Украіна не прызнае новы склад Дзярждумы Расіі

Вярхоўная Рада Украіны не прызнае выбары ў Крыме, і наогул адмаўляе ў легітымнасці ўсяму складу Дзярждумы Расіі. Рада пастанавіла, што выбары ў Расіі нелегітымныя.
Фота: Корреспондент.net

Фота: Корреспондент.net




Вярхоўная Рада Украіны зацвердзіла пастанову аб выбарах у Дзяржаўную думу Расійскай Федэрацыі, якія прайшлі 18 верасня, у тым ліку і на тэрыторыі Крыма. Адпаведнае рашэнне падтрымалі 264 з 450 народных дэпутатаў у аўторак, 20 верасня, паведамляе Корреспондент.net.

У тэксце пастановы Вярхоўная Рада вырашыла "не прызнаваць легітымнасць выбараў у Дзяржаўную Думу Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі сёмага склікання, іх вынікаў і юрыдычных наступстваў, і, адпаведна, складу, паўнамоцтваў, актаў і рашэнняў Дзяржаўнай Думы Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі сёмага склікання".

Праект пастановы быў падрыхтаваны і ўнесены лідарам фракцыі "Народны фронт" Максімам Бурбаком. Разам з тым дэпутат ад "Народнага фронту" Таццяна Чарнавол у кулуарах Рады сказала, што пастанова, ініцыяваная яе калегамі па фракцыі, "не будзе мець ніякіх практычных наступстваў", адзначае ВВС.

Украінскі парламент таксама звяртаецца да Рады Бяспекі і Генеральнай Асамблеі ААН, парламентаў замежных дзяржаў, парламенцкіх асамблей і міжнародных арганізацый з заклікам не прызнаваць легітымнасць выбараў у Дзярждуму Расіі і складу сёмага склікання.

Кіраўнік дэпартамента палітыкі і камунікацый МЗС Украіны Аляксей Макееў заявіў, што "меседж" пастановы аб непрызнанні расійскай Дзярждумы будзе данесены да ўсіх замежных сталіц. "Мы будзем выкарыстоўваць гэтую заяву для таго, каб узмацніць нашу пазіцыю на перамовах", — цытуе словы  ўкраінскага дыпламата ВВС.

Рада заяўляе, што правядзенне выбараў РФ у Крыме з'яўляецца парушэннем Канстытуцыі і заканадаўства Украіны, асноўных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права, Статута ААН, Хельсінкскага Заключнага акта, Будапешцкага мемарандума 1994 года, Рэзалюцыі Генеральнай асамблеі ААН аб тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны № 68/262, прынятай 27 сакавіка 2014 года на 68-й сесіі Генасамблеі ААН, і іншых міжнародна-прававых актаў.

Нагадаем, Еўрапейскі Саюз не лічыць выбары, якія прайшлі ў нядзелю ў анексаваным Расіяй Крыме, легітымнымі. Пра гэта заявіла прадстаўнік галоўнага еўрапейскага дыпламата Федэрыка Магерыні 20 верасня. Аналагічнай пазіцыі прытрымліваецца і Дзярждэпартамент ЗША.  


Каментаваць