У Расіі санкцыйныя прадукты знішчаюць хлорам, каб людзі не забіралі ацалелыя рэшткі

У Калінінградскай вобласці знішчылі 4,5 тоны санкцыйнага мяса ў адмысловым кантэйнеры з хлорным растворам.



На адным з палігонаў Баграціёнаўскага раёна было знішчана 4,5 тоны мясных прадуктаў, якія трапілі пад санкцыі. Мікалай Самойлаў, дырэктар прадпрыемства, на якое падвезлі мяса, прызнаўся, што загадзя быў выраблены квадратны кантэйнер, у якім прадукты залілі хлорнай вапнай.

Па словах кіраўніка прадпрыемства па ўтылізацыі, мяса пасля хлоркі ўжо наўрад ці камусьці спадабаецца, таму мясцовых жыхароў, якія хацелі б  пажывіцца з кантэйнера з санкцыйнымі прадуктамі, ён не чакае, піша «Комсомольская правда».

Дзярждума РФ разгледзіць законапраект, паводле якога падпалі пад эмбарга і незаконна ўвезеныя ў Расию прадукты падлягаюць канфіскацыі і пераходу ва ўласнасць дзяржавы. Адпаведны дакумент на разгляд парламентарыям ўнеслі дэпутаты КПРФ на чале з лідэрам партыі Генадзем Зюганавым. Аўтары законапраекта адзначаюць, што знішчэнне санкцыйнай сельгаспрадукцыі — залішняя мера.

Яны прапанавалі перадаваць прадукты малазабяспечаным, сацыяльна неабароненым і пацярпелым ад стыхійных бедстваў грамадзянам. Такія тавары могуць быць таксама перададзеныя ў якасці гуманітарнай дапамогі замежным дзяржавам.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць