Што агульнага паміж прэзідэнтам Уганды і ўраджаем бананаў?

Арыштаваць адразу пасля выбараў асноўнага апанента — распаўсюджаная з’ява сярод дыктатараў. Менавіта так зрабіў Ёверы Мусевені, прэзідэнт Уганды.



Фота www.bloomberg.com


Увогуле, Ёверы кіруе Угандай ужо 30 гадоў і па тэрміну знаходжання пры ўладзе займае пятае месца ў гісторыі Чорнага кантынента. Тым не менш пра Уганду ў свеце гавораць няшмат. Думаецца, калі б не казус з арыштам асноўнага канкурэнта, пятая запар «элегантная» перамога Мусевені наўрад ці выклікала асаблівую знешнюю цікавасць. Зараз, дзякуючы масавым затрыманням у дзень галасавання 19 лютага, Уганда нечакана трапіла ў фокус сусветных СМІ, якія адзінадушныя ў высновах — у асобе Ёверы Мусевені свет мае яркага прадстаўніка дыктатарскай традыцыі на Чорным кантыненце.

Гэтая традыцыя багатая на фенаменальных персанажаў. Дастаткова ўзгадаць іншага ўгандыйскага дыктатара-канібала Ідзі Аміна, які меў звычай ласавацца сваімі палітычнымі апанентамі. Аднак Ёверы Мусевені (нарадзіўся ў 1944 годзе) — не канібал-вар’ят, накшталт Аміна, які дарваўся да ўлады дзеля задавальнення сваіх комплексаў. Дыктатура Ёверы больш мадэрнізаваная і прагматычная, пра што сведчыць рыторыка палітыка. Так, прэзідэнт Уганды не адзін раз крытыкаваў практыку, калі нейкая персона доўгі час займае вышэйшую пасаду ў краіне, паколькі, па яго словах, «гэта нічога добрага не дае». Праўда, самога сябе ён лічыць выключэннем.

Па словах угандыйскага правадыра, ён не можа пакінуць сваю пасаду, паколькі «бананавая плантацыя, якую ён заснаваў, толькі-толькі пачала прыносіць ураджай».

Заснаваў «бананавую плантацыю» Ёверы ў 1986 годзе, калі ў выніку грамадзянкай вайны ён — былы лідар партызанскага руху і крытык дыктатуры — стаў прэзідэнтам. Тут жа Уганда ператварылася ў дэкарацыю для маштабнай пастаноўкі вядомай байкі «Забіць дракона», дзе, паводле сюжэту, рыцар, які забіў пачвару, сам хутка ў яе ператвараецца. Першае дзесяцігоддзе кіравання Ёверы было бліскучым: з краінай зноў пачалі працаваць фінансавыя інстытуты, прыйшлі замежныя крэдыты, была праведзеная прагрэсіўная рэформа сістэмы адукацыі. Рост эканомікі дазволіў у тым ліку спыніць тэмпы распаўсюджвання эпідэміі СНІДу.

Аднак напярэдадні выбараў у 2006 года ў мясцовую канстытуцыю праз рэферэндум была ўнесена папраўка, якая скасавала абмежаванне колькасці прэзідэнцкіх кадэнцый для адной і той жа асобы. Пасля гэтага адносіны з Захадам у Ёверы імкліва пагоршыліся. Новы віток канфрантацыі пачаўся пасля таго, як прыкладна пяць гадоў таму ў краіне распачалася дзяржаўная кампанія супраць геяў. У яе рамках Ёверы Мусевені падпісаў закон, які ў народзе празвалі «Забі гея». Закон кваліфікуе нетрадыцыйную сексуальную арыентацыю як цяжкую форму злачынства, што караецца смерцю. Дарэчы, ёсць версія, што пераслед геяў быў патрэбны Ёверы, каб прарваць вонкавую ізаляцыю. Сапраўды, навіны з Уганды выклікалі самую пазітыўную рэакцыю сярод кансерватыўнай фракцыі амерыканскіх пратэстантаў.

Змянілася і стаўленне да апазіцыі, з шэрагаў якой выйшаў сам Ёверы. Прыкладна з пачатку стагоддзя апазіцыю ў краіне ўзначальвае харызматычны Кіза Бесіджы. Між іншым, ён — псіхіятр па прафесіі, і больш таго, былы асабісты доктар прэзідэнта, які цяпер мае статус яго персанальнага ворага. Статыстыка арыштаў Кіза проста шакіруе (толькі за тыдзень напярэдадні выбараў яго затрымлівалі тры разы). Не менш цікавыя і артыкулы, па якіх яго спрабавалі асудзіць: згвалтаванне, здрада радзіме, замах на жыццё прадстаўніка ўлады, несанкцыянаваныя мітынгі і г.д.

Апошні раз галоўны ўгандыйскі апазіцыянер патрапіў пад раздачу ў дзень выбараў. Дасюль не вядомыя дэталі хапуна. Некаторыя крыніцы кажуць, што Бесіджы арыштавалі на вуліцы, калі ён спрабаваў прыпыніць правакацыю, падчас якой ад яго імя заклікалі да вулічных пратэстаў. Іншыя СМІ паведамляюць, што лідара апазіцыі ўзялі па месцы жыхарства ў рамках прэвентыўнай аперацыі супраць магчымых акцый пратэсту, якія, быццам, планаваліся на вечар дня галасавання. Ужо будучы за кратамі, апазіцыйны лідар даведаўся, што атрымаў на выбарах 35 працэнтаў. Паводле назіральнікаў, лічба намаляваная, паколькі крызіс у краіне падарваў у шматлікіх угандыйцаў веру ў тое, што «бананавая плантацыя» Ёверы можа даваць ураджай.

Тым не менш, пакуль моцных унутраных пратэстаў супраць арышту Кіза прэса не чакае. У тым ліку з-за стаўлення міжнароднай супольнасці, якой вельмі важна геапалітычная стабільнасць у рэгіёне, што мяжуе з Самалі — фарпостам радыкальнага ісламізму ў Афрыцы. Акрамя таго, Уганда сама надае вайсковую падтрымку сілам ААН, які змагаюцца ў Самалі супраць ісламскай міліцыі. Сыходзячы з гэтага, хутчэй за ўсё, рэакцыя Захаду абмяжуецца канстатацыяй факту электаральнай карупцыі і патрабаваннем вызваліць Бесіджы.

Аднак гэта не значыць, што пяты тэрмін Ёверы будзе бяс­хмарны. Палітолагі прагназу­юць хуткі рост палітычнай эскалацыі ў цэнтральнай Афрыцы праз шэраг фактараў: экспансія Пекіну, этнічныя канфлікты ў суседняй Дэмакратычнай Рэспублікі Конга на фоне прэзідэнцкіх выбараў, рост ісламскага экстрэмізму. Да таго ж Мусевені не хавае, што рыхтуе перадачу ўлады. Мяркуецца, што праз пяць год ён паспрабуе прасунуць на пасаду прэзідэнта свайго сына, што, безумоўна, абвострыць сітуацыю ў краіне. Не кажучы пра тое, ад самога Ёверы можна чакаць любога фокусу.

Каментаваць