Усходняя дылема па-польску

Упершыню за шмат гадоў тэма ўсходнееўрапейскай палітыкі стала адной з галоўных у дэбатах кандыдатаў па пасаду польскага прэзідэнта. Якія формулы адносін Варшавы з Кіевам, Масквой і Мінскам прапануюцца палітыкамі? 



У Польшчы закончылася рэгістрацыя кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, выбары якога пройдуць 11 мая. Найбольш экзатычны прэтэндэнт у кандыдаты — Анна Гродска — сабраць патрэбную колькасць подпісаў для рэгістрацыі не здолела. Самы вядомы польскі транссексуал, дэпутат Сейму, на гэты раз ішла на выбары ад Зялёных.

Затое патрэбную колькасць подпісаў прадставілі ў выбарчую калегію іншыя 11 палітыкаў. У гэтым спісе ёсць знаёмыя беларускай аўдыторыі асобы. Напрыклад, фаварыт выбараў, цяперашні прэзідэнт Браніслаў Камароўскі, блізкі да ўрадавай партыі «Грамадзянская платформа». Думаецца, знаёмая і яго пазіцыя па ўкраінскім пытанні, праз прызму якой фармуецца ўся рэгіянальная дактрына. Камароўскі неаднаразова быў у Кіеве, дзе абяцаў украінскім калегам любую падтрымку, акрамя, хіба што, польскага экспедыцыйнага корпусу.

Напэўна, другі найбольш пазнавальны палітык сярод кандыдацкага пулу для беларусаў — польскі «жырыноўскі» Януш Корвін-Міке. Ён карыстаецца іміджам самага прапуцінскага палітыка за Бугам. Корвін-Міке сапраўды часта крытыкуе Майдан і гатовы заплюшчыць вочы на анексію Крыму. Ён таксама вельмі паважае Лукашэнку за тое, што не здаў краіну Маскве, і нават называў яго ў кастрычніку мінулага года «гарантам беларускай незалежнасці». Сталыя спробы выявіць Пуціна цывілізаваным палітыкам дзіўным чынам не перашкаджаюць Корвіну-Міке абяцаць стварыць пасля перамогі моцную стотысячную армію, якая, па яго словах, будзе асновай знешняй палітыкі Рэчы Паспалітай.

Трошкі незвычайна, што асноўным кандыдатам ад вядучай кансерватыўнай партыі «Права і Справядлівасць» (PiS) выступае не яе сімвал Яраслаў Канчыньскі, а Анджэй Дуда — новая зорка правай палітыкі, які выйшаў з нетраў апарату PiS. Кансерватары выступаюць за ўзмацненне ўсходнееўрапейскай інфраструктуры NATO і нават гатовыя падтрымаць ідэю надання вайсковай дапамогі Украіне. Праўда, цалкам зразумець Анджэя Дуду часам цяжка, паколькі правыя таксама выступаюць за аўтаномію Польшчы ўнутры міжнародных структур. Плюс для патрыятычнай грамадскасці, што за іх галасуе, важна тэма бандэраўскіх злачынстваў. Таму вельмі часта палітык выдае папулісцкія супярэчлівыя заявы. Так, у лютым ён амаль сінхронна выступіў за тое, каб паслаць польскія войскі ва Украіну і супраць гэтага.

Бронза ў апытаннях у Магдалены Агурэк. Чаму і як Магдалена стала хэдлайнерам левых дэмакратаў, дасюль загадка. У любым выпадку, яна дапамагла ім узняць папулярнасць, у тым ліку таму, што яна адзіная жанчына сярод кандыдатаў. Што тычыцца ўсходняй палітыкі, то Магдалена асуджае ўчынкі Масквы ва Украіне і ў Крыме, аднак пры гэтым жадае нармалізацыі адносін з Пуціным. Магдалена на мітынгах кажа, што на месцы Камароўскага тэлефанавала б Пуціну і дамаўлялася пра мір, а не скрыгатала зубамі з-за таго, што ЗША не даюць Кіеву лятальную зброю. На яе думку, сакрэт паспяховай усходняй палітыкі ляжыць унутры Польшчы, якая мае стаць узорам для сваіх суседзяў.

Адна з сенсацый цяперашніх выбараў — з’яўленне ў топе польскага палітыкуму чалавека, які палітыкай прафесійна не зай­маецца і не з’яўляецца сябрам хоць нейкай партыі. Гэта Павел Кукіз — музыка і правы публіцыст. Акрамя таго, Кукіз вядомы як крытык гомасексуалістаў, «партыйных кланаў», выбарчых партыйных спісаў і, наадварот, прыхільнік мажарытарнай сістэмы выбараў. У гэтага кандыдата, якому, дарэчы, сімпатызуе каля 3–4 працэнтаў польскага электарату, цікавы погляд на геапалітыку ў нашым рэгіёне. На яго думку, Майдан быў інспіраваны Берлінам, які проста праз яго шантажаваў Маскву наконт коштаў на газ. Калі немцы дамагліся патрэбных тарыфаў, яны пакінулі ўкраінцаў на расправу Пуціну. Увогуле, ён лічыць, што Польшча была прынятая ў ЕС выключна з-за дэфіцыту на Захадзе таннай рабочай сілы. Ён рашуча выступае за ізаляцыю Польшчы адносна ўкраінскіх спраў.

Нягледзячы на тое, што польскія фермеры пакутуюць ад эмбарга Расіі, Адам Ярубас, прадстаўнік «Польскай сялянскай партыі», стаіць на дастаткова патрыятычных пазіцыях. Ён заклікае да новых баз NATO ва ўсходніх ваяводствах Польшчы. Увогуле, бяспека Польшчы — першы пункт праграмы прадстаўніка аграрыяў.

Сярод тых, хто застаўся ў кандыдацкім спісе, варта ўзгадаць хіба што Януша Палікота (лева-ліберальная партыя «Твой рух»), які мае сваю дэпутацкую групу. Палікот прапануе правесці шэраг міжнародных канферэнцый, каб дабіцца дыялогу паміж Кіевам і Масквой. Праўда, пры гэтым Палікот таксама згодны на мадэрнізацыю польскага войска.

Вось такія падыходы. Пры ўсім багацці думак і прапаноў наконт аптымальнай формулы польскай усходняй палітыкі, відавочна, што настроі большасці палякаў выказваюць Браніслаў Камароўскі і Анджэй Дуда, якія маюць зараз большыя рэйтынгі. Гэта значыць, што Польшча пасля 11 мая на ўзроўні прэзідэнцкай адміністрацыі будзе працягваць заставацца саюзніцай NATO і вядучым лабістам Кіева ў заходніх структурах. Стаўка будзе рабіцца на тое, каб прымусіць Маскву пад ціскам санкцый і дапамогі Кіеву адмовіцца ад інтэрвенцый ва ўнутраныя справы краін-суседзяў.

Каментаваць