Украіна адзначае Дзень памяці ахвяраў Галадамору

Факт генацыду ўкраінскага народу голадам у 1930-х гг. быў афіцыйна прызнаны 24 краінамі свету. Расея ў іх лік не ўваходзіць.



На знак памяці па ахвярах Галадамору ў Кіеве ды іншых украінскіх гарадах праходзяць жалобныя шэсці са свечкамі, людзі ўскладаюць вянкі да памятных знакаў і месцаў пахавання.

На ўсёй тэрыторыі Украіны прыспусцілі дзяржаўныя сцягі, абмежавалі правядзенне забаўляльных імпрэзаў.

Як адзначае Грамадскі камітэт дзеля ўшанавання памяці ахвяраў Галадамору, цяперашнія акцыі ў вялікай ступені прысвечаныя тым людзям, якія рабілі дабро, ратуючы ад голаду суайчыннікаў.

«Гаворка ідзе пра людзей, якія ратавалі іншых ад галоднай смерці: раздавалі хлеб, паілі ды сагравалі. Сярод іх – педагогі, дактары, простыя сяляне, шматдзетныя маці», – гаворыцца ў паведамленні камітэту.

У Дзень памяці ахвяраў Галадамору прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч заявіў: «Наш абавязак – заўсёды несці ў сэрцах памяць пра тыя страшныя падзеі. Мы таксама мусім зрабіць усё для таго, каб не дапусціць гэткай трагедыі ў будучыні».

Гісторыкі сыходзяцца ў меркаванні, што голад у 1932–33 гг. ва Украіне стаў вынікам свядомых дзеянняў савецкіх уладаў. Тады загінулі, паводле розных ацэнак, да 5 млн чалавек, у тым ліку вельмі шмат жанчын і дзяцей.
 

Крыніца: http://belsat.eu/be/wiadomosci/a,11217,ukraina-adznachaie-dzien-pamiatsi-akhviarau-galadamoru.html

Каментаваць