Усе супраць Рэнцы

Не паспела Еўропа адысці ад Brexit, як на гарызонце паўсталі новыя выклікі. Ужо сёння, 4 снежня, па выніках плебісцыту ў Італіі можа пачацца новы крызіс еўраструктураў. Дэталі распавядае Рыгор Раманенка, які вучыцца ў Мілане.


— У чым сутнасць рэферэндуму?

— Мяркуецца пераўтварыць «Сенат Рэспублікі» ў «Сенат рэгіёнаў» — асновай для фармавання стануць рэгіянальныя дарадцы і мэры. Пры гэтым колькасць скароціцца з 315 да 100 чалавек (21 мэр, 74 рэгіянальныя дарадцы і яшчэ 5 сенатараў, прызначаных кіраўніком дзяржавы тэрмінам на 7 гадоў).

Сенат будзе валодаць заканадаўчай уладай толькі па пытаннях рэформаў і ўнясення змяненняў у Канстытуцыю. Па астатніх пытання Сенат зможа толькі даваць рэкамендацыі Палаце дэпутатаў Італіі.

У выніку рэформы зменшацца паўнамоцтвы рэгіёнаў краіны: пытанні энергетыкі, стратэгічнай інфраструктуры і грамадзянскай абароны будуць вырашацца наўпрост прэм’ер-міністрам. Акрамя таго, па просьбе ўрада пры неабходнасці «абароны юрыдычнага і эканамічнага адзінства Рэспублікі ці яе нацыянальных інтарэсаў», Палата дэпутатаў зможа зацвярджаць законы, якія рэгламентуюць пытанні, што ўваходзяць у кампетэнцыю рэгіянальных уладаў.

Зменіцца парадак арганізацыі правядзення рэферэндумаў (спатрэбіцца 800 000 подпісаў выбаршчыкаў замест 500 000) і прапановы праекта закона з боку выбаршчыкаў (150 000 подпісаў замест 50 000)

Акрамя таго, плебісцыт разглядаецца як апытанне наконт вотуму даверу сацыял-дэмакратычнаму ўраду Матэа Рэнцы. Рэферэндум прапанаваў менавіта прэм’ер. У выпадку, калі большасць італьянцаў скажа «не», краіну дакладна пачне палітычна штарміць. Не выключаны эфект даміно, калі палітычная нестабільнасць будзе моцна ўплываць на эканоміку. Найперш гэта можа зачапіць банкаўскаю сістэму.

— А што не так з італьянскімі банкамі? Некаторыя з іх паўсталі яшчэ ў XIV стагоддзі, лічацца самымі старымі банкамі ў свеце…

— Банкі Італіі маюць каласальныя пазыкі: аб’ём праблемных крэдытаў на іх балансах налічвае 290 мільярдаў еўра. Без вонкавай дапамогі яны не здольныя вярнуць грошы. У выпадку банкруцтва пацерпяць не толькі іх уладальнікі і кліенты, аднак і будзе нанесены ўдар па прэстыжу італьянскай эканомікі. Урад распрацаваў план дапамогі банкірам, пілотным праектам якога стала падтрымка банка Monte dei Paschi di Siena. Калі Рэнцы 4 снежня прайграе — той план будзе замарожаны, і першай рэакцыяй стане банкруцтва як мінімум васьмі банкаў. У гэтым плане не выключана, што Італія паўторыць шлях Грэцыі — ператворыцца ў краіну-даўжніка, дзе рэй у палітыцы вядуць радыкалы. Аднак па ўсіх параметрах Італія — гэта не Грэцыя. У нас ідэя выхаду з зоны еўра і вяртання нацыянальнай валюты не падаецца публіцы такой ужо нерэалістычнай. Прынамсі, 20 працэнтаў італьянцаў не супраць вярнуцца да ліры. Нават заява пра магчымую адмову Італіі ад еўра абернецца хаосам у ЕС.

— Хто выступае супраць прапановы Рэнцы, і якую альтэрнатыву яны прапануюць?

— Апаненты прэм’ера — дастаткова вялікі спектр палітычных сілаў, якія ідэалагічна ўзаемна варожыя. Нездарма рэферэндум ужо назвалі «Усе супраць Рэнцы». Лагер праціўнікаў ураду ўключае камуністаў і правых радыкалаў, адным з фронтмэнаў выступае гумарыст Бепе Грыла, лідар левапапулісцкага «Руху пяці зорак». Кожная палітычная структура мае свой рахунак да Рэнцы: напрыклад, правыя крытыкуюць яго міграцыйную палітыку.

Апаненты прэм’ера, як правіла, кажуць, што тэма выратавання банкаў — блеф. Маўляў, рэформа Сенату спатрэбілася Рэнцы, каб сканцэнтраваць больш улады ў сваіх руках. Наступным актам стане даўно абяцаны запуск жорсткіх эканамічных рэформаў, ахвярамі якіх стануць не толькі працоўныя, аднак і сярэдні клас — кліенты малых банкаў, якія Еўрасаюз заклікае ліквідаваць. Для правядзення рэформаў прэм’еру дакладна спатрэбіцца больш уладных паўнамоцтваў: для манеўраў, аператыўнага прыняцця рашэнняў і іх імплементацый.

— Што кажуць сацыялагічныя агенцтвы, якія праводзяць замеры настрояў удзельнікаў апытання?

— Пасля таго, як сацыёлагі моцна апякліся з прагнозамі ў ЗША, да іх высноў ставяцца асцярожна. Так ці інакш, пакуль апаненты ўраду ў большасці. Іх прыкладна 43–44 працэнты ад усяго італьянскага электарату. 37 працэнтаў гатовыя патрымаць прэм’ера. Іншыя яшчэ думаюць. Увогуле, антыўрадавыя забабоны цалкам лагічныя для краіны, дзе беспрацоўе стала складае 10–11 працэнтаў, а прыбыткі засталіся на ўзроўні 2007 года. Пра тое, што Рэнцы, хутчэй за ўсё, прайграе, сведчаць і біржавыя навіны. Там назіраецца імклівае падзенне італьянскіх урадавых бонаў.

Аднак пакуль нічога дакладна сказаць нельга. У тым ліку таму, што Рэнцы актыўна працуе з электаратам на Поўдні. Яго жыхары баяцца росту ўплыву папулісцкай партыі «Ліга Поўначы», якая абяцае татальна скараціць субсідыі для беднага Поўдня. У выпадку сыходу Рэнцы «Ліга» атрымае шанец увайсці ва ўрадавую кааліцыю. У дадатак пры цяперашнім урадзе колькасць беспрацоўных трошкі скарацілася, і гэта прымушае італьянцаў ставіцца да абяцанняў Рэнцы з большым даверам.

— Ці пойдзе Рэнцы ў адстаўку ў выпадку правалу на рэферэндуме? Якая палітсіла ўзначаліць новы ўрад?

— Апошнім часам актывізаваўся Сільвіа Берлусконі і яго партыя Forza Italia. Гледзячы па ўсім, ён марыць вярнуцца ў палітыку, прычым адразу заняць пасаду прэм’ера. Але, паводле сацыёлагаў, лепшыя шанцы зараз у Грыла. Аднак спачатку будзе тэхнічны ўрад, і толькі пасля — парламенцкія выбары. Праўда, у выпадку перамогі Рэнцы выбары таксама не выключаныя. Прэм’ер можа паспрабаваць замацаваць сваю перамогу.

 

Каментаваць