У Верхняй Аўстрыі сірыйскія мігранты ўмацавалі пазіцыі правых

Учора адбыліся выбары не толькі ў Каталоніі, але і ў Верхняй Аўстрыі.



Герб Верхняй Аўстрыі


Калі вынікі выбараў у Каталоніі трактуюцца па-рознаму (прыхільнікі незалежнасці атрымалі большасць месцаў у парламенце, але не ўзялі абсалютную большасць галасоў выбаршчыкаў), дык вынікі выбараў у Верхняй Аўстрыі сайт Сацыял-дэмакратычнай партыі Аўстрыі падае пад загалоўкам “Schmerzliche Verluste» (“Балючы пройгрыш”, “Балючая страта”). А польская "Rzeczpospolita" дала навіне з Аўстрыі загаловак-каментар “Bardzo dobry wynik wyborczy skrajnie prawicowej FPOe z powodu migrantów” (“Вельмі добры выбарчы вынік крайне правай ПСА з прычыны мігрантаў”.

Нагадаю: калі пачалася масавая міграцыя, вітаць мігрантаў выйшлі 20 тысяч жыхароў Вены. Гэта было паказана ў еўрапейскіх СМІ як праява добрай волі ці не большасці аўстрыйцаў. Толькі скептыкі пыталіся: чаму не 200 000?

І вось у Верхняй Аўстрыі (сталіца — г. Лінц) адбыліся зямельныя выбары.

Народная партыя Аўстрыі (хадэкі) набрала 35,9% галасоў. За ёю ідзе крайняя правая Партыя свабоды Аўстрыі (31,1%). Сацыял-дэмакраты атрымалі ганебныя 18,3%, зялёныя — 10,3%, а лібералы з NEOS — (Das Neue Österreich und Liberales Forum — "Новая Аўстрыя" і "Ліберальны форум") — у зямельны парламент не прайшлі (3,6%).

Трэба дадаць, што хадэкі страцілі ў параўнанні з папярэднімі выбарамі 10,39% выбаршчыкаў, а эсдэкі — 15,07%.

Затое Партыя свабоды павялічыла свой электарат на 18,37%. Удалося ўмацаваць свае пазіцыі і зялёным — на1,14%.

Па выніках выбараў 2009 г. Верхняй Аўстрыяй кіруе чорна-зялёная кааліцыя. Цяпер гэтая кааліцыя губляе большасць у 56-асабовым ландтагу. У яе толькі 27 месцаў (21 — у чорных і 6 — у зялёных). Хадэкам давядзецца дамаўляцца або пра кааліцыю з эсдэкамі (11 мандатаў), або пра шырокую кааліцыю (хадэкі, эсдэкі і зялёныя).

Каментаваць