Уга нумар два

Учора ў Беларусь прыехаў Рафаэль Карэа, якога называюць пераемнікам Уга Чавеса на пасадзе лідара лацінаамерыканскіх левых. Імя Карэа шмат для каго — сінонім стабільнасці. Стабільнасці, якая трымаецца на адной асобе.



Нягледзячы на тое, што Рафаэль Карэа ўзначальвае Эквадор з 2006 года, па сапраўднаму яго палітычная зорка пачала ўзыходзіць толькі зараз. Доўгі час Рафаэль знаходзіўся ў ценю Уга Чавеса. Смерць апошняга выклікала нефармальнае спаборніцтва за сімвалічны статус новага лідара лацінаамерыканскіх левых. Прэса піша, што Карэа тут яўны фаварыт на фоне іншых прэтэндэнтаў — балівійца Эва Маралеса і ўругвайца Хасэ Мухіка Кардана.

Карэа спраўджвае чаканні тых, хто бачыць у ім новага месію. Яго рашэнне даць прытулак Джуліяну Асанджу ў эквадорскай амбасадзе ў Лондане — выклік на адрас ЗША. Хаця эпізод з заснавальнікам «Wikileaks» — далёка не першы гучны канфлікт паміж Кіта (сталіца Эквадора) і Вашынгтонам. Раней, у 2008-м, Карэа адмовіўся плаціць амерыканцам доўг памерам у 3,6 мільярда долараў, заявіўшы, што гэтая пазыка нелегітымная.

Такіх крокаў, здавалася, менш за ўсё трэба было чакаць ад чалавека, які добра ведае ЗША (Карэа вучыўся ва ўніверсітэце штату Ілінойс) і, адпаведна, пазбаўлены папулярных у Лацінскай Амерыцы забабонаў супраць грынга. Тым больш, што дзякуючы дыпломам заходніх універсітэтаў і ступені доктара эканамічных навук малады Рафаэль (ён нарадзіўся ў 1963 годзе) так лёгка трапіў у палітычную эліту пасля вяртання дадому ў 2005 годзе. Яму далі пасаду міністра эканомікі, што дазволіла выйсці ў публічную палітыку і змагацца за ўладу на выбарах 2006-га.

Свайму фенаменальнаму ўзлёту на пасаду кіраўніка дзяржавы Рафаэль абавязаны шэрагу момантаў. Перш за ўсё, дзяжурнаму дэфолту нацыянальнай валюты, які адбыўся напярэдадні выбараў. У пошуках альтэрнатывы ліберальнаму эканамічнаму курсу шмат хто глядзеў на ўсход, дзе знаходзіцца Венесуэла. Там Чавес праводзіў шырокія сацыяльныя рэформы, якія выклікалі энтузіязм сярод простых эквадорцаў. Па сутнасці, пераможцам на прэзідэнцкіх выбарах павінен быў стаць той, хто лепш за іншых паабяцае імпартаваць у Эквадор мадэль Чавеса. Перамог Карэа, які не падмануў свайго выбаршчыка.

Ва ўчынках яго адміністрацыі можна знайсці шмат з таго, што было раней абкатана ў Венесуэле. Пачаць можна з асноў эканамічнай палітыкі: вялізарныя інвестыцыі ў сацыяльны сектар за кошт пераразмеркавання прыбыткаў з нафты, якія фармуюцца праз новыя больш высокія падаткі для нафтавых кампаній. Паводле разлікаў ВВС, сёння на школы, шпіталі, аўтастрады, інфраструктуру ідзе каля 40 працэнтаў бюджэту. У дадатак бедная праслойка насельніцтва (каля двух мільёнаў чалавек) атрымлівае ад дзяржавы штомесяц 50 долараў ЗША ў якасці падтрымкі. У выніку за 4 апошніх года ў краіне створаная каля ста тысяч працоўных месцаў. Колькасць беднага насельніцтва з 2006 года скарацілася з 38 працэнтаў да 26-ці. Усё гэта, безумоўна, адлюстравалася на рэйтынгу прэзідэнта. Хаця эканамісты скептычна ставяцца да гэтых прарываў, звяртаючы ўвагу на тое, што 89 працэнтаў ВУП складае нафтавая рэнта.

Як не дзіўна, Карэа падтрымлівае і частка бізнэсу. Прычына не толькі ў тым, што рост сярэдняй класы выклікае рост попыту на ўнутраным рынку. Прыходу Рафаэля Карэа ва ўладу папярэднічала эпоха сапраўднай палітычнай анархіі. За дзесяцігоддзе ў краіне змянілася сем прэзідэнтаў.

Таму імя Карэа шмат для каго — сінонім стабільнасці. Праўда, стабільнасці, якая трымаецца на адной асобе, ёсць свае відавочныя мінусы. Як калісьці ў Венесуэле, апошнім часам мы бачым у Эквадоры імклівы працэс персаналізацыі ўлады. У 2008 годзе Карэа падкарэктаваў канстытуцыю на рэферэндуме (яго падтрымала 65 працэнтаў), каб дабіцца права абірацца на пасаду прэзідэнта колькі заўгодна разоў. Наступныя выбары ў лютым гэтага года ён зноў выйграў (67 працэнтаў), што яшчэ больш замацавала яго асабісты культ і выклікала яшчэ больш прагнозаў наконт таго, што Эквадор можа чакаць лёс Венесуэлы. У Венесуэлы, дзе ўсё трымалася на асобе Чавеса, пасля яго смерці палітычная сістэма дасюль вельмі не стабільная. Праўда, усе міжнародныя арганізацыі пагаджаюцца, што выбары ў Эквадоры праходзяць без фальсіфікацый.

Ліберальная апазіцыя пакуль, здаецца, не знайшла эфектыўных рэцэптаў барацьбы з Карэа. Інакш бы галоўнымі праціўнікамі прэзідэнта былі б не апазіцыйныя партыі, а прыватныя СМІ, якія кантралююць медыя-рынак. Карэа неаднаразова спрачаўся з рознымі выданнямі. У 2011 годзе разборка прэзідэнта з самым старым у краіне выданнем «El Universo» закончылася турэмным тэрмінам для трох супрацоўнікаў рэдакцыі. Паводле асацыяцыі «Reporters Without Borders», у мінулым годзе ў Эквадоры за крытыку ўладаў былі зачыненыя 12 СМІ, галоўным чынам FM-радыёстанцыі. Дарэчы, з-за таго, што Пекін моцна падтрымлівае Кіта, апазіцыянеры любяць выкарыстоўваць антыкітайскія лозунгі.

Увогуле, толькі адзін раз у 2010 годзе Карэа сапраўды маглі пазбавіць пасады. І зрабіць гэта намагаліся яго чыноўнікі і сілавікі, якім ён скараціў льготы. Паліцэйскія спрабавалі арыштаваць прэзідэнта, аднак верныя яму часткі навялі парадак.

У медыйнай палітыцы Рафаэля Карэа таксама шмат ад Чавеса. Як і Чавес Рафаэль мае сваё тыднёвае шоў на тэлебачанні, у якім дае прыкурыць імперыялістам і іх пятай калоне. Праўда, трэба прызнаць, што рыторыка Карэа менш агрэсіўная, чым у нябожчыка Уга. Вядома, што Карэа — заўзяты вернік і патрабуе, каб яго называлі не марксістам, а хрысціянскім сацыялістам.

Асацыяцыі паміж Чавесам і Карэа можна працягнуць і ў індзейскім пытанні. Карэа заваяваў папулярнасць сярод індзейцаў таму, што ён адзіны сярод раскручаных палітыкаў размаўляе на кечуа (адна з моваў мясцовых індзейцаў). Пасля прыходу да ўлады ён зрабіў кечуа афіцыйнай мовай.

А вось чым дакладна Карэа адрозніваецца ад Чавеса — дык гэта маштабам поглядаў. Рафаэлю яўна не хапае такога валюнтарызму, размаху думкі, які быў характэрны для Уга. Той думаў глабальнымі катэгорыямі, і нават прыдумаў цэлае вучэнні «баліварыянства» і «сацыялізм у ХХІ стагоддзі». Карэа больш сціплы ў сваіх амбіцыях, аднак статус нефармальнага лідара лацінаамерыканскіх левых патрабуе ад яго больш левых і антыімперыялістычных ініцыятыў, у тым ліку на міжнароднай арэне. У гэтым плане візіт Карэа ў Мінск выглядае інтрыгуючым. Лукашэнка і Карэа не любяць Злучаныя Штаты і могуць заявіць нешта вельмі рэзананснае. 

Каментаваць