Украінскія нацыяналісты без сала і вышыванак

Знайсці «Автономний Опір» у Львове не проста. Сядзібай руху стала памяшканне былога лямпачкавага заводу «Іскра» непадалёк ад вакзалу. Лепшай назвы за «Цытадэль», сапраўды, не прыдумаеш.



Вулічныя акцыі


Тут хлопцы трэніруюцца, праводзяць турніры па мікс-файту, ладзяць канцэрты ды гандлююць спартовай вопраткай. 

Калі карыстацца ідэалагічнымі клішэ, то АО — этна-анархісты, або нацыянал-анархісты. Галоўныя лозунгі аўтаномаў: «самаарганізацыя ды народаўладдзе», пра якія, дарэчы, усё часцей можна пачуць у Беларусі, дзякуючы скандальнаму «Пошугу», які набыў папулярнасць пасля «Справы графіцістаў».

Пра тое, як знутры выглядае ўкраінскі правобраз «Пошугу», мы паразмаўлялі непасрэдна з актывістамі АО — Сірко, Юрам ды Антонам.

— Як патлумачыць чалавеку з вуліцы, хто такія аўтаномы?

Сірко. Насамрэч, гэтая назва сябе ўжо даўно перажыла. Ёсць патрэба ў канструктыве, у будаўніцтве нечага, а АО ствараўся як пратэст супраць палітыкі Януковіча.

Сірко

Самаарганізацыя, самафінансаванне, аўтаномныя групы, якія камунікуюць без лідара. Такая сабе франшыза. Мы мелі 26 аддзяленняў па Украіне. Мы адны з тых, хто пачаў кампанію за вызваленне Паўлічэнкаў (футбольныя фанаты, бацька і сын. — аўт.). Пасля была кампанія супраць Януковіча: тыя знакамітыя трафарэты з дзіркай у галаве — за гэта была крымінальная справа…

— З чаго ўсё пачалося?

Сірко. Асабіста я круціўся каля партыі «Свабода», бачыў, што там няма моладзі — адны пенсіянеры. Ішоў 2010 год. Але была купка людзей, якія хацелі нешта рабіць. Мы былі ўльтраправымі, тут няма чаго хаваць, а значыць, да нас ішлі скінхэды, хлопцы з «каляфутболу»... Сабралося ў выніку 10 чалавек, вырашылі, што робім гэтак і гэтак, плацім складкі, інфу пра акцыі кідаем на сайт, паказваем іншым, як трэба рабіць, падымаем хвалю.

— Тады і пачаўся канфлікт з уладамі?

Сірко. Так, але тады мы яшчэ былі ў ценю «Свабоды». За ўсе нашыя дзеі адказвалі палітычныя лідары, якія не мелі да нас ніякага дачынення, ні на што не ўплывалі. Так мы запрасілі, напрыклад, Юрыя Міхалчышына, бо нам патрэбныя былі спікеры, якія маглі б выступаць на вялікіх акцыях. Пасля з яго зрабілі ледзьве не бацьку АО (смяецца).

У 2012 годзе, калі пачаўся наш канфлікт са «Свабодай», мы аўтаматычна пачалі канфлікт і з «бацькам». Тады Міхальчышын натравіў на нас фанацкія групоўкі, іншых правых… Увосень 2013 года «свабодаўцы» выклікалі на нас «Беркут», калі мы ладзілі «Марш УПА»: тады 57 нашых актывістаў было арыштавана. Яны спрабавалі падаць нас як сепаратыстаў, прарасійскія сілы, а мы ў бусіках спявалі песні УПА… Атрымаўся дысананс.

Вулічныя акцыі

— Раней вас было больш бачна ў Львове, зараз — не. Чаму?

Сірко. Мабыць, раней мы займаліся папулізмам. Шэсць гадоў працы — гэта шэсць гадоў досведу, памылак, барацьбы… Нехта вельмі добра зарабіў палітычныя балы на нашых акцыях і маршах.

Радыкальная нацыяналістычная рыторыка раней была нашым каньком. Зараз мы таксама нацыяналісты, але выступаем за іншы нацыяналізм — без шавінізму, расізму і ксенафобіі. А да чаго гэта магло прывесці? Да рэпрэсіяў, да дыктатуры. Не важна, сіне-жоўты ці чырвоны сцяг, дыктатура — ёсць дыктатура, яна заўжды прыгнятае свой народ.

Юра. ОУН-УПА, сцягам якой мы карыстаемся, таксама перажылі эвалюцыю. ОУН у 1930-х і ў 1940-х гадах — гэта дзве розныя арганізацыі. Паводле адной з версіяў, ідэолагі наўпрост паехалі на ўсход Украіны і там сутыкнуліся з іншым светам, дзе «Слава Украіне!» для людзей нічога не значыла… Адтуль яны прывезлі сацыяльныя тэмы, эканоміку, там людзі хацелі хлеба. Як і зараз ва Украіне.

Юра

— Як ставіцеся да падзелу на левых і правых сярод моладзевых рухаў?

Сірко. Гульня ў левых і правых — гэта маргінэс, усё змяшалася ў сучасным свеце. Калі браць навуковую тэрміналогію, то мы — «левыя» паводле метадаў і погляду на свет. Але мы сябе лічым нацыяналістамі. А гэтае паняцце змяшчае ў сабе і правых, і левых, і зялёных, і чырвоных… Бо гэтая ідэалогія — самадастатковая. Мы не можам, напрыклад, казаць толькі пра нейкія гуманітарныя рэчы, не ўлічваючы сацыяльнай тэматыкі.

У 1990-х гадах нацыяналісты з дыяспары навязалі свой вобраз нацыяналізму. Тых, хто вёў рэальную барацьбу тут, або вынішчылі, або раскідалі па лагерах. Шмат паўстанцаў было менавіта сацыялістамі, якія абвяшчалі барацьбу прыгнечаных народаў супраць бальшавікоў. Пакуль нехта ваяваў у лясах, нехта на Захадзе даваў інтэрв’ю «Радыё Свабодзе» і г.д. Адных знішчылі, а іншыя друкавалі свае ўспаміны, і ў 90-я гады завалілі Украіну гэтымі кніжкамі.

Таму і была такая рыторыка, маўляў, павінна быць жорсткая аўтарытарная ўлада, украінцы — быдла, без бізуна не могуць… А мы пайшлі супраць гэтага, нам гэта не падыходзіць. У выніку нас ненавідзяць усе: для левых мы — фашысты, для правых — камуністы, для ўлады — прарасійскія правакатары…

«Автономний Опір»

— З дзяржавай пасля Майдану якія ў вас адносіны?

Сірко. Год-два таму мы выступалі наогул супраць дзяржавы, за ўладу супольнасцяў. Зараз, пасля Майдану, мы разумеем, што калі прыбраць Парашэнку — будзе хаос, сапраўдны Блізкі Усход з прыватнымі арміямі, якія будуць ваяваць між сабой, змагацца за рэсурсы, за кантроль над стратэгічнымі аб’ектамі…

Таму, як ні круці, трэба каб Парашэнка трымаў усё ў руках. Бо ёсць зброя ў людзей, ёсць атрады, ёсць капіталісты, якія іх утрымліваюць. Таму наша задача — займацца асветай і набіраць палітычную вагу, пакуль ёсць час. Калі пачнецца хаос ва Украіне, а ён пачнецца праз 2–3 гады, хацелася б, каб хаця б у Львове быў парадак.

«Автономний Опір»

— Майдан перамог?

Сірко. Майдан — гэта толькі адна з прыступак да ўсведамлення чалавекам, што ён можа нешта змяніць. Тое, чаго няма ў Беларусі, Расіі ды іншых аўтарытарных краінах. Гэтая барацьба пачалася ў 1991 годзе, а можа і 400 год таму, з часоў Хмяльніцкага. Папярэдні Майдан быў за Юшчанку, апошні — супраць Януковіча, можа, наступны будзе за заробак у 5 000 еўра! (смяецца).

Украіна — гэта краіна Трэцяга свету, бананавая рэспубліка, дзе людзі працуюць за 20 долараў у месяц. А значыць, гэтая краіна не ёсць суб’ектам, а толькі аб’ектам дагаварнякоў іншых дзяржаваў. Таму і адбываецца пакуль вечны «дзень сурка». Але нічога, кажуць, Французская рэвалюцыя цягнулася 80 гадоў, так?..

— А ёсць у вас саюзнікі?

Сірко. Саюзнікі… Мы самі ствараем сабе саюзнікаў. Напрыклад, рух «Народная дзея», які стварыў АО. Ён складаецца з жыхароў раёнаў, дзе робяцца нелегальныя забудовы, што апошнім часам стала вялікай праблемай. Вось нядаўна быў напад на актывіста — у масках з бітамі напалі на звычайнага мужчыну старэйшых гадоў. У яго за 50 сантыметраў ад вакна пабудавалі дом, уяўляеш? Калі да яго ўдзень заходзіш, трэба свет або ліхтар уключаць. Ён пачаў судзіцца, ідзе барацьба, гэта ўжо другі напад на яго.

Антон. Мы спрабавалі ў гэтым руху акурат аб’яднаць людзей з розных забудоваў, бо на кожным праблемным участку ёсць 1–2 «буйных», гатовых змагацца за свае правы. Мы іх звялі разам, яны неяк нават здружыліся. Першыя паўгады гэта была тусоўка з 10 бабулек і 5 пенсіянераў, але ўжо праз год яна перарасла ў рух, якога баяцца чыноўнікі. Калі чыноўнік бачыць у чарговы раз вядомую яму, скажам, пані Цюцько ў гарадской радзе або ў пракурора — яму застаецца толькі хавацца… Атрымаўся нядрэнны прыклад салідарнасці паміж людзьмі, якой заўжды бракуе.

— Як гэта выглядае на практыцы?

Антон. Паўсюдна па-рознаму, але найчасцей так: мы прыязджаем на сход жыхароў, слухаем. Туды ж, як правіла, прыязджаюць дэпутаты — папіярыцца. Потым кажам людзям: калі вас дэпутаты «кінуць» — званіце нам. Праз месяц прыкладна ўжо звоняць. Калі вялікі будынак, шматпавярховы, бярэм з сабой улёткі. Калі меншы — то бок людзей 10–15, то можна і пагутарыць з кожным.

Сірко. Асноўная наша тэза: мы не будзем за вас вырашаць вашы праблемы. Калі мы бачым, што вы не хочаце варушыцца, то і нам не трэба. Гэта дэпутаты кажуць: «Мы за вас вырашым праблемы», а мы можам толькі дапамагчы. Людзі разумеюць, што іншага выйсця няма: або робіш, або маўчыш.

Для пенсіянераў, дык гэта нагул цудоўная перспектыва. Адна справа — сядзець на лавачцы пад домам, суседа абгаворваць, іншая — нахіляць чыноўніка! Гэта ж весялуха на старасць гадоў! (смяецца).

Размова

 

 

Антон. Ну сур’ёзна, шмат для каго гэта другое жыццё! За саўком такое нельга было рабіць. У 90-я гады за гэта маглі забіць. А зараз — самы час.

— У Заходняй Украіне часам усплывае тэма аддзялення. АО — сепаратысты?

Антон. Мы нават ДНР і ЛНР не лічым сепаратыстамі. Гэта мы, украінцы, сепаратысты, бо спрабуем вырвацца з Расійскай імперыі… А аддзяляцца ад Украіны нейкім анклавам мы не збіраемся, канешне.

Сірко. Часам, калі чытаю навіны, складаецца ўражанне, што Захад хоча падштурхнуць Украіну да канфедэрацыі, правесці легалізацыю ДНР і ЛНР, падзяліць усё на княствы пад кіраўніцтвам алігархаў на фоне грамадзянскай вайны… Безумоўна, гэта скрайняя кропка. Але калі так станецца — свой кавалак зямлі трэба будзе трымаць.

Каментаваць