Украіна. Каму на карысць публікацыя пратаколу з пасяджэння лідараў Еўрамайдана

Кіраўнік Савету нацыянальнай бяспекі Украіны, паводле меркавання палітолагаў, можа стаць наступным прэм’ерам. Нагадаем, што краіна зараз перажывае ўрадавы крызіс. 



У Кабміна Яцанюка няма парламенцкай большасці пасля выхаду з кааліцыі шэрагу партый. Калі на працягу месяца большасць не з’явіцца, трэба абвяшчаць датэрміновыя выбары, што, на думку Парашэнкі, непажадана. Застаецца перафарматаваць кааліцыю пад нейкага іншага палітыка, якім можа стаць Турчынаў.

Пра яго раскрутку ўскосна сведчыць з’яўленне пратакола пасяджэння лідараў Еўрамайдана ад 28 лютага 2014 года. На павестцы дня таго пасяджэння было пытанне, што рабіць з Крымам, дзе ў гэты час з’явіліся «зялёныя чалавечкі» і пачалася паўзуючая анексія. Усе прысутныя, акрамя Турчынава, катэгарычна выступілі супраць абвяшчэння вайсковага становішча, паколькі, на іх думку, гэта магло значыць непасрэдны канфлікт з Масквой.

На думку палітолагаў, на хвалі грамадскага захаплення гераічным учынкам Турчынава, яго і будуць сёння штурхаць у прэм’еры. Усе іншыя фігуранты кампрамату лічаць публікацыю пратакола злачынствам. Па іх словах, гэта толькі фрагменты пратаколу, акрамя таго, ніякай прававой сілы тое галасаванне не мела. Перспектыва прэм’ерства Турчынава, на думку аналітыкаў, будзе значыць рост канфрантацыі з Расіяй, паколькі турчынаўскі імідж — гэта імідж прыхільніка сілавога рашэння пытанняў Крыму і Данбасу. З іншага боку, ён дапаможа Парашэнку, які можа вярнуць сябе статус міратворца.

Каментаваць