуацыю. На носе прэзідэнцкія выбары, на якіх Марына будзе пазіцыянаваць сябе як антысістэмны палітык. Адсюль такая нечаканая любоў да арабаў. «Абуджэнне народаў становіцца модай, і французы могуць быць наступнымі», — прызналася Марына ў інтэрв’ю аднаму швейцарскаму часопісу.

Пры гэтым нацыяналісты не жадаюць цалкам адмаўляцца ад правераных гадамі антыэмігранцкіх лозунгаў. Так, 25 лютага Марына Ле Пен заклікала еўрапейскія ўлады адпраўляць назад у нейтральныя воды ўсе караблі нелегальных эмігрантаў, якія плывуць з Тунісу. Дарэчы, Марына не адзінокая ў сваіх фобіях наконт магчымай навалы эмігрантаў з краін, дзе перамаглі рэвалюцыі. На старонках правай прэсы актыўна насаджаецца тэрмін «La valise ou le cercueil». Так называлі працэс у посткаланіяльным Алжыры, калі шмат людзей беглі ў Францыю і Еўропу падалей ад рэвалюцыйных рэалій. У лексіконе правых зараз любімае слова «Лампедуза» — транзітны востраў на шляху нелегальных эмігрантаў з Туніса на Апеніны.

Пазіцыя «Нацыянальнага фронту» дастаткова супярэчлівая, асабліва з улікам таго, што дыктатуры ў Лівіі, Тунісе, з аднаго боку, сапраўды душылі «прагу да свабоды», з другога — за грошы ЕС змагаліся з трафікам нелегалаў.

Той факт, што эмігрантаў яны фільтравалі дастаткова эфектыўна, прымусіў шматлікіх правых выступіць у абарону дыктатур. Пры гэтым, натуральна, ніхто не кажа пра тое, што Мубарак быў дыктатарам. Гаворка пра тое, што ён культурна бліжэй егіпецкаму народу, чым удзельнікі пратэстаў. Так, Бернар Люган (Bernard Lugan), адзін з лідараў французскага «Руху за ідэнтычнасць», назваў рэвалюцыю ў Егіпце «катастрофай» егіпецкага народу. На яго думку, да ўлады ў Егіпце рвуцца «гарадскія япі, культурна звязаныя з масавай амерыканскай культурай».

У той жа час аб’ектывы заходніх каналаў не бяруць у фокус «простых людзей». У сваіх каментарах шмат месца адводзіцца феномену «Baltagiya» — атрадам прыхільнікаў Мубарака, якія спантанна ўзніклі ў Каіры ў час пратэстаў і спрабавалі перахапіць ініцыятыву ў яго апанентаў. Па словах Люгана, у Паўночнай Афрыцы мы назіраем парадокс. Сярэдні клас, студэнты, адукаваныя ІТР — людзі, што выходзяць на вуліцы, — сацыяльны прадукт палітыкі эканамічнай мадэрнізацыі, якую запусцілі менавіта Бен Алі і Мубарак.

Ідэі Люгана выклікалі скандал, паколькі ён капае пад яшчэ адзін папулярны правы міф — арабы пагалоўна ісламскія фанатыкі.

Аднак і тут ёсць праблемы. Так, французскія нацыяналісты даўно маюць зуб на Кадафі. У 1984 годзе Францыя і Лівія знаходзіліся фактычна ў стане вайны. Кожная краіна падтрымлівала свае фракцыі ў Чадзе. Калі саюзнікі Кадафі перайшлі ў наступ, на перадавую давялося дасылаць «Міражы» французскіх ВПС. Антылівійскі комплекс аказаўся настолькі моцным, што амаль уся нацыяналістычная прэса Францыі вітала паўстанне супраць палкоўніка, які, па ідэі, з’яўляецца меншым злом, чым непазбежная пасля яго краху ісламская альтэрнатыва.

Аднак не ўсе супраць Кадафі. Еўрапейскія нацыянал-бальшавікі, цэнтр якіх знаходзіцца ў Брусэлі, распаўсюдзілі 17 лютага заклік да абароны лівійскай Джамахірыі. Калі верыць дакументу, мяцеж у Лівіі быў арганізаваны «ісламскімі фашыстамі», якія знайшлі сабе саюзнікаў сярод заходніх імперыялістаў. Прапануецца версія пра тое, што паміж ісламістамі і Захадам існуе ідэалагічны пакт супраць Муамара, які вядомы сваімі сацыялістычнымі настроямі.

Пячэрныя ж антысеміты Еўропы пабачылі ў падзеях у Паўночнай Афрыцы крах праамерыканскіх рэжымаў і зорку новага наступу арабаў на Ізраіль. Карычневыя носяцца з утопіяй стварэння на базе арабскіх нацыянальных дзяржаў адзінага «мусульманскага Рэйху». Яго фюрэры, як пішуць правыя сайты, маюць намер павесці арабскі свет супраць Ізраілю. Калі пражэкт будзе рэалізаваны, Еўропа і Усход змогуць стварыць геапалітычны блок супраць Злучаных Штатаў.

Тэзіс, што паўстанні маюць антыамерыканскую прыроду, не даюць еўрапейскім нацыстам спакою. Нямецкая Нацыянал-дэмакратычная партыя (NPD) пабачыла ў падзеях на плошчы ні што іншае, як «полымя народнай нянавісці супраць лакеяў Вашынгтону, Брусэля і Тэль-Авіва». Не абышлося без праекцый на ўнутрыпалітычнае жыццё Германіі. Цытата з партыйнай заявы: «Федэральны канцлер Ангела Меркель толькі зараз пачала разумець, што прабіў апошні час для праамерыканскіх дыктатараў і ворагаў нацый. Рэха Тунісу і Каіра выклікае гістарычныя змены ў Берліне». Нацыянал-дэмакраты прыдумалі яшчэ адну арыгінальную тэорыю, адпаведна якой грошы нямецкіх падаткаплацельшчыкаў ішлі на ўтрыманне праамерыканскіх «сукіных сыноў» у арабскім свеце.

Цікавыя пасажы тэкстаў правых, у якіх спрабуюць параўноўваюць сацыяльны стан арабскай і нямецкай моладзі і прыходзіць да высновы, што вялікай розніцы няма. Адсюль патрабаванне глабальнай рэвалюцыі супраць капіталістычнай глабалізацыі. «Шанс такой рэвалюцыі далі апошнія турбуленцыі ў Паўночнай Афрыцы», — гаворыцца ў той жа заяве NPD. Заканчваецца дакумент феерычна: «Афрыку — афрыканцам. Германію — немцам».

Каша ў галовах лідараў і тэарэтыкаў правых партый дазваляе казаць пра некаторую эрозію ў грамадстве ксенафобскіх міфаў наконт мусульман, што ў сваю чаргу разбурае ідэнтычнасць правых радыкалаў. Аднак хаваць правых рана. У мазгах іх палітычных апанентаў падзеі ў Паўночнай Афрыцы выклікалі не меншы хаос і анархію.
 

Каментаваць