Украіна. Рада не лічыць рускія тэлеперадачы еўрапейскімі

Вярхоўная Рада прыняла рашэнне аб выключэнні расійскіх тэлеперадач з пераліку еўрапейскіх. Пра гэта паведамляе карэспандэнт выдання "Гардон".

Фото: rada.gov.ua

 

За адпаведныя змены ў закон №2766 прагаласавалі 229 народных дэпутатаў.

 

У тлумачальнай запісцы адзначаецца, што еўрапейскай не можа лічыцца тэлеперадача вытворчасці краіны, якая прызнана Вярхоўнай Радай агрэсарам або акупантам.

 

Законам таксама прадугледжана, што перадачы еўрапейскай вытворчасці, а таксама ЗША і Канады, павінны складаць не менш за 70% штотыднёвага аб'ёму вяшчання, у тым ліку не менш за 50% павінны складаць перадачы ўкраінскай вытворчасці.

 

Ва Украіне забароненыя большасць фільмаў, якія былі зроблены ў РФ пасля 2014 года.

 

11 лютага Нацсавет паведаміў пра забарону чарговых 15 расійскіх тэлеканалаў. Асноўнымі прычынамі забароны сталі парушэнні тэлеканаламі заканадаўства ў частцы нацыянальнай бяспекі і заканадаўства аб рэкламе. У прыватнасці, у эфіры тэлеканалаў былі паказаныя людзі, што ўваходзяць у пералік асоб, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспекі Украіны, а таксама забароненая рэклама.

 

Большасць расійскіх тэлеканалаў былі забароненыя ва Украіне яшчэ ў 2014 годзе, адразу пасля анексіі Крыма і пачатку баявых дзеянняў на Данбасе. Тады пад забарону трапілі 14 каналаў, у тым ліку "Первый канал. Всемирная сеть", "Россия 24", LifeNews, "Россия 1", НТВ, "Звезда".



Каментаваць