Усходняе партнёрства

Нягледзячы на тое, што праграма «Усходняга партнёрства», удзельніцай якой ёсць таксама Беларусь, фармальна ўжо працуе, але і зараз працягваюцца спрэчкі, чым ёсць гэта партнёрства і якія яго канчатковыя мэты?



Нягледзячы на тое, што праграма «Усходняга партнёрства», удзельніцай якой ёсць таксама Беларусь, фармальна ўжо працуе, але і зараз працягваюцца спрэчкі, чым ёсць гэта партнёрства і якія яго канчатковыя мэты?

Ідэя «Усходняга партнёрства» (ЕaР — ад англ. «Eastern Partnership») сталася своеасаблівай рэакцыяй некаторых усходніх краін ЕС на ініцыятыву Нікаля Сарказі. 13 ліпеня 2008 года на саміце ў Парыжы лідэры краін Міжземнамор’я і Еўрасаюза падпісалі дамову пра стварэнне «Саюза за Міжземнамор’е» (G-Med). G-Med аб’ядноўвае ўсе краіны ЕС плюс 10 краін рэгіёна (Лівія ўвайшла ў G-Med у якасці назіральніка). Сярод галоўных мэтаў G-Med пытанне інтэграцыі ў ЕС не значыцца. Размова ідзе пра «развіццё эканомікі», «падтрымку пабудовы прававых дзяржаў», «абарону навакольнага асяроддзя», «распрацоўку ўзгодненай іміграцыйнай палітыкі».

25 мая, напярэдадні саміту ў Парыжы, на пасяджэнні Савета ЕС Швецыя, Чэхія і Польшча прапанавалі праект праграмы «Усходняе партнёрства». Палітолагі, якія арыентуюцца ў тым, што адбываецца на брусельскай кухні, прызнаюць: аўтарам праекту фантастычна пашчасціла. У іншай сітуацыі іх прапанова згубілася б у нетрах еўрапейскай бюракратыі. Падзеі склаліся такім чынам, што на пачатак лета 2008 года ЕС пачаў губляць ініцыятыву на ўсходнееўрапейскім накірунку з-за таго, што маральна быў не гатовы да новай фазы пашырэння. Аднак шэраг фактараў прывёў да таго, што перавага сілаў аказалася на баку прыхільнікаў актывізацыі ўсходняга вектару палітыкі Еўропы.

Гэтых фактараў было як мінімум тры:

•    Глабальны эканамічны крызіс. Рост палітычнай і сацыяльнай напружанасці ў былым СНД.

•    Энергетычны крызіс. Шэраг газавых войнаў Масквы з Украінай і Беларуссю, заложнікамі якіх сталі еўрапейцы.

•    Расійска-грузінскі вайсковы канфлікт.

У выніку напрыканцы таго ж лета 2008 года на парадку дня паўстала пытанне адэкватнай рэакцыі ЕС на новыя выклікі. Сумесная польска-чэшска-шведская ініцыятыва, агучаная ў маі, аказалася адзіным канструктыўным варыянтам.

Старт праекту быў дадзены ў Празе на майскім саміце ЕС. Там быў зацверджаны план, які стварае новыя структуры адносінаў паміж Еўрасаюзам і Украінай, Малдовай, Грузіяй, Азербайджанам, Арменіяй ды Беларуссю. Задэклараваная мэта «Усходняга партнёрства» — «умацаванне стабільнасці, эфектыўнага кіравання і эканамічнага развіцця краінаў, якія маюць стратэгічную важнасць для ЕС».

600 мільёнаў еўра, вылучаныя Еўрасаюзам на 2010–2013 гады для рэалізацыі праграмы «Усходняга партнёрства», будуць размяркоўвацца паміж шасцю краінамі. Краіны самі прапаноўваюць праекты. Брусель абірае.

Відавочна, што палітыка сяброўства з суседнімі краінамі пасуе базавым прынцыпам знешняй паліткі Еўрасаюза. Адпаведна, падобныя на «Паўночнае вымярэнне» праграмы (у сукупнасці з яго балканскім варыянтам «Stabilization and Association Process»), тыя ж «Паўночнае партнёрства», «Усходняе партнёрства», у прынцыпе не трэба разглядаць апрыёры як нейкія інтэграцыйныя праекты нізкай інтэнсіўнасці.

«Усходняе партнёрства» не ёсць інстытуцыянальна аформленая арганізацыя. Праграма мае ўласны сакратарыят, але ён падпарадкоўваецца Еўракамісіі і фінансуецца з яе бюджэту. Еўракамісія прызначыць адмысловага каардынатара праграмаў. Лідэры краін, якія ўдзельнічаюць у праграме «Усходняе партнёрства», раз на два гады будуць збірацца на сустрэчы ў Бруселі. Акрамя таго, штогод падобныя сустрэчы арганізуюць для міністраў замежных спраў.

Нацыянальным парламентам прапануецца стварыць парламенцкую асамблею «Усходняга партнёрства», а няўрадавым арганізацыям гэтых шасці краін — «Форум грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства».

Ужо з 5 чэрвеня пачаліся першыя шматбаковыя кансультацыі ў рамках тэматычных платформаў. Вынікам кансультацый павінна стаць распрацоўка асноўных накірункаў супрацоўніцтва і абмеркаванне некалькіх прапанаваных з боку ЕС ініцыятыў.

Вось гэтыя платформы:

•    дэмакратыя, належнае дзяржаўнае кіраванне і стабільнасць;

•    эканамічная інтэграцыя;

•    пытанні энергетычнай бяспекі;

•    кантакты паміж людзьмі.

Што непасрэдна можа даць праграма «Усходняе партнёрства» Беларусі і беларусам?

Натуральна, перш за ўсё — паніжэнне кошту шэнгенскіх віз для грамадзян Беларусі, які цяпер з’яўляецца самым высокім на кантыненце і складае 60 еўра. У доўгатэрміновай перспектыве магчымая нават поўная адмена віз. Аднак у прынцыпе «Усходняе партнёрства» абяцае не маментальныя і непасрэдныя, а хутчэй ускосныя і доўгатэрміновыя бонусы ў розных сферах. Трэба прызнаць: «Усходняе партнёрства» будзе праграмай, не вельмі насычанай грашыма.

Для параўнання: 8 з 12 мільярдаў еўра, які ЕС выдаткоўвае на знешнюю палітыку ў 2007–2013 гадах, пойдуць на пашырэнне сувязяў з краінамі Паўночнай Афрыкі. Аднак у той жа час «Усходняе партнёрства» абяцае Украіне, Беларусі, Малдове, Грузіі штосьці больш важнае за грошы — магчымасць доступу да самога ёмкага на планеце еўрапейскага рынку. Праграма дазволіць адкрыць шырэйшы доступ для інвестыцый у Беларусь. Абмен паміж ВНУ і стажыроўкі чыноўнікаў адкрываюць магчымасці павышэння якасці адукацыі, працы адміністрацыі, заканадаўчага працэсу.

Праграма яшчэ толькі стартуе, аднак тыя праекты, якія ўжо абмяркоўваюцца, здаюцца дастаткова перспектыўнымі. Напрыклад, літоўскі МЗС заявіў, што ў рамках партнёрства Літва і Беларусь маюць намер рэалізаваць такія праекты, як аўтамагістраль Мінск — Клайпеда, уключыць Беларускую чыгунку ў транспартны калідор Усход—Захад. Таксама будуць спрошчаныя працэдуры пераходу мяжы.

Адзіная праблема — наколькі сама Беларусь гатовая да «Усходняга партнёрства»?

Двухбаковыя стасункі паміж ЕС і беларускімі ўладамі маглі б значна пашырыцца, калі б апошнія ўзялі ўстойлівы курс на наладжванне дыялога з грамадскай супольнасцю. Прадстаўнікам трэцяга сектару нават дадзена права голасу пры выбары пытанняў для абмеркавання на тэматычных пляцоўках. Ці пагодзіцца на такі фармат працы афіцыйны Мінск? Ці працягне рабіць стаўку на кулуарныя пасядзелкі і ігнараванне шырокай дыскусіі з-за страху, што яна стане публічнай?

ЕС неаднаразова падкрэсліваў, што гэта ініцыятыва не скіраваная супраць каго б тое не было. Расія застаецца ключавым партнёрам для ЕС, а ЕС зацікаўлены ў тым, каб удзельнікі «Усходняга партнёрства» мелі добрыя адносіны з іншымі суседзямі, у тым ліку з Расійскай федэрацыяй.

У вачах расійскага палітыкуму, гэта праграма — не што іншае, як ініцыятыва, накіраваная на дэзінтэграцыю постсавецкай прасторы і паслабленне ўплыву Расіі ў СНД. Прэм’ер Уладзімір Пуцін адкрытым тэкстам параўнаў «Усходняе партнёрства» з «альтэрнатывай пашырэнню NАТО на Усход».

З іншага боку, менавіта Расія раней за ўсе іншыя краіны СНД пачала браць удзел у праграмах, вельмі падобных да «Усходняга партнёрства». Маецца на ўвазе так званае «Паўночнае вымярэнне» — форум ЕС і краінаў Паўночнай Атлантыкі, якія не ўваходзяць у еўрапейскія структуры (Ісландыя, Нарвегія і Расія). «Паўночнае вымярэнне», чыя канцэпцыя падобная на ідэю «Усходняга партнёрства», было абвешчана яшчэ ў 1997 годзе ў Люксембургу. З тых часоў Расія ахвотна карыстаецца публічнымі фондамі ЕС і пры гэтым чамусьці дасюль не стала сябрам NАТО. Толькі за мінулы 2008 год у рамках кааперацыі па лініі «Паўночнага вымярэння» на тэрыторыі Расіі ЕС фінансаваў 4 экалагічных праекты. Агульная колькасць інвестыцый склала 22 мільёны еўра. І гэта толькі летась. Нядаўна завяршылася чатырохгадовая сумесная расійска-канадская праграма «Паўночнае партнёрства».

Каментаваць