Украіна: Ці магчыма грамадзянская вайна?

Чым больш абвастраецца ўкраінскі палітычны крызіс, тым больш ва ўсіх праяў эмоцый (у тым ліку, на жаль, і ў палітолагаў). Адпаведна, карцінка, якую яны прапануюць, атрымліваецца часцей за ўсё чорна-белай.



Вельмі часта нават каментары асобаў, вядомых у свеце палітычных навук, нагадваюць своеасаблівыя дацзыбао. Напрыклад, дырэктар Інстытуту трансфармацыі грамадства Алег Соскін аналізуе, як трэба здымаць з дахаў дамоў снайпераў Беркуту або перакрываць трасы. Адпаведна, палярныя і ацэнкі прычын эскалацыі, якая мела месца 18 лютага.

Нагадаем, што марш апазіцыі ў бок Вярхоўнай Рады закончыўся сутычкамі, па выніках якіх Беркут атакаваў Майдан.

Апазіцыйныя аналітыкі лічаць, што ва ўсім вінаватая ўлада. Так, Міхаіл Мінакоў, прэзідэнт Фонду якаснай палітыкі, сцвярджае: "18-га лютага Віктар Януковіч з сынамі і бліжэйшым асяроддзем вырашыў «па-хуткаму» ператварыць Майдан у Цяньаньмэнь. Дзеля тактычнага ўзмацнення пазіцый на перамовах з апазіцыяй, ён абраў горшы з магчымых стратэгічных варыянтаў. Горшы і для яго, і для краіны. Адданы навыкам выжывання ў крымінальным асяроддзі, украінскі прэзідэнт не здольны да стратэгічнага мыслення. Па ўсёй бачнасці, сямейны савет рашыўся на крайнія дзеянні дзеля дамінуючай пазіцыі ў перамовах".

А вось каментар ягонага візаві дырэктара Інстытута стратэгічнай палітыкі Юрыя Кочавенкі: «Абсалютна не справакаваны бессэнсоўны чарговы віток гвалту. Яго зараз нават не спрабуюць апраўдаць, кажучы «мянты першыя пачалі». У сённяшніх падзеях тон задаюць экстрэмісты, выкарыстоўваючы любую магчымасць для нагнятання і расхіствання сітуацыі. Для іх гэта лагічна, яны ствараюць спрыяльны для сябе палітычны клімат. А апазіцыйныя лідары не маюць магчымасці, як у пачатку пратэстаў, адмежавацца, назваўшы іх правакатарамі, вымушаныя падладжвацца пад падзеі, робячы выгляд, што ўсё ідзе па плане».

На гэтым кантрастным фоне выдзяляецца тэкст Яўгена Лешана ў інтэрнэт-выданні “Обозреватель”. На яго думку, 18 лютага мела месца ўзаемная правакацыя: “Улада цудоўна ведала пра тое, чым закончыцца спроба штурму. Аднак дапусціла такі сцэнар, каб мець індульгенцыю на разгон Майдана. У сваю чаргу, апазіцыя ведала, што майданаўцы будуць ужываць гвалт, аднак хацела, каб свет пабачыў крывавага Януковіча. Вельмі важна зразумець, што на руках правадыроў украінскай дзяржавы і на руках правадыроў украінскай апазіцыі — ліпкія плямы аднаго і таго ж колеру. Усе яны — творцы адной крывавай правакацыі. І тыя, і другія 18 лютага стрымана пусцілі ў расход людзей — адны для захавання ўлады, другія — для прыходу да ўлады".

Адначасова акрамя дэбатаў наконт таго — хто вінаваты, з’явіліся і іншыя тэмы для абмеркавання. У кантэксце захопу на Захадзе Украіны вайсковых арсеналаў і знішчэння органаў МУС рознага кшталту нацыяналістычнымі парамілітарнымі структурамі, на Усходзе пачала актыўна абмяркоўвацца перспектыва магчымага падзелу Украіны. Папулярны адэскі аглядальнік Леў Вяршынін піша, што цяпер падзел ужо непазбежны. На яго думку, ва Украіне актыўна рэалізуецца лівійскі план, у якім роля Бенгазі (цэнтр паўстання супраць Кадафі) адводзіцца Львову.

Вершынін піша: "У цяперашняй сітуацыі ўсялякія перамовы аб нейкім «палітычным урэгуляванні» перастаюць быць хоць колькі асэнсаванымі, паколькі ад тройкі лузераў, якія сядзяць у Кіеве, ужо нічога не залежыць. Кантроль над падзеямі явачным парадкам пераходзіць да тэрытарыяльных курбашы. Нескладана зразумець, што пры такім раскладзе любыя датэрміновыя выбары губляюць усялякі сэнс, нават і таму, што ні пра якую празрыстасць і законнасць працэдуры ў пяці заходніх абласцях не можа быць і гаворкі. Па сутнасці, першачарговай задачай бягучага моманту ёсць захаваць за сабой Кіеў (ачысціць, пакуль яшчэ магчыма) і замацавацца ў "не заражаных" абласцях, тэрмінова фармуючы групы падтрымкі, увесці надзвычайнае становішча — з правам агню на паразу".

Якія могуць быць напрамкі развіцця падзей? Блізкія да апазіцыі аналітыкі шмат кажуць пра тое, што Януковіч пасля 18 лютага згубіў шанс на тое, каб у будучыні заставацца ўкраінскім лідарам, і так ці інакш яго чакае ганебны фінал. На іх думку, народ ужо ніколі такога не прабачыць.

“Пакуль яшчэ дзеючы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч не пазбегне міжнароднага суда, калі наогул здолее захаваць сваё жыццё ва ўмовах вайны з уласным народам. Мірнага вырашэння канфлікту больш не існуе. Без трыбунала ў Гаазе не абысціся. Украінская ўлада гэта разумее”, — заявіў палітолаг Тарас Беразавец. На яго думку, у такой сітуацыі Януковіч пойдзе на паступовую капітуляцыю перад Крамлём.

А вось палітолаг Уладзімір Стус на партале “Хвіля” лічыць, што кампраміс яшчэ магчымы. Ён бачыць выхад у тэрміновым умяшальніцтве вялікіх дзяржаў: "Калі ЕС, ЗША, РФ, Кітай і іншыя знешнія добразычліўцы, сапраўды, хочуць дабра Украіне, то хопіць праводзіць бясконцыя і непублічныя кансультацыі, якія паступова ператвараюцца ў гандаль пад дыванам. Хопіць спрабаваць, карыстаючыся выпадкамі, распаўсюджваць свой уплыў на ўсю тэрыторыю Украіны. Лепшае, што могуць зрабіць знешнія сябры Украіны, — гэта патрабаваць рашэння ўнутранага крызісу дэмакратычным шляхам і даслаць як мага больш сваіх назіральнікаў на пазачарговыя выбары. Узгадненне даты датэрміновых выбараў здольнае не толькі істотна панізіць градус супрацьстаяння, і тым самым выратаваць дзясяткі жыццяў. Рашэнне ўнутранага крызісу дэмакратычным шляхам здольнае выратаваць і ўкраінскую эканоміку ад развалу і дэфолту. Гэта можа прывесці да ўлады не тэхнічны часовы ўрад, а ўрад з мандатам даверу з боку ўсяго народа Украіны".

Трэба таксама адзначыць і выказванні пра тое, што ніякі палітычнае рашэнне ва Украіне больш немагчымае. Быццам, канфрантацыя перайшла мяжу, за якой пачынаецца ўжо поўны хаос.

"Грамадзянская супольнасць палярызаваная, разрады энергіі ўжо глушаць крыкі з Майдана. Мяркуючы па вопыту папярэдніх спробаў пераваротаў, калі ўлада не скарыстае сілу і не пойдзе да поўнай перамогі, якасны ўзровень збройнага пратэсту вырасце ў абсалютным значэнні. Гэта значыць, сітуацыя маргіналізуюецца яшчэ больш. А наступны этап багаты ўжо разгулам бытавога крыміналу, стрымліваючым фактарам для якога з'яўляецца прысутнасць сілавых структур і падкантрольнасць ім тэрыторыі. Пра гэта не задумваюцца ні тады, калі пакідаюць параненых сілавікоў паміраць, ні тады, калі выкрываюць чужыя аўтамабілі і кватэры", — піша палітолаг Вадзім Адэркас.

Этыка журналіста не дазваляе мне падтрымліваць той ці іншы бок. Аднак у дадзеным выпадку я дазволю сабе выказаць думку. Падаецца, што, хутчэй за ўсё, маюць рацыю песімісты. Па гэта сведчыць тое, што ўпершыню сярод назваў тэматычных блокаў на ўкраінскіх сайтах побач з рознымі там “Надвор’е”, “Спорт”, з’явіўся блок — “Грамадзянская вайна”.

Каментаваць