Украінская рэха парыжскай бойні

Экспертная супольнасць разважае, як парыжская бойня паўплывае на стан і перспектывы канфлікту ва Украіне.



Відавочна, што трагедыя ў рэдакцыі «Charlie Hebdo» мае глабальнае вымярэнне і, адпаведна, паўплывае на рэгіянальныя працэсы. Гэта тычыцца і Украіны, якая ператварылася ў арэну геапалітычнай барацьбы. Украінскае рэха парыжскіх падзей — адна з самых актуальных тэмаў у расійскай і ўкраінскай грамадска-палітычнай дыскусіі.

У Данецку, напрыклад, лі­чаць, што масакра на беразе Сены будзе выкарыстаная Кіевам для легітымізацыі чарговай спробы ўзброеным шляхам ліквідаваць сепаратысцкі арэал на Данбасе. Уладзімір Блюмінаў, адзін з луганскіх палітолагаў, піша: «Тое, што адбылося ў Францыі, — самы сапраўдны падарунак для кіеўскага рэжыму. Ён (рэжым) шмат месяцаў запар забівае ў галовы сваіх адэптаў, што ідзе Свяшчэнная вайна з рускімі акупантамі і іх памагатымі — данбаскімі тэрарыстамі і баевікамі. (...) І хваля антытэрарыстычнай рыторыкі, якая паднялася ў Еўропе, закліканая стаць індульгенцыяй для злачынстваў будучых, адфарматаваных загадзя пад рэакцыю грамадства на такія факты».

Сапраўды, практычна ўсе лідары Майдану правялі асацыяцыі паміж братамі Куашы і баевікамі з Данбасу. «Украіна, як ніхто, разумее боль Францыі», — сказаў Парашэнка. Аднак, калі меркаваць па некаторых форумах, шмат хто ва Украіне не зразумеў, чаму Парашэнка і саюзнікі ў ЕС надаюць такую вялікую павагу карыкатурыстам, калі пад носам гінуць столькі людзей. На інтэрнэт-форумах пад навіной аб візіце Парашэнкі ў Парыж хапае каментараў а-ля «А калі нашым хлопцам і дзяўчатам, якія загінулі ад тэрарыстаў, ён выказаў спачуванні?» або «Чаму гэтыя ўсе прэзідэнты не едуць ва Украіну ўшанаваць памяць загінулых украінскіх герояў?»

Іншая фракцыя ўкраінскай палітычнай эліты мяркуе, што гісторыя з «Charlie Hebdo» хутчэй на руку Крамлю. Пра гэта кажа, напрыклад, упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па справах крымскататарскага народа Мустафа Джамілеў. У інтэрв’ю аднаму з мясцовых каналаў ён заявіў: «Тэракты ісламістаў у Францыі могуць адцягнуць увагу ад расійскага тэрарызму ва Украіне. Калі такія трагедыі адбываюцца, грамадства пачынае ўзважваць — каму гэта можа быць выгадна. І тут можна адназначна зрабіць выснову, што гэтыя тэракты больш за ўсё выгадныя Расіі, каб адцягнуць увагу ад таго ўзроўню тэрарызму, які Расія робіць у дачыненні да Украіны».

З гэтым згодна і большасць экспертаў. «Расіі трэба шукаць новыя пункты сутыкнення з Захадам. Новыя агульныя тэмы, пра якія Захад можа гаварыць з Расіяй — барацьба з тэрарызмам. Гэта легітымнае поле, у якім Захад і Расія могуць гаварыць», — падкрэслівае навуковы супрацоўнік Інстытута ўсходазнаўства НАН Украіны Сяргей Данілаў.

Польскае выданне «Fakty» ў сваім каментары ўвогуле падазрае, што Расія магла прыкласці руку да арганізацыі атакі на рэдакцыю «Charlie Hebdo». «Калі даслоўна трактаваць рымскую максіму «Is fecit, cui prodest», якая азначае, што злачынцам з’яўляецца той, каму яны [тэракты] прынеслі карысць, то вы павінны неадкладна паказаць на Уладзіміра Пуціна. Толькі гэта абвінавачванне нічым падмацаваць нельга. Вядома, што Савецкі Саюз меў шматгадовую традыцыю і велізарную, магутную сістэму падтрымкі тэрарызму (RAF, «Чырвоныя брыгады» і іншы зброд). Напаўголасу кажуць, што ў апошнія гады Крэмль зрабіў шмат для падтрымкі карыснай для сябе вайны ў Сірыі. Выбар у якасці галоўных ворагаў свайго рэжыму гуртоў дастаткова непрыемных тыпаў вельмі нагадвае метады працы Пуціна. Але здагадкі — усяго толькі здагадкі. А факт у тым, што злачыннасць і далейшае развіццё падзей (у тым ліку дзіўныя гранаты, кінутыя пад мячэці Парыжа) з’яўляюцца для маскоўскага рэжыму сапраўдным падарункам нябёсаў», — пішуць «Fakty».

Ніхто не сумняваецца, што расійская журналістыка прапануе палярны погляд на актуаліі. Адпаведна расійскім журналістам, тэракт быў ледзь не арганізаваны ЗША. Прэзідэнт расійскай кансалтынгавай групы «Неакон» Міхаіл Хазін на сваім сайце канстатуе: «Еўрапейскія эліты мацнеюць, што ставіць пад пагрозу зону свабоднага гандлю, а таксама знаходжанне праамерыканскіх элітаў ва ўладзе еўрапейскіх дзяржаў. Орбан у Венгрыі, Зэман у Чэхіі, Марын Ле Пэн у Францыі... Вельмі негатыўныя працэсы для ЗША. І значыць, сітуацыю трэба падрываць, «дэмакратыю» зачыняць і арганізоўваць жорсткую дыктатуру, зразумела, праамерыканскую, якая будзе тупа выконваць інструкцыі з Вашынгтона без аглядкі на розныя «дэмакратычныя» працэдуры».

Брытанскі партал «Counter Punch» таксама лічыць, што ЗША будуць галоўным бенефіцыярам парыжскай драмы, падпарадкаваўшы сабе знешнюю палітыку ЕС у абмен на гарантыі бяспекі: «Каму выгадныя забойствы ў «Charlie Hebdo»? Толькі адміністрацыі Абамы. Адміністрацыя Абамы ўжо мабілізуе Савет Бяспекі ААН. ФБР «дапамагае» французам у расследаванні. Абама прапануе «абарону» Заходняй Еўропе».

Праўда, пакуль рабіць доўгатэрміновыя высновы, напэўна, не варта. Кіраўнікі спецслужбаў лічаць, што цяперашні раунд змагання з тэрарызмам яшчэ не скончыўся. Таму кожны час магчымы карэктывы ў павестку дня аж да пастаноўкі пытання арганізацыі супольнай аперацыі Захаду супраць Ісламскай дзяржавы, якая, мяркуючы па ўсім, рыхтавала тэракты.

Між тым, Расія ўжо пачала спробу перафарматаваць дыялог з Еўропай. Шматлікія журналісты адзначылі, што падчас «Маршу адзінства» ў Парыжы кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў паспеў запэўніць Франсуа Аланда ў тым, што Крэмль гатовы разам з Францыяй змагацца з тэрарызмам. Пры гэтым, у самой Расіі спецслужбы ўмудрылася затрымаць тых, хто выйшаў на пікет у падтрымку французаў.

Каментаваць