Уласныя грошы як выйсце з крызісу

Не хапае з-за крызісу беларускіх рублёў, долараў і еўра? Завядзіце свае ўласныя грошы. Закранутыя фінансавым крызісам і, адпаведна, дэфіцытам грошай ЗША перажываюць сапраўдную моду на лакальныя валюты. Тэндэнцыя, як піша прэса, відавочная. Самая вялікая сетка дзейнічае ў штаце Масачусетс. Тут ужо надрукавалі 2,3 мільёна бонаў.



Не хапае з-за крызісу беларускіх рублёў, долараў і еўра? Завядзіце свае ўласныя грошы. Закранутыя фінансавым крызісам і, адпаведна, дэфіцытам грошай ЗША перажываюць сапраўдную моду на лакальныя валюты. Тэндэнцыя, як піша прэса, відавочная. Самая вялікая сетка дзейнічае ў штаце Масачусетс. Тут ужо надрукавалі 2,3 мільёна бонаў.

Янкі не прыдумлялі веласіпед. Ідэя мясцовых валют як сродку барацьбы з крызісам была ўпершыню выкарыстана ў часы крызісу 1929–1933 гадоў. Дарэчы, у канадскай правінцыі Альберта на хвалі поспеху сістэмы лакальнай валюты ў тыя часы нават узнікла масавая база пад асобную партыю — Партыю сацыяльнага крэдыту. Цяжка паверыць, аднак яе кандыдат перамог у 1936-м на выбарах губернатара.

Часам эксперыменты з лакальнай валютай мелі даволі цікавыя формы. У 70–80-я гады ХІХ стагоддзя ў Сан-Францыска жыў нехта Нортан, хворы на галаву багацей, які аднойчы абвясціў сябе імператарам Злучаных Штатаў і пратэктарам Мексікі. Нортан нават асобным указам распусціў кангрэс ЗША і акрамя ўсяго пачаў друкаваць свае грошы. Паколькі нортанскія грошы можна было абмяняць на звычайныя долары, іх ахвотна прымалі. Дзіўным чынам мадэль спрацавала: паперкі з выявай імператара ЗША сапраўды сталі паралельнай валютай.

У часы эканамічнай дэпрэсіі найбольш на гэтай глебе праславіўся аўстрыйскі горад Вёргль, жыхары якога ўвялі свае боны ў 1932 годзе. На той момант у Вёргле жылі 4000 чалавек. Калі пачалася дэпрэсія, беспрацоўе ў горадзе вырасла да астранамічнай лічбы — 30 працэнтаў. Тады мэрыя ўзяла крэдыт у Цэнтральным банку і выкарыстала яго як рэзерв пад лакальную валюту. Эксперымент атрымаўся. Была вырашана праблема адсутнасці грошай у гарадскім бюджэце. Тутэйшыя боны пайшлі перш за ўсё на вырашэнне праблемы беспрацоўя: муніцыпалітэт пачаў будаўніцтва. Будаўнікі атрымлівалі грошы ў мясцовай валюце. Паколькі выключна імі можна было аплачваць мясцовыя падаткі і камунальныя паслугі, боны ахвотна прымалі ў крамах. Ажыўленне гаспадаркі прывяло да каласальнага росту гарадскога бюджэту. За год ён павялічыўся ў 10 разоў! Больш таго, прыпыніўся рост цэнаў на прадукты.

Падзеі ў Вёргле выклікалі значную цікавасць з боку іншых гарадоў — ахвяраў крызісу. Іх мэрыі таксама пачалі ўводзіць мясцовыя грошы. Прыйшлося ўмяшацца чыноўнікаў Цэнтральнага банку: фактычна з-за моды на мясцовыя валюты ўзнікала пагроза краху нацыянальнай валютнай сістэмы. Вёрглю забаранілі працягваць друкаваць уласныя грошы.

Тым не менш на гэты час горад паспелі наведаць шмат эканамістаў, якія дэталёва вывучылі плюсы і мінусы эксперыменту.

Вось галоўныя вынікі іх студый:

1.    Лакальная валюта можа рабіць абарот хутчэй, чым нацыянальная. Пры ўсім даверы да мясцовых валют, грамадзяне разумеюць, што гэта толькі эксперымент, і таму намагаюцца як мага хутчэй набыць нейкі тавар, а не пакінуць боны пра запас.

2.    Лакальная валюта дазваляе камуне выкарыстоўваць вольныя працоўныя рэсурсы, эфектыўна змагацца з беспрацоўем і, як следства, быць стымулятарам росту попыту.

3.    Паколькі мясцовая валюта выкарыстоўваецца толькі ў межах камуны, яна актывізуе дзейнасць лакальных прадпрыемстваў і службаў сервісу. Напрыклад, муніцыпалітэт пачынае будаваць мост. Усе заробкі працоўным ён плаціць у лакальнай валюце. На тутэйшыя грошы набываюцца і будаўнічыя матэрыялы. Значыць, у лакальнай валютнай зоне ўзнікае попыт на тыя матэрыялы, і нехта іх хутка выпускае.

Эксперыменты з лакальнай валютай працягваліся і пасля заканчэння вялікай дэпрэсіі. Напрыклад, у некаторых гарадах былой ГДР з канца 90-х існуе свая валюта. Маштабная практыка мясцовых валют мела месца ў Аргенціне пасля крызісу 2002 года.

Асабліва лакальныя грошы сталі папулярнымі з узнікненнем экалагічнага руху, прарокі якога лічаць, што сапраўднае экалагічнае сумленне можа мець месца выключна на лакальным узроўні, калі ты адчуваеш, што твае ўчынкі могуць непасрэдна паўплываць на стан наваколля. Эколагі выдумалі цэлую тэорыю зялёнага валютнага рэгулявання. Іх прываблівае той момант, што кіраўнік камунальнай службы, які адказвае за выдачу крэдытыў у лакальнай валюце, абіраецца сябрамі грамады, і, у адрозненні ад ананімнага і карумпаванага дырэктара нейкага банку, будзе глядзець у вочы людзям. Праўда, іншыя эколагі кажуць, што мадэль лакальных камунаў прыводзіць да ізаляцыі і неразумення глабальных праблемаў. Паспрабуй растлумачыць, што такое глабальнае пацяпленне.

Што да прыхільнікаў класічнай банкаўскай валютнай сістэмы, то яны крытыкуюць ідэю лакальных валют за яе лакальнасць. Мадэль лакальнага крэдытавання не дазваляе рэалізоўваць навуковыя праекты, распрацоўку новых тэхналогій, развіваць сучасную медыцыну.

Цяжка сказаць, што мы атрымаем у выніку цяперашняга буму лакальных валют.

У любым выпадку, чытаючы заходнюю палеміку наконт лакальных валют, узнікае дурная думка: сістэма лакальнай валюты даўно ўжо створаная ў Беларусі. Як вядома, у шматлікіх вёсках беларускай правінцыі дасюль паслугі можна аплаціць пляшкамі самагону.
 

Каментаваць