«Усе ў шоку і разгубленасці»

Сябры Беларускай партыі «Зялёныя» зараз знаходзяцца ў Ліёне на Кангрэсе Еўрапейскіх Зялёных. Яны распавядаюць, як выглядае Францыя пасля ўчарашніх трагічных падзей.



Фота euronews.com


«Усе ў шоку і разгубленасці. Яшчэ ўчора на Кангрэсе абмяркоўвалі Сірыю, міграцыйны крызіс і іх наступствы, казалі пра тое, што наступствы могуць быць непрадказальнымі. Але такога не чакаў ніхто. Сёння на Кангрэсе выбары новага кіраўніцтва, і некаторыя кандыдаты нават не змаглі зрабіць прэзентацыю: расплакаліся ў працэсе. У французскіх зялёных офіс знаходзіцца ў тым раёне, які абстралялі. Нехта са знаёмых загінуў», — распавяла «НЧ» Марына Палякова.

 

Па яе словах, у сувязі з апошнімі падзеямі становіцца праблематычным правядзенне кліматычнага саміту ў Парыжы ў снежні, на якім планавалася прыняць вельмі важныя для лёсу планеты рашэнні. «Адно з самых буйных мерапрыемстваў было запланавана якраз у той залі, дзе ўчора захапілі закладнікаў», — зазначае актывістка.

 

На ўдзел у той імпрэзе ў рамках саміту ўжо зараз запісалася каля тысячы чалавек. Аднак эколагі кажуць, што зробяць усё, каб саміт адбыўся.

 

«Нягледзячы на абвешчанае ўначы надзвычайнае становішча, сам город Ліён сёння выглядае дастаткова мірна. Гарадскі транспарт працуе, аднак на ўваходзе стаяць паліцэйскія з металашукальнікамі. Народу на вуліцах няшмат. На некаторых кавярнях чорныя стужкі. У горадзе адмяняюць розныя канцэрты, прызначаныя на гэты ўік-энд. Тыя французы, з якімі размаўляеш, хутчэй шакаваныя, чым падаўленыя. Днём у цэнтры, як і па ўсёй Францыі, запланаваная акцыя салідарнасці. Многія людзі ўжо зараз нясуць кветкі ды месца акцыі», — кажа яна.

 

Што тычыцца палітычных наступстваў, то па словах экалагісткі, зараз французы асцерагаюцца росту радыкальных правых настрояў у грамадстве. Тым больш, што праз два месяцы ў краіне рэгіянальныя выбары, і ксенафобская партыя "Нацыянальны фронт" Марын Ле Пэн становіцца іх фаварытам.

Каментаваць