Украіна ў чаканні выбараў

У нядзелю, 25 кастрычніка, Украіна выбірае органы мясцовага самакіравання. Пра асаблівасці выбарчай кампаніі і яе значэнне для агульнай палітычнай сітуацыі распавядае кіеўскі палітолаг Юрый Палянін.



— У сувязі з адноснай стабілізацыяй сітуацыі на Данбасе, ці змяніўся ў апошні час украінскі палітычны дыскурс або дасюль прыярытэтнай застаецца тэма вайны?

— Сітуацыя вельмі супярэчлівая. Тарыфы на камунальныя паслугі за апошнія два гады выраслі ў чатыры разы, заробак бюджэтнікаў за гэты час не змяніўся, а самі ўкраінскія зарплаты цяпер самыя нізкія у Еўропе. Таму можна пачуць шмат скаргаў на кепскі сацыяльны стан. Аднак у СМІ працягвае круціцца тэма вайны. У прынцыпе, гэта лагічна, сыходзячы з інтарэсаў кіруючай партыі, якая ўплывае на медыяпалітыку. У Парашэнкі і яго лагера мала дасягненняў у эканамічным сектары, і, як следства, тэма вайны дазваляе неяк захаваць твар.

— Цяперашнія выбары адбываюцца па гарачых слядах жнівеньскіх пазатэрміновых выбараў на адной мажарытарнай акрузе ў Чарнігаве, дзе палітыкамі ўжываўся подкуп выбаршчыкаў. «Грэчка» (так называюць подкуп электарату на ўкраінскім палітычны слэнгу) выклікала гнеў грамадства, якое ўбачыла ў гэтым вяртанне эпохі Януковіча. А што на гэтых выбарах?

— «Грэчка» як была, так засталася часткай выбарчых тэхналогій ва Украіне. Просты прыклад — гісторыя з кіеўскім мэрам Віталем Клічко, адміністрацыя якога раздае пенсіянерам па 100 грыўняў. Па словах мэра, сума ў 100 грыўняў не з’яўляецца подкупам. Такіх прыкладаў вельмі шмат. Таксама захавалася практыка зліву кампраматаў, з той толькі розніцай, што цяпер модна выстаўляць апанентаў прыхільнікамі сепаратыстаў. Ад выбараў у часы Януковіча выбары ў постамайданаўскай Украіне адрознівае хіба тое, што ў выбарчых гульнях цяпер удзельнічаюць парамілітарныя структуры, якія працуюць пры выбарчых штабах. Іх задача — надаваць палітыкам патрыятычную афарбоўку і ціснуць на праціўнікаў іх кандыдата.

— Якія шанцы пераабрацца на пасаду кіеўскага мэра ў Віталя Клічко? Хто яго галоўны канкурэнт?

— У Клічко нядрэнныя шансы, таму што амбіцыі мэра маюць яшчэ аж 28 палітыкаў. Гэта значыць, усе галасы супраць Клічко будуць распыленыя. Але ёсць перасцярогі, што ў першым туры ён не набярэ паловы галасоў, каб застацца мэрам, — так патрабуе новая рэдакцыя закона аб мясцовых выбарах. Шмат будзе залежаць ад таго, хто выйдзе ў другі тур і як ён будзе весці кампанію супраць  мэра-баксёра. Справа ў тым, што будучы найбольш папулярным кандыдатам у мэры, Клічко, паводле апытанняў, адначасова з’яўляецца лідарам антырэйтынгу з-за недахопу канкрэтных дасягненняў. Не кажучы пра тое, што ён зусім не Цыцэрон, што прынесла яму інтэрнэт-славу.

— Дзе будзе найбольш гарачая кропка на выбарах 25 кастрычніка?

— Хутчэй за ўсё, у Днепрапятроўску, дзе за крэсла змагаюцца Барыс Філатаў, пратэжэ мясцовага алігарха Ігара Каламойскага, і адыёзны мясцовы экс-рэгіянал Аляксандр Вілкул. Клан Вілкула вядомы па ўсёй краіне сваёй нахабнасцю, гатоўнасцю гуляць на мяжы закона. Задушыць клан не змог нават той жа Каламойскі падчас свайго губернатарства, калі яму як выратавальніку краю ад пагрозы сепаратызму, па-сутнасці, выдалі карт-бланш. У Вілкула і ў тыя няпростыя часы заставаліся кавалкі вобласці, якія кантраляваліся экс-рэгіяналамі. Горача будзе і на Данбасе, дзе выбуханебяспечная сітуацыя: большасць кандыдатаў — гэта людзі алігарха Ахметава, што вельмі не падабаецца добраахвотным батальёнам нацыянальных сіл, якія там знаходзяцца. 

— Якія электаральныя перспектывы ў Апазіцыйнага блока і іншых праектаў, якія ўзніклі на базе былой Партыі рэгіёнаў?

— Не самыя кепскія, што абсалютна адпавядае рэаліям. У майданаўскіх партый на Усходзе і Поўдні няма патрэбнай колькасці кадраў з вопытам адміністратыўнай працы, а іх актывісты не вядомыя насельніцтву, тут іншая палітычная культура. Пасля Еўрамайдану цэлыя вобласці ператварыліся ў аўтаномныя феоды, якімі кіруюць мясцовыя экс-рэгіяналы. Тут паступова складваецца лакальная палітычная сцэна, якая цалкам адрозніваецца ад агульнаўкраінскай. Напрыклад, у Адэсе фаварытам на выбарах лічыцца партструктура «Доверяй делам», назва якой наўрад ці нешта гаворыць тым, хто жыве за межамі гораду. У той жа час кандыдат, якога лабіруе зорка ўкраінскай дэмпрэсы Міхаіл Саакашвілі, не мае і 15 працэнтаў падтрымкі.

— Літаральна напярэдадні выбараў выбухнуў скандал, звязаны з партыяй «Свабода». Партыю, якая была адным з драйвераў пратэстаў на Майдане, ускосна абвінавацілі ў расстрэлах Нябеснай сотні. Ці можна тлумачыць такі замах на майданаўскі міф як спробу перафарматаваць дыскусію апошніх двух гадоў, каб уключыць у праўладны блок пострэгіяналаў?

— Рэгіяналы, калі меркаваць па тым, як яны галасуюць у Вярхоўнай Радзе за заканадаўчыя ініцыятывы Парашэнкі, — даўно ўжо частка праўладнай партыі. Іх непасрэдны ўдзел у складзе ўраду, думаю, магчымы, аднак для гэтага патрэбныя згода звонку і адпаведная піяр-кампанія. Патэнцыйна поспех экс-рэгіяналаў на выбарах 25 кастрычніка можа спрыяць іх рэабілітацыі. У тым ліку таму, што ўсё больш папулярнай у грамадстве становіцца ідэя датэрміновых парламенцкіх выбараў, пасля якіх са складу дэпутацкага корпусу могуць знікнуць не гатовыя да кампрамісаў майданаўцы і камбаты. У прэсе нават называюцца канкрэтныя тэрміны новых выбараў у Вярхоўную Раду — вясна наступнага года.

— Мясцовыя выбары 25 кастрычніка сфармуюць органы самакіравання, якія будуць дзейнічаць паводле закону аб дэцэнтралізацыі, які прайшоў першыя слуханні. У чым галоўная адметнасць новай мадэлі?

— Пра рэформу мясцовага самакіравання кажуць вельмі шмат, аднак яе практычная сутнасць большасці выбаршчыкаў дасюль не зразумелая. Узбуйненне раёнаў, з’яўленне інстытутаў прэфектаў і старастаў, фінансавая аўтаномія мясцовых органаў улады — гэтыя і іншыя змены, якія павінна прынесці рэформа, трактуюцца абсалютна па-рознаму. У дадатак агучваецца думка пра тое, што дэцэнтралізацыя патрэбная Парашэнку, каб неяк праштурхнуць Мінскія пагадненні, якія патрабуюць даць захопленай сепаратыстамі частцы Данбасу аўтаномны статус. Нарэшце, не зразумела, як новы закон будзе працаваць у напалову ваенных умовах, у якіх жыве Украіна.

Каментаваць