Украіна будзе караць за хатні гвалт турмой

Вярхоўная Рада Украіны прагаласавала за прыняцце законапраекта аб прадухіленні хатняга гвалту. Дакумент падтрымаў 241 народны дэпутат, паведамляе «Радыё Свабода».

Згодна з тлумачальнай запіскай, законапраект уводзіць у дзеянне палажэнні канвенцыі Рады Еўропы аб папярэджанні гвалту ў адносінах да жанчын і хатняга гвалту ды барацьбу з гэтымі з’явамі.

Законапраект, у прыватнасці, уводзіць тэрмін «хатні гвалт», які караецца грамадскімі працамі на тэрмін ад 150 да 240 гадзін, арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.

Дакумент таксама дапаўняе Крымінальны кодэкс Украіны артыкулам пра «прымус да шлюбу» і ўводзіць пакаранне за гэтае правапарушэнне ў форме арышту на тэрмін да шасці месяцаў, абмежавання волі на тэрмін да трох гадоў або пазбаўлення волі на аналагічны тэрмін.

У выпадку падпісання законапраекту прэзідэнтам Украіны дакумент уступіць у сілу праз год з дня яго апублікавання.

Канвенцыя Рады Еўропы аб папярэджанні гвалту ў адносінах да жанчын (вядомая таксама пад назвай Стамбульскай канвенцыі) была прынятая ў 2011 годзе. Беларусь, якая не належыць да Рады Еўропы, не з’яўляецца падпісантам гэтай канвенцыі.

 

Каментаваць