Украіна страціла каля $ 100 млрд праз далучэнне Крыму да Расеі і вайну на Данбасе

Пра гэта гаворыцца ў даследаванні «Atlantic Council» «Крамлёўская агрэсія ва Украіне: цэннік», якое прэзентавалі ва Украінскім крызісным медыя-цэнтры.
Алан Райлі, навуковы супрацоўнік Eurasia Center, Atlantic Council

Алан Райлі, навуковы супрацоўнік Eurasia Center, Atlantic Council

«Украіна страціла 100 мільярдаў долараў пасля расейскай агрэсіі ў Крыме і на ўсходзе краіны. Расея нясе поўную юрыдычную адказнасць за гэтую частку тэрыторыі Украіны», – гаворыцца ў даследаванні.

Асноўнымі матэрыяльнымі стратамі Украіны сталі зямля, энергетычныя актывы, банкі, бізнес-прадпрыемства і жыллё.

У даследаванні адзначаецца, што кошт 1,4 млн гектараў крымскай зямлі ацэньваецца ў $ 1,8 млрд. Украінскія банкі страцілі актывы ў крымскіх філіялах коштам прыкладна $ 1,7 – 1,9 млрд. Яшчэ мільярд долараў украінскія ўлады страцілі праз канфіскацыю Расеяй «Крымэнерго».

У сваю чаргу праз баі на ўсходзе Украіны была разбурана значная частка інфраструктуры, адзначаецца ў дакладзе. Страты, паводле экспертаў, склалі $ 9,5 млрд. Украіна таксама страціла $ 14 млрд праз зніжэнне гандлёвага абароту з Расеяй.

Паводле даследавання, Масква штогод выдаткоўвае $ 2 млрд на Крым, што складае 0,14 % ад ВУП Расеі.

У пачатку траўня міжнародны арбітраж у Гаазе абавязаў Расею кампенсаваць украінскім кампаніям $ 159 млн за парушэнне правоў украінскіх інвестараў пасля далучэння Крыму.


Паводле belsat.eu

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць