Уладзімір Варонін. Вадзім Чарушаў. Габрыэль Паўлі

Уладзімір Варонін

Уладзімір Варонін

Напярэдадні парламенцкіх выбараў 5 красавіка і 600-гадовага юбілею святкавання малдаўскай дзяржаўнасці моладзевае крыло Партыі камуністаў, лідэрам якой з’яўляецца прэзідэнт Уладзімір Варонін, выступіла з незвычайнай ініцыятывай. У выпадку перамогі на выбарах — змяніць нацыянальны сцяг. Зараз сцяг Малдовы чырвона-жоўта-сіні з выявай галавы зубра. На думку маладых камуністаў, дастаткова адной галавы зубра, аднак на чырвоным фоне. Менавіта такі сцяг быццам меў калісьці легендарны малдаўскі князь Штэфан Вялікі. Тое, што князь абраў дамінуючым колерам чырвоны, па словах камсамольцаў, вельмі сімвалічна. Цяжка казаць, наколькі такая ініцыятыва дадасць галасоў Вароніну. 23 сакавіка 30 тысяч чалавек ужо выйшлі ў Кішынёве на акцыю пратэсту супраць ураду камуністаў. Галоўны лозунг дэманстрантаў — «Мы не баімся!» — звязаны, па іх словах, з палітыкай рэпрэсій з боку рэжыму Вароніна. Арганізатары маніфестацыі — лібералы і дэмакраты — паабяцалі праводзіць падобныя мерапрыемствы штодня. Дарэчы, упершыню правыя маюць нейкі шанец на выбарах. Прычына таму — раскол на левым флангу, дзе акрамя камуністаў з’явіліся новыя левыя і прарасійскія партыі, прычым яны выкарыстоўваюць адкрыты папулізм. Так, лідэр сацыял-дэмакратаў Дмітрый Брагіш выступае за тое, каб аддаць Расіі Прыднястроўе ў арэнду на 30 гадоў у абмен на бязвізавы рэжым і бясплатнае медычнае абслугоўванне малдаўскіх гастарбайтэраў.


Вадзім Чарушаў

Адзін з лідэраў антыкрамлёўскай апазіцыі ў Санкт-Пецярбургу Чарушаў быў аўтарам такіх кампаній, як «Я не галасаваў за «Адзіную Расію», «Я супраць гэбісцкай дыктатуры». Аднак героем навінаў ён стаў пасля таго, як улады прымусова накіравалі яго ў псіхіятрычную клініку. Дасюль цалкам невядома, якім чынам Чарушаў апынуўся ў бальніцы. 6 сакавіка ён быў арыштаваны, дастаўлены ў аддзяленне міліцыі, адкуль яго і забрала медычная карэта. Прычым ён паспеў перадаць на волю інфармацыю пра тое, што ў міліцыі яму ўкалолі нейкі наркотык. Праз тыдзень знаходжання ў шпіталі туды прыехала выязная сесія суда і прыняла рашэнне пакінуць Чарушава на прымусовая лячэнне. Чарушаў і ягоны адвакат пратэставалі супраць такога вердыкту, паколькі артыкул можа быць ужыты толькі супраць асобаў, якія стаяць на медыцынскім уліку. Чарушаў ніколі не лячыўся ў псіхіятра. Так ці інакш, цяпер ён будзе заставацца ў шпіталі 6 месяцаў, пасля чаго ягоную справу могуць перагледзець. Між тым, дысідэнты гораду на Няве не пакідаюць калегу ў бядзе. 17 сакавіка яны правялі пікет перад бальніцай у падтрымку палітычнага вязня, ахвяры карнай псіхіятрыі. Галоўны ўрач бальніцы, які выйшаў да пікетчыкаў, паабяцаў хутка вызваліць Чарушава. Аднак тыя, хто бачыў вязня, кажуць, што яго стан вельмі пагоршыўся. Апазіцыя называе выпадак з Чарушавым праверкай новага механізму ціску на незадаволеных.


Габрыэль Паўлі

Актывістка нямецкага грамадзянскага руху «Вольныя грамадзяне» — яе новы старшыня — узначаліць спіс руху на чэрвеньскіх выбарах у Еўрапейскі парламент. Рух «Вольныя грамадзяне» — гэта практыка грамадскай актыўнасці, калі жыхары на месцах фармуюць выбарчую платформу па якому-небудзь канкрэтнаму пытанню, напрыклад, абароне парку або неабходнасці будаўніцтва новага дзіцячага садку. Доўгі час гэты рух быў абмежаваны ўзроўнем камун. Аднак пасля таго, як на нядаўніх выбарах у зямельны парламент Баварыі «Вольныя грамадзяне» прайшлі пяціпрацэнтны бар’ер і нават сталі трэцяй па колькасці дэпутатаў фракцыяй, стаўленне да іх змянілася. Самі мясцовыя актывісты ўпершыню ў гісторыі руху замахнуліся на мандаты нацыянальных і еўрапейскіх прадстаўнічых інстытутаў. Між тым, дасюль шмат хто лічыць, што, не маючы больш-менш зразумелай ідэалогіі, «Вольныя грамадзяне» не змогуць доўга існаваць у вялікай палітыцы і хутка дыскрэдытуюць сябе як папулісты і апартуністы. Як прыклад, іх пазіцыя па выбарах прэзідэнта ФРГ, якія адбудуцца 23 мая. Спачатку група дэлегатаў «Вольных грамадзян» збіралася галасаваць за кансерватараў (прэзідэнт ФРГ абіраецца на вялікім сходзе дэпутатаў розных узроўняў), аднак пасля сустрэчы з кандыдатам ад сацыял-дэмакратаў дружна стала на бок ружовых.
 

Каментаваць