Украіна святкуе 23-годдзе Незалежнасці

У 10 гадзін раніцы ў Кіеве пачаўся ваенны парад з удзелам прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі. У ім бяруць удзел паўтары тысячы вайскоўцаў, у прыватнасці — зводны батальён удзельнікаў АТА.



Па цэнтры горада павінны праехаць 49 узораў ваеннай тэхнікі. 
 
 
Як паведамляе карэспандэнт BBC Украіна, на парад прыйшлі тысячы людзей, некаторыя апрануты ў вышыванкі ці трымаюць у руках украінскую сімволіку. 
 
 
У 12:00 у Кіеве пачнецца Усеўкраінскі парад вышыванак, які стартуе на Кантрактовай плошчы, а скончыцца на тэрыторыі запаведніка «Сафія Кіеўская».
 
 
На 22-ую гадзіну запланаваны святочны салют. 
 
 
Ваенны парад пройдзе і ў Адэсе: у прыватнасці, у ім возьмуць удзел больш за 20 караблёў і катэраў ВМС. 
 
 
Раней работнікі амбасады ЗША павіншавалі Украіну з Днём незалежнасці, выканаўшы гімн Украіны на 17 мовах. А прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ ўкраінскай мовай пажадала грамадзянам краіны адзінства і рашучасці на абраным шляху.
 
 

Варта ці не варта? 

 
 
Некаторыя лічаць, што праводзіць парад ва ўмовах ваеннага супрацьстаяння на Усходзе недарэчна. 
 
 
Але ўкраінская ўлада адказвае, што гэта мерапрыемства будзе найперш ушаноўваннем вайскоўцаў, у прыватнасці тых, хто ўдзельнічае ў баявых дзеяннях. 
 
 
Акрамя таго, арганізатары абяцаюць, што адразу пасля параду ўся ваенная тэхніка і частка ваенных адправіцца ў зону АТА. 
 
 
Прарасійскія сепаратысты тым часам адмянілі Дзень Незалежнасці на тэрыторыі так званай «Данецкай народнай рэспублікі» і абвясцілі наступны за ім дзень рабочым (у астатняй Украіне гэта выхадны). 
 
 
Таксама сепаратысты збіраюцца правесці ў нядзелю «антыфашысцкі мітынг».
 
 

Каментаваць