У Турыне журналісту з Эфіопіі ўручылі "Залатое пяро Свабоды"

Залатое пяро Свабоды атрымаў эфіопскі журналіст Эскіндэр Нега. Узнагарода была ўручана сёння, 9 чэрвеня, у Турыне (Італія) падчас цырымоніі адкрыцця 66-га Сусветнага газетнага кангрэсу, 21-га Сусветнага форуму рэдактараў і 24 Сусветнага рэкламнага форуму.



Вольны дух і бязлітасная барацьба за свабоду меркаванняў Эскіндэра Негі стала сімвалам барацьбы Эфіопіі за дэмакратыю. За апошнія дзесяць гадоў Эскіндэра семь разоў кідалі ў турму толькі за тое, што ён адстойваў правы чалавека. І зараз Эскіндэр Нега адбывае 18-гадовы тэрмін як “тэрарыст”.

Уручаючы ўзнагароду, прэзідэнт Сусветнага форума рэдактараў Эрык Бьерагер сказаў: "Урад Эфіопіі паспрабаваў прадставіць Эскіндэра Негу як падбухторшчыка, схільнага да распальвання гвалтоўнай рэвалюцыі. Але абапіраючыся на сотні яго артыкулаў, на сведчанні іншых журналістаў і на судовыя дакументы можна пабачыць, што ён заўсёды заклікаў толькі да міра і мірных пераменаў для Эфіопіі. ... Эфіопія звяртаецца да антытэрарыстычнага заканадаўства, каб прымусіць замаўчаць апазіцыю і прэсу. Дазвольце мне ўнесці яснасць: журналістыка не тэрарызм".
 

Узнагароду ад імя сям’і Эскіндэра Негі прымаў шведскі журналіст Martin Schibbye. Ён сказаў: "Мы павінны памятаць, што Эскіндэр Нега мог бы выбраць лёгкае жыццё, ён мог бы выбраць іншую прафесію, але любоў да праўды, да сваёй краіны, да сваіх суграмадзян зрабілі з яго журналіста. Ён разумны і адукаваны чалавек і мог бы выбраць любую краіну. Але ён застаўся. І ён працягваў пісаць. Гэта рашэнне прывяло яго за краты. І не адзін раз. Яго ўпартасць дэманструе нам эталон маральнай мужнасці. І мужнасць гэта адзінае, у чым ён вінаваты".
 

Газеты Эскіндэра Негі Asqual, Satenaw і Menelik былі сярод трынаццаці зачыненых выданняў пасля выбараў 2005 года. Пасля тых выбараў шмат лідараў апазіцыі, актывістаў і журналістаў былі заключаны ў турму, а Нега і яго жонка Серкалем Фазіль (таксама вядомы выдавец газет), былі сярод тых, каго абвінацілі ў дзяржаўнай здрадзе. Пара правяла сямнаццаць месяцаў у турме.
 

Пасля вызвалення, Эскіндэр Нега працягваў пісаць. У пачатку арабскага паўстання ў 2011 годзе, яму пагражалі турмой і нават смяротным пакараннем. Толькі таму, што журналіст пісаў пра тое, што падзеі, якія адбываліся ў Егіпце, Тунісе і ў іншых краінах арабскага свету могуць паўтарыцца ў Эфіопіі, калі рэжым адмовіцца праводзіць рэформы.

 

За пяць дзён да свайго апошняга арышту Эскіндэр Нега апублікаваў артыкул, у якім заклікаў улады спыніць пераслед іншадумцаў і распавёў пра жудасныя ўмовы іх утрымання ў турмах. Пасля гэтага 14 верасня 2011 года яго зноў кінулі за краты.

"Залатое пяро Свабоды" — штогадовая прэміі за свабоду друку Сусветнай асацыяцыі выдаўцоў (WAN-IFRA). Больш падрабязна пра Залатое пяро Свабоды можна прачытаць тут.

Каментаваць