У шэрагах тэрарыстаў ДНР і ЛНР ідуць узброеныя «разборкі»

Паводле інфармацыі СМІ, адзін з лідэраў тэрарыстычнай арганізацыі «ДНР» Павел Губараў трапіў у засаду. Аўтамабіль Паўла Губарава абстралялі невядомыя, і ён у цяжкім стане быў дастаўлены ў адну з растоўскіх бальніц.



Паведамляецца, што замах на Губарава адбыўся на тэрыторыі, падкантрольнай баявікам, на трасе Данецк — Растоў-на-Доне. Губараў ехаў у аўтамабілі, па якім невядомыя адкрылі агонь. У выніку аўтамабіль з’ехаў на абочыну і ўрэзаўся ў слуп, піша Ліга.net.

Паводле інфармацыі СМІ, Губараў ў цяжкім стане быў дастаўлены ў адну з растоўскіх бальніц і знаходзіцца без прытомнасці.

Як паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook 13 кастрычніка кіраўнік групы «Інфармацыйны супраціў» Дзмітрый Тымчук, у «ДНР» зафіксаваны напад падраздзялення баевікоў, падпарадкаваных важаку тэрарыстаў Ігару Безлеру («Бесу») на «перадвыбарчы штаб» цяперашняга «прэм’ера ДНР» Аляксандра Захарчанкі.

Акрамя таго, па дадзеных ІС, кіраўніцтва «ДНР» разаслала прадпісанне камандзірам сваіх падраздзяленняў з патрабаваннем «павысіць мабільнасць» груп баевікоў за кошт іх аснашчэння аўтатранспартам. «Павышэнне мабільнасці» адбываецца за кошт канфіскаванага ў насельніцтва асабістага аўтатранспарту», — піша Тымчук.

Нагадаем, што ЛНР і ДНР абвесцілі свае «выбары кіраўніцтва», якія павінны адбыцца 2-га лістапада. Аднак, падобна на тое, што пакуль яны і самі не ведаюць, што будзе адбывацца ў гэты дзень, і ці адбудзецца што-небудзь увогуле.

Старшыня Луганскай абласной адміністрацыі Генадзь Маскаль паведаміў, што апалчэнцы так званай ЛНР на кантраляванай імі тэрыторыі пачалі распаўсюджваць улёткі з паведамленнем пра тое, што 2 лістапада ў ЛНР адбудуцца выбары ў органы мясцовага самакіравання, а 9 лістапада — рэферэндум. На галасаванне 9 лістападзе апалчэнцы плануюць вынесці два пытанні: як бачаць жыхары ЛНР сваю будучыню — у складзе Украіны або ў складзе асобнай рэспублікі. «Паколькі выбары і рэферэндум будуць праводзіцца пад дуламі аўтаматаў, іх вынікі прадказаць нескладана», — прыводзіць словы Маскаля rbc.ru.

Між тым, яшчэ раней так званы «Цэнтарвыбаркам ЛНР» прасіў кіраўніцтва «рэспублікі» перанесці дату выбараў на 9 лістапада ў сувязі з неабходнасцю правесці вялікі аб’ём рамонтна-аднаўленчых работ на выбарчых участках у найбольш пацярпелых раёнах.

Каментаваць