Украіна ў барацьбе з крызісам робіць тое, ад чаго адмовіліся ў Беларусі

Вярхоўная рада Украіны сёння прыняла два рашэнні, скіраваныя на развіццё малога бізнэсу і лібералізацыю валютнага рынку. Дзіўна тое, што абедзьве гэтыя прынятыя прапановы да нядаўняга часу дзейнічалі ў Беларусі, аднак былі скасаваныя ўладамі.



Рада дазволіла прадпрымальнікам з прыбыткам да 1 млн. грн не выкарыстоўваць касавыя апараты. За змены ў Закон “Аб прымяненні рэгістратараў разліковых аперацый у сферы гандлю, грамадскага харчавання і паслуг” N1088 прагаласавала 248 народных дэпутатаў, перадае ЛІГАБізнесІнформ.

Паводле змен, касавыя апараты могуць не выкарыстоўваць плацельшчыкі адзінага падатку, калі іх гадавы даход не перавышае 1 млн грн. У выпадку перавышэння сумы даходу, касавы апарат выкарыстоўваецца з першага чысла першага месяца квартала наступнага за тым, у якім паўстала перавышэнне. У такім выпадку касавы апарат выкарыстоўваецца ў наступныя падатковыя перыяды.

Таксама Вярхоўная Рада забараніла патрабаваць пасведчанне асобы для куплі-продажу замежнай валюты. Як перадае карэспандэнт УНІАН, такая норма змяшчаецца ў Законе “Аб унясенні змяненняў у Закон Украіны “Аб прымяненні рэгістратараў разліковых аперацый у сферы гандлю, грамадскага харчавання і паслуг”, за які прагаласавалі 248 народных дэпутатаў з 346 зарэгістраваных у сесійнай зале.

Раней купіць ці прадаць валюту можна было толькі па пашпарце альбо іншым дакуменце, які пацвярджае асобу.

Варта зазначыць, што чысты продаж (перавышэнне продажу над купляй) валюты насельніцтвам у чэрвені склаў 174 млн долараў, сказаў журналістам дырэктар дэпартамента адкрытых рынкаў Нацыянальнага банка Украіны Сяргей Панамарэнка.

Прадстаўнік НБУ адзначыў, што насельніцтва прадае банкам больш валюты, чым купляе, што сведчыць аб стабілізацыі на наяўным валютным рынку. «За чэрвень банкі набылі ў насельніцтва 214 млн долараў, прадалі — 40 млн долараў, сальда — 174 млн долараў», — сказаў Панамарэнка.

У Беларусі індывідуальных прадпрымальнікаў абавязалі мець касавыя апараты з 2012 года. Зараз прадпрымальнікаў прымушаюць усталёўваць і апараты па абслугоўванні банкаўскіх картак. А пашпарт пры набыцці валюты трэба прад’яўляць з канца 2011 года.

Каментаваць