“Усходняе партнёрства” і трэці сектар

У пакеце дакументаў, якія былі падпісаныя падчас заключэння дамовы аб удзеле Беларусі ў праграме «Усходняга партнёрства» (УП), ёсць пункты, якія патрабуюць ад Мінска ўзмацнення ролі грамадскіх арганізацый.

Грамадскія арганізацыі, ці NGO (англ.: няўрадавыя арганізацыі), і іх роля ў трансфармацыі палітычных сістэм краін усходняга блоку — адна з самых спрэчных і цікавых тэмаў сучаснай палітычнай дыскусіі.



У пакеце дакументаў, якія былі падпісаныя падчас заключэння дамовы аб удзеле Беларусі ў праграме «Усходняга партнёрства» (УП), ёсць пункты, якія патрабуюць ад Мінска ўзмацнення ролі грамадскіх арганізацый.

Грамадскія арганізацыі, ці NGO (англ.: няўрадавыя арганізацыі), і іх роля ў трансфармацыі палітычных сістэм краін усходняга блоку — адна з самых спрэчных і цікавых тэмаў сучаснай палітычнай дыскусіі.

Думаецца, што сутнасць праблемы раскрыў яшчэ ў 1930-я гады італьянскі марксіст Антоніа Грамшы, які вывучаў працэсы грамадскай трансфармацыі. Грамшы пісаў, што для рэвалюцыянераў значна больш важнай з’яўляецца паўсядзённая праца на лакальным узроўні па канкрэтных праектах. Яна фармуе блок асноўных уяўленняў — паводле Грамшы — пра так званую «культурную гегемонію», якая, у сваю чаргу, легітымізуе (або не) у свядомасці людзей існуючы палітычны рэжым.

Менавіта гэтым і займаюцца NGO: абараняюць наваколле, юрыдычна дапамагаюць людзям, ладзяць лекцыі. Быццам нічога асаблівага, аднак па сутнасці гаворка вядзецца пра развіццё палітычнай і прававой культуры сярод людзей. А гэта часам не вельмі падабаецца чыноўнікам. Асабліва калі грошы на тыя праекты грамадзянскія ініцыятывы атрымліваюць з якіх-небудзь замежных фондаў. Тут адразу камусьці бачыцца «пятая калона».

Так ці інакш, пасля хвалі каляровых рэвалюцый урады краін СНД былі вымушаны выбудоўваць стратэгію адносін з трэцім сектарам (яшчэ адна назва NGO).

Можна сказаць, што на тэрыторыі краін-удзельніц праграмы «Усходняе партнёрства» (Азербайджан, Украіна, Грузія, Арменія, Малдова, Беларусь) склаліся некалькі мадэляў адносін паміж дзяржавай і NGO. Найбольш свабодна NGO адчуваюць сябе ва Украіне, Грузіі і Малдове, урады якіх разглядаюць станаўленне трэцяга сектара як важную частку інтэграцыі ў еўрапейскія структуры.

Праўда, ёсць і іншы бок: Малдова была і ёсць адным з сусветных лідэраў па колькасці NGO. Проста ва ўмовах беспрацоўя шмат хто ствараў сабе якую-небудзь грамадскую арганізацыю, а нават і дзве, ды шукаў грошы ў заходніх фондах. Зразумела, што такая дзейнасць ніяк не ўплывае на грамадства.

У Азербайджане грамадскі сектар мае спецыфічны характар. Грамадскія актывісты быццам і прысутнічаюць у вялікай колькасці, аднак, як правіла, усе працуюць пад нефармальным дахам дзяржаўных устаноў і нават спецслужбаў.

Пра Беларусь і так усё зразумела. Тут нават наяўнасць зарэгістраванай грамадзянскай ініцыятывы здаецца чымсьці з галіны фантастыкі.

Праграма «Усходняе партнёрства» пачынае новую старонку ў гісторыі грамадскіх ініцыятыў нашага рэгіёну.

Пачнём з таго, што ў дакументах «Усходняга партнёрства» грамадскім рухам адводзіцца значнае месца. Грамадскія або няўрадавыя ініцыятывы разглядаюцца як «самыя галоўныя акцёры ў абароне дэмакратыі і стратэгіі рынкавых рэформаў, правоў чалавека, канцэпцыі сталага развіцця, прававой дзяржавы».

Больш таго, «цяперашнія рэформы ў краінах — удзельніках праграмы «Усходняе партнёрства» — патрабуюць большага ўдзелу грамадзянскай супольнасці, каб узмацніць публічны давер да іх».

З гэтай мэтай яшчэ падчас працы над базавымі дакументамі «Усходняга партнёрства» нарадзілася ідэя стварэння Грамадскага форуму «Усходняга партнёрства». Асноўную мэту гэтага форуму ягоныя аўтары бачаць у тым, каб садзейнічаць пашырэнню кантактаў сярод грамадскіх арганізацый, станаўленню іх дыялога з публічнай адміністрацыяй.

З пачатку сакавіка праз інтэрнэт на сайце Еўрапейскай камісіі і прадстаўніцтваў ЕС у кожнай з краін грамадскім арганізацыям было прапанавана адказаць на наступныя пытанні:

1)    Які можа быць унёсак грамадскага сектару ў праграму УП?

2)    Якая павінна быць роля УП у працы грамадскага сектару?

3)    Якой можа быць структура кантактаў грамадскіх ініцыятыў у рамках праграм УП?

4)    Якое месца належыць Еўракамісіі ў гэтым працэсе?

Напрыканцы красавіка дэбаты былі завершаныя.

13 мая з улікам прапаноў і заўваг быў апублікаваны дакумент «Удзел грамадзянскай супольнасці ў праграме «Усходняе партнёрства». Ключавая роля ў ім адводзіцца Еўрапейскаму грамадскаму форуму. Папярэдне размова вядзецца пра штогадовую сустрэчу грамадскіх актывістаў краін УП. Падчас сустрэч будуць створаныя працоўныя групы па тэматычных пытаннях:

1.    Дэмакратыя, дзяржаўнае кіраванне, стабільнасць.

2.    Эканамічная інтэграцыя і канвергенцыя з палітыкай ЕС.

3.    Навакольнае асяроддзе.

4.    Кантаты паміж людзьмі.

Грамадскі форум праз згаданыя групы будзе мець сталую магчымасць падаваць прапановы і рэкамендацыі як на адрас ЕС, а таксама ўрадавых адміністрацый краін — удзельнікаў УП. Кожная група будзе мець каардынатара, які атрымае права ўдзелу ў самітах УП.

Эксперыменты ў галіне міжнацыянальнай каардынацыі дзейнасці NGO у рамках УП ужо здзейсненыя ў Чарнаморскім рэгіёне. У лютым мінулага года ў Адэсе адбылася сустрэча прадстаўнікоў 29 экалагічных арганізацый з Украіны, Малдовы і Румыніі. У маі таго ж года ў Кішынёве сустрэліся NGO, якія працуюць у галіне абароны права на свабоду слова.

Што да Беларусі, то першыя крокі ў гэтай галіне адбыліся ў красавіку. 22 красавіка прадстаўнікі грамадскіх арганізацый сустрэліся, каб абмеркаваць сваю пазіцыю наконт праграмы УП і ідэі Еўрапейскага грамадскага форуму. На думку ўдзельнікаў, форум «можа стаць месцам грамадскай экспертызы ўсіх прынцыповых пытанняў, звязаных з супрацоўніцтвам у рамках «Усходняга партнёрства».

Больш падрабязна пра будучы фармат працы форуму можна будзе казаць пасля таго, як у лістападзе ў Бруселі пройдзе першая сустрэча.

Каментаваць