Украіна. Раскол у Партыі рэгіёнаў

12 верасня Вышэйшы суд Украіны абавязаў ЦВК пазбавіць дэпутацкага мандата Ігара Маркава — прадстаўніка Партыі рэгіёнаў і аднаго з самых прарасійскіх палітыкаў у Вярхоўнай Радзе.



Ігар Маркаў


Прычына — факты фальсіфікацыі галасавання ў 133-й акрузе ў Адэсе, адкуль абіраўся Маркаў. У прыватнасці, на выбарчых участках выкарыстоўваліся асадкі са знікаючым чарнілам.

Сам Маркаў лічыць, што абвінавачванні ў фальсіфікацыі на выбарах звязаныя з тым, што ён выступае супраць еўраінтэграцыі Украіны і не збіраецца галасаваць за законапраекты, якія спрыяюць падпісанню Дамовы аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам. Адразу пасля судовага рашэння Маркаў заявіў, што канчаткова перайшоў у апазіцыю да існуючага рэжыму.

Самае смешнае, што Маркаў крытыкуе рэжым за парушэнне дэмакратычных нормаў. У сваёй барацьбе супраць Януковіча ён нават гатовы супрацоўнічаць з аранжавымі. Прынамсі, ён выказаў ім падзяку за інфармацыйную падтрымку. Таксама варта адзначыць, што Маркава публічна падтрымала група дэпутатаў з Партыі рэгіёнаў, якія таксама супраць дамовы пра асацыяцыю Украіны і ЕС.

Магчыма, калі справа дойдзе да галасавання па канкрэтных законах наконт асацыяцыі, усё можа скончыцца расколам партыі.

Паводле ўкраінскай прэсы

Каментаваць