Усе ненавідзяць Марыну

Па выніках выбараў у Францыі ў парламент нечакана прайшлі праціўнікі манаполіі сямейства Ле Пэн на брэнд ультраправых.



Па выніках выбараў у Францыі ў парламент нечакана прайшлі праціўнікі манаполіі сямейства Ле Пэн на брэнд ультраправых.

16 чэрвеня ў краіне адбыўся другі тур парламенцкіх выбараў. Марына Ле Пэн, кандыдат партыі “Нацыянальны фронт (FN) па акрузе Па-дэ-Кале, прайграла суперніку Філіпу Кемелю з партыі сацыялістаў. Кандыдат левых апярэдзіў Ле Пэн усяго на 118 галасоў. Дадзеныя выбаркаму выклікалі эйфарыю ў прагрэсіўнай грамадскасці Францыі. Пасля таго, як у першым туры Ле Пэн атрымала 42 працэнты, дэмакраты — як правыя, так і левыя, — заўзята абмяркоўвалі схемы і планы, якія павінны былі не дапусціць перамогі Марыны.

Цяпер, пасля таго, як дэпутацкія амбіцыі Марыны Ле Пэн ляснуліся, левым і лібералам можна перавесці дух. Аднак правыя радыкалы значна больш за іх задаволеныя правалам лідара правых радыкалаў. Маем на ўвазе так званую “гістарычную правую — спектр партый, асацыяцый, клубаў правай арыентацыі, якія змагаюцца супраць сямейства Ле Пэн.

На іх думку, Марына Ле Пэн і яе бацька падманам узурпавалі правы фланг, дыскрэдытуюць правую ідэю, і ўвогуле з’яўляюцца агентамі “сістэмы.

Сапраўды, партыя “Нацыянальны фронт з’явілася на палітычным гарызонце дастаткова позна, толькі ў пачатку 1970-х гадоў. Ідэйнае крэда FN і яго тактыка часам супярэчылі правай французскай традыцыі. Напрыклад, у 1980-я гады партыя Ле Пэна падтрымлівала рыначныя канцэпцыі Рэйгана, хаця звычайна правыя шукалі эканамічны ідэал у мадэлі карпаратыўнай дзяржавы. Тым не менш “гістарычныя правыя і “Нацыянальны фронт неяк ужываліся. Як казаў у 1996 годзе П’ер Сідо, адзін з лідараў групы “Французская справа, галасаваць за Ле Пэна — значыць не дапусціць “ідэалагічнай нармалізацыі.

Канчатковы развод адбыўся на пачатку гэтага стагоддзя, калі Жан-Мары Ле Пэн правёў аперацыю “пераемнік — дабіўся, каб “Нацыянальны фронт узначаліла яго дачка Марына. Пры гэтым за бортам засталіся шматлікія ветэраны правага руху.

У 2009 годзе антылепэнаўская правая пачала афармляцца ў адзіную структуру. Актыў шматлікіх правых ініцыятыў сустрэўся ў Парыжы, каб абмеркаваць сітуацыю і разам паесці свініны (без рытуалу дэманстратыўнага спажывання блюдаў са свініны, якая, як вядома, забароненая ў ісламе, не абыходзяцца цяпер ніводная тусоўка французскіх ультраправых). Пасля адбыўся ўстаноўчы сход кааліцыі Саюз нацыянальнай правай (UDN).

Галоўная мэта UDN, як сказаў адзін з трыбунаў: “Пакончыць з 35-гадовым дамінаваннем фамільнага фронту. У лексіцы выступоўцаў можна было сустрэць шэраг цікавых аналогій. Некаторыя нават параўналі FN з вертыкальнай пірамідай КПСС.

Найбольш буйныя суб’екты новага аб’яднання — Партыя Францыі (PDF), Новыя народныя правыя (NDP), Нацыянальны рэспубліканскі рух (MNR) і інш. У большасці пералічаныя групы маюць выразны персаналісцкі характар і ўзніклі на базе тых, хто ў розныя часы пакінулі “Нацыянальны фронт. Хаця тут ёсць варыяцыі. Так, NDP узнікла як спроба імпартаваць у Францыю напрацоўкі бельгійскай партыі “Фламандскі блок і аўстрыйскай “Партыі Свабоды. Фламандцы і аўстрыйцы разглядаюць сябе асобна ад правай традыцыі і робяць стаўку выключна на папулісцкія ісламафобскія заклікі.

Ініцыятыву па стварэнні UDN падтрымалі вядучыя правыя выданні кшталту “Rivarol (самы вядомы нацыяналістычны СМІ ў Францыі). Яго цяперашні рэдактар Жэром Бурбон назваў Марыну Ле Пэн “абсалютным дэманам і “абсалютным ворагам у палітычным і інтэлектуальным планах. Так ён адрэагаваў на словы Марыны: “Я не збіраюся трываць прысутнасць у FN карыкатурных і анахранічных радыкалаў.

Аднак спробы перавесці канфлікт з кланам Ле Пэн у галіну канцэптуальнага супрацьстаяння падаюцца несур’ёзнымі. Справа ў тым, што сама тусоўка антылепэнаўцаў вельмі неаднародная ў ідэйным плане. Тут ёсць Карл Ланг — правадыр PDF, які крытыкуе Марыну Ле Пэн за тое, што яна выстаўляе сябе прыхільніцай прынцыпаў свецкай дзяржавы. “Я мяркую, што свецкасць — гэта траянскі конь ісламізацыі, — кажа Карл Ланг. — Адказам на імклівую ісламізацыю можа быць замацаванне нашай ідэнтычнасці, якая базуецца на хрысціянскай спадчыне.

Аднак такі ўльтраклерыкалізм не перашкаджае яму супрацоўнічаць у рамках таго ж Саюза нацыянальнай правай з П’ерам Валем, лідарам асацыяцыі “Terre et Peuple. Апошні заклікае да вяртання паганскіх культаў, што, па яго словах, ёсць “асновай арыгінальнай ідэнтычнасці старажытных галаў, якую разбурылі менавіта хрысціянскія місіянеры.

А вось погляды на міжнародную палітыку амаль ва ўсіх антылепэністаў аднолькавыя. Як і Ле Пэн, “гістарычныя правыя выступаюць за выхад Францыі з NАТО, еўрапейскіх структур і за стварэнне геапалітычнага блоку з Расіяй.

У 2010 годзе “гістарычныя правыя разам паспрабавалі дэлепэнізаваць правую палітыку — выставілі сваіх кандыдатаў на мясцовыя выбары. Яны таксама ўдзельнічалі ў апошніх прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах. Пакуль спробы змясціць дынастыю Ле Пэнаў сціплыя. На выбарах у парламент UDN  набраў толькі 0,19 працэнтаў. Увогуле, лепшым дасягненнем антылепэнаўскай правай ёсць вынік парламенцкіх выбараў 1999 года, калі партыя “Нацыянальны рэспубліканскі рух, якой тады кіраваў Бруна Мегрэ, экс-франтавік і муж адной з дачок Ле Пэна, атрымала 3,5 працэнта.

Аднак аказалася, што ўсё не так сумна. Нечакана для парыжскіх назіральнікаў па выніках другога туру ў парламент трапіў Жак Бампар — лідар мікрапартыі “Паўднёвая ліга — вельмі папулярны ў сябе на радзіме ў горадзе Аранж палітык. Гісторыя “Паўднёвай лігі — гэта гісторыя таго, як Жак пасварыўся з Марынай Ле Пэн і вырашыў стварыць сваю партыю, якая з часам наладзіла кантакты з іншымі антылепэнаўскімі цэнтрамі.

Вось так нечакана “гістарычная правая атрымала мандат у парламенце. Прычым “Нацыянальны фронт таксама мае аднаго дэпутата. Усё гэта адбываецца на фоне спрыяльных для гістарычных правых трэндаў. Дзякуючы Нікаля Сарказі, які пазычыў у “Нацыянальнага фронту антыэміграцыйныя лозунгі, старая герметычная партыйная дыскусія галістаў разбурылася. Газеты пішуць пра тое, што поўным ходам ідзе ідэйная канвергенцыя галістаў і нацыяналістаў, якая можа значыць дрэйф “Нацыянальнага фронту ў бок цэнтра, што адначасова пашырае “гістарычным правым люфт для манеўраў.

Праблема ў тым, што французскі выбаршчык слаба разбіраецца ў нюансах правай дыскусіі. Слова “правы радыкал сінанімічна паняццю “Нацыянальны фронт. Шмат хто з палітолагаў лічыць, што “гістарычныя правыя ўжо не здольныя выцесніць “Нацыянальны фронт з правай нішы. Час быў упушчаны ў сярэдзіне 1990-х, калі Жан-Мары запусціў працэс перадачы ўлады. Тады, з улікам наяўнасці ў партыі вялікай апазіцыйнай фракцыі пад кіраўніцтвам Бруна Гальніша, быў шанец сарваць працэс узурпацыі брэнда.

Таму пакуль рана казаць пра тое, што “гістарычныя правыя змогуць развіць ініцыятыву і скласці канкурэнцыю “Нацыянальнаму фронту. У тым ліку не вядома, чаго на самай справе хоча сам Жак Бампар. Яго “Паўднёвая ліга, калі верыць праграме, хоча не толькі спынення ісламізацыі, аднак таксама мае намер абараніць “ідэнтычнасць Поўдня накшталт таго, як гэта робіць “Паўночная ліга ў Італіі. Апошняя, як вядома, лічыць, што лепшы сродак абароны рэгіянальнай ідэнтычнасці — гэта федэралізацыя дзяржавы.
 

Каментаваць