Украінцы ўмеюць абвяргаць найгоршыя чаканні

Калі б вы гэтымі днямі вырашылі наведаць Украіну, чаго б вы баяліся? Не ў сэнсе асабістай бяспекі, а як чалавек, які спачувальна сачыў за развіццём падзей цягам апошняга года.



Магчыма, вы баяліся б убачыць стомленых, расчараваных і напалоханых людзей. Якія пільна ўглядаюцца ў змену лічбаў на табло з курсамі валют і занятыя выратаваннем сваіх зберажэнняў. Ухіляюцца ад размоў пра палітыку або глуха бурчаць, выказваючы глыбокую незадаволенасць. І прагнуць толькі аднаго, любым коштам — стабільнасці. Вельмі сумнае відовішча, ці не так? Яно б азначала, што грамадству сапраўды патрэбныя пуга і пернік. Усе ахвяры адразу сталі б выглядаць дарэмнымі, а імкненне здабыць свабоду і захаваць годнасць — згубным.

Калі ўкраінцы не адстаяць сваю краіну…

Прызнаюся, менавіта гэта я чакаў і баяўся ўбачыць — украінцы, апусціўшы рукі, зробяцца адмоўным прыкладам для беларусаў. Па дарозе на секунду падалося, што гэтага баяцца ўсе побач, калі гамяльчанка на суседнім сядзенні прамовіла: «Калі ўкраінцы не адстаяць сваю краіну, дык…» Яна зрабіла тэатральную паўзу, падчас якой я паспеў дадумаць за яе канцоўку — «нам усім тады гамон». Але сапраўдны працяг прымусіў мяне занурыцца ў невясёлыя роздумы. Гамяльчанка скончыла сваю фразу: «…тады яе захопяць амерыканцы і ўсялякія бандыты».

Сказала ўрачыста і пераможна, з усведамленнем сваёй перавагі — сама яна ніколі б да такога краіну не давяла. Бо нават і не падумала б кусаць руку, якая хоць і трымае ў стойле, але ж і корміць. І ёй «усе гэтыя еўропы без патрэбы». Нават, уявіце сабе, «за мільярд грошай». Апошняе гамяльчанка сказала так, нібыта ёй літаральна колькі хвілінаў таму той «мільярд грошай» прапаноўвалі за прыняцце «еўропаў» у сваё сэрца. Яна ж адхіліла іх такім жэстам, як на вядомым савецкім плакаце, дзе просты савецкі звышчалавек з выглядам сапраўднага арыйца з нардычным характарам рашуча адмаўляецца ад чаркі з гарэлкай.

Потым жанчына доўга распавядала, што ўкраінцы «ўжо наеліся той свабоды», усвядомілі, якое глупства нарабілі, калі пайшлі супраць законнай улады і гістарычна абумоўленых сувязяў з Расіяй. Цяпер жаляцца і валасы на сабе ірвуць. Ужо зусім хутка, паглядзіце, адправяць «Патрашэнку» на сметнік гісторыі, Данбас пераможа і павядзе Украіну назад, туды, дзе ёй накавана быць, — ва ўлонне «рускага свету». Ніхто не хоча ваяваць «за амерыканцаў». Яна дакладна ведае, вунь, да яе пляменнік з Чарнігава прыязджаў і са слязьмі прасіў, каб схавала ад мабілізацыі. А хтосьці іншы апошнія дзесяць тысяч долараў аддаў, абы адкупіцца ад войска. Адным словам, «хутка ўсёй гэтай вашай Амерыцы кірдык», як той казаў.

Выстава трафейнай тэхнікі на Міхайлаўскай плошчы

 

Гарбата, канапкі і ядзерныя боегалоўкі

Не ведаю, што там будзе з Амерыкай, а вось украінцы за зроблены год таму выбар яшчэ пазмагаюцца. Яны ўжо неаднойчы даказвалі, што ўмеюць абвяргаць найгоршыя чаканні. У мяне склалася ўражанне, што дакажуць і цяпер. Склалася яно з маіх асабістых назіранняў, якія могуць вам падацца дробнымі, але ў мяне яны ўсялілі аптымізм. Я з вамі падзялюся імі, а вы ўжо глядзіце, ці дастаткова іх для адчування, што ёсць яшчэ порах у парахаўніцах.

За апошні год курс грыўні адносна долара знізіўся ледзь не ў чатыры разы. Толькі за той тыдзень, які я тут цяпер знаходжуся, лічбы на табло ў абменных пунктах мяняліся некалькі разоў. Пры гэтым вакол абменных пунктаў не відаць звыклай для Беларусі карціны — купаў назіральнікаў, якія сочаць за зменлівымі лічбамі, нібы за напружанай драмай, вохкаючы і ахкаючы. Не вельмі шматлюдныя і акцыі пратэсту каля Нацбанку з патрабаваннем адстаўкі Гонтаравай — яны збіраюць максімум пад сотню-другую чалавек. Тады як мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне Майдану, шчыра кажучы, нечакана для мяне сабралі дзясяткі тысяч чалавек.

Адсутнасць яўных прыкметаў валютнай панікі можа быць звязана з адсутнасцю звыклай для беларусаў залежнасці, калі змена лічбаў на табло ў абменных пунктах аўтаматычна цягне за сабой прапарцыйную змену лічбаў на цэнніках. У адрозненне ад першых, апошнія або зусім не мяняліся або змяніліся не вельмі адчувальна. Прынамсі, плаціць за пражыванне ў хостэле і харчаванне мне даводзіцца амаль столькі ж, колькі я плаціў мінулай вясной.

І галоўнае — вайна, яна тут не ўспрымаецца як нешта аддаленае, не тваё асабістае. Як успрымалася, скажам, у Расіі чачэнская вайна, прыкметаў якой можна было не заўважыць у вялікіх гарадах. Размовы пра яе чуваць паўсюль, пра сітуацыю на фронце размаўляюць значна часцей, чым пра валютныя курсы. Па тэлевізарах і радыё ў грамадскіх месцах часцей круцяць не музычна-забаўляльныя праграмы, якія раздражнялі мяне падчас Майдану, а грамадска-палітычныя. Усё стракаціць патрыятычнай сімволікай, паўсюль збіраецца дапамога для фронту. Калі мы са знаёмымі хлопцамі, апранутымі ва ўніформу, ехалі па сваіх справах, да нас падыходзілі людзі на вуліцы, дзякавалі, пыталіся, ці не на фронт мы накіроўваемся, прапаноўвалі ежу і грошы.

У валанцёрскім цэнтры

 

У кастрычніку мінулага года я расказваў пра Данецкі зенітна-ракетны полк, укамплектаваны ў асноўным выхадцамі з Данбасу, які стаіць на абароне сваёй — украінскай — зямлі. Полк святкаваў сваё 53-годдзе, але настрой быў не зусім святочны — у іх было адчуванне пакінутасці. Цяпер жа ў іх ёсць свой асабісты анёл-ахоўнік — крохкая дзяўчына Сафія Бяляева, падобная да моцна зменшанай копіі Надзеі Саўчанкі. Яна кіяўлянка, спецыяліст па фондавым рынку. Фондавы рынак цяпер памерам з вераб’ёву душу, Сафіі хутка давядзецца шукаць іншую працу, але дзяўчына, як і раней, працягвае нястомна дапамагаць фронту, ператварыўшы сваю кватэру ў валанцёрскі пункт. У прыватнасці, забяспечвае байцоў Данецкага зенітна-ракетнага палку прысмакамі, амуніцыяй і нават тэхнічным абсталяваннем.

Разам з сынам і знаёмым італьянскім журналістам мы дапамаглі ёй загрузіць пад завязку дзве машыны для фронту. Змакрэлі і троху прытаміліся. Сафія ж звычайна тое робіць сама, ледзь не ў адзіночку. Прадстаўляючы мяне сваім знаёмым, яна кажа: «Вось чалавек, які падарыў мне цэлы полк». Іншыя знаёмыя кіяўлянкі, Вольга Галчанка і Аляксандра Алёшына, амаль спраўдзілі жартаўлівую прымаўку пра валанцёраў часоў Майдану: «Калі папрасіць іх прынесці ядзерныя боегалоўкі, яны табе прынясуць ядзерныя боегалоўкі, гарбату і канапкі». Цяпер дзяўчыны прыганяюць на фронт вайсковыя джыпы, машыны хуткай дапамогі, і ўжо абмяркоўваюць магчымасць паставак супрацьтанкавай зброі.

Адарве ногі, а на табе берцы за 1,5 тысячы грыўняў

Фёдар, хлопец з хіпстарскім чубком, з Маладагвардзейску, што пад Краснадонам, на Луганшчыне, каля самай мяжы з Расіяй, якога я сустрэў у кіеўскім хостэле, аказаўся не «ватнікам» і нават не пафігістам, як можна было б чакаць. Ён упершыню прыехаў у сталіцу — дзеля таго, каб патрапіць у добраахвотніцкі батальён. Чакаў, пакуль яму споўніцца 21 год, бо цяпер у добраахвотнікі бяруць з гэтага ўзросту. У чаканні сумоўя Фёдар знаёміўся з архітэктурнымі выдатнасцямі і закупаўся рыштункам. «Дарагавата, вядома. Шкада ж будзе, калі ногі адарве, а на табе берцы за паўтары тысячы грыўняў», — жартуе ён.

Бачна было, як хлопец расхваляваўся, пачуўшы «сам не знаю, де погину» — радок з песні «Пливе кача», якая гучала на Майдане мінулымі выходнымі. У яго было нямала часу, каб перадумаць, але ён свайго рашэння не змяніў. «Праз наш горад пастаянна калоны расійскай вайсковай тэхнікі заходзілі, я ж іх на свае вочы бачыў, а на расійскіх каналах слухаў пра недатычнасць Расіі да вайны на Данбасе. Вось гэтая хлусня мяне больш за ўсё абурыла і падштурхнула да таго, каб на фронт пайсці. Цяпер буду адным з бандэраўцаў, якімі пужаюць рускіх дзяцей», — кажа Фёдар на чысцюткай рускай мове, усміхаючыся.

Зямля Кіева будзе гарэць у іх пад нагамі

У верасні мінулага года, у артыкуле «Вайна на Данбасе. Нежалезныя людзі», я згадваў двух сваіх знаёмых з Луганшчыны, Арцёма і Сашу. Тады яны толькі прыехалі з зоны баявых дзеянняў, дзе служылі ў адным з добраахвотніцкіх батальёнаў, і былі моцна прыгаломшаныя вайной. На фронт вяртацца не збіраліся, падумвалі нават з’ехаць з краіны, настолькі былі абураныя ў той час няздатнасцю ўкраінскай дзяржавы абараніць сябе. Арцём не вытрымаў, вярнуўся ўсё-ткі да пабрацімаў, цяпер ваюе пад Марыупалем. А Саша разам з таварышамі ўдзельнічае ў арганізацыі курсаў «Виживи в умовах військової агресії» ў Кіеве.

Той, хто вырас яшчэ ў СССР, мусіць памятаць вайсковую гульню «Зарніца». Гэтыя курсы ўяўляюць сабой нешта падобнае, толькі адаптаванае пад рэаліі расійска-ўкраінскай вайны. Скажам, на адным з заняткаў узброеная група накрывала сход прарасійскіх актывістаў. Спецгрупа ўрывалася ў памяшканне, страляла, клала прысутных на падлогу, ставіла да сценаў, жорстка абшуквала. Мы з сынам таксама паўдзельнічалі, каб адчуць на сваёй скуры, як яно.

Калі табе рукой, пакладзенай на аснову носа, задзіраюць назад галаву, а каленам упіраюцца ў хвасцец, рэзкімі ўдарамі рассоўваючы твае ногі і рукі максімальна шырока, і ставяць да патыліцы пісталет, — ты пачынаеш шкадаваць, што падаўся ў сепаратысты. Куды больш прыемна быць у ролі снайперскай падтрымкі блокпоста баевікоў «КНР», на якім правяраюць безабаронных кіяўлянаў, расстрэльваючы падазроных, бо гульня не прадугледжвала нападу на блокпост украінскіх вайскоўцаў.

Курсы «Виживи в умовах військової агресії»

 

Мы далучыліся да сёмага выпуску. Да нас ужо дзясяткі кіяўлянаў, у асноўным адукаваных і забяспечаных, добраахвотна і за ўласныя грошы праходзілі гэты курс маладога байца, дзе нікога не шкадуюць, кім быты не быў. Яны не збіраюцца з’язджаць з Кіева, хаця і дапускаюць усур’ёз, што «гібрыдныя» расійскія войскі могуць аказацца і тут.

Курсы «Виживи в умовах військової агресії»

Курсы «Виживи в умовах військової агресії»

«Няхай спадара Пуціна не абнадзейвае наша здача Дэбальцава і вымушанае адступленне ў цэлым. Я аб’ектыўна ацэньваю магчымасці ўкраінскага войска, мы значна слабейшыя. У выпадку поўнамаштабнага ўварвання можам адступіць і далей, ажно да сталіцы. Але ён мусіць ведаць, што яго тут не чакаюць з хлебам-соллю. І выкарыстоўваюць пакуль што мірны час для падрыхтоўкі супраціву ягоным засланцам. Зямля Кіева будзе гарэць у іх пад нагамі», — кажа ваенны інструктар, кіраўнік курсаў.

Фота Косіма Аттанасіа, Станіслава Яндульскага і Зміцера Галко

Абмеркаванне:

  • Макс
  • 2015-02-25 00:05:05
Не дарэмна ты, хлопец, атрымаў узнагароду за украінскія рэпартажы! Дзякуй за іх і за сёняшні цікавы расповед. Віншую!
  • Кастусь
  • 2015-02-25 16:18:25
Жыва і захапляльна. Бачыш нават і дробязі, але праз дробязі - цалкавітую карціну. Дзякуй.
  • Чытач
  • 2015-02-25 17:00:13
Што да мяне, дробязі часам замінаюць цалкам схапіць карціну... Мне больш да спадобы ягоныя разважанні. На мой погляд, ён найбольш цікавы менавіта ў гэтым, хоць і вока зоркае, бачыць і тое, што
"меней за вераб'іную душу" :)
  • мікола
  • 2015-02-25 16:38:40
Віншую аўтара-лаурэата і рэдакцыю!

Каментаваць