Уся ўлада клоунам!

Ісландыя працягвае здзіўляць свет. Мала ім дэфолту і вывяржэння вулкану. Цяпер да ўлады ў сталіцы прыйшла партыя пад кіраўніцтвам мясцовага коміка.

Увогуле, удзел у выбарах партый, праграмы якіх утрымліваюць камічныя лозунгі, не ісландскае ноў-хаў. Можна згадаць яшчэ заснаваную ў пачатку ХХ стагоддзя пражскай багемай Партыю радыкальных рэформаў у рамках існуючага закона. Партыя, нефармальным лідэрам якой быў Яраслаў Гашак і якая абяцала ў выпадку сваёй перамогі выдаць кожнаму пражаніну кішэнны акварыум, на выбарах сабрала 14 галасоў.



Ісландыя працягвае здзіўляць свет. Мала ім дэфолту і вывяржэння вулкану. Цяпер да ўлады ў сталіцы прыйшла партыя пад кіраўніцтвам мясцовага коміка.

Увогуле, удзел у выбарах партый, праграмы якіх утрымліваюць камічныя лозунгі, не ісландскае ноў-хаў. Можна згадаць яшчэ заснаваную ў пачатку ХХ стагоддзя пражскай багемай Партыю радыкальных рэформаў у рамках існуючага закона. Партыя, нефармальным лідэрам якой быў Яраслаў Гашак і якая абяцала ў выпадку сваёй перамогі выдаць кожнаму пражаніну кішэнны акварыум, на выбарах сабрала 14 галасоў.

У 1979 годзе спрабаваў балатавацца на пасаду прэзідэнта Францыі вядомы комік Калюш, які называў сябе «кандыдат — абсалютны нуль». Пасля таго, як рэйтынг Калюша дасягнуў 16 працэнтаў, палітычны бамонд не на жарт перапалохаўся. Коміку пачалі пагражаць, яго сябра загінуў пры таямнічых абставінах. У выніку Калюш зняў кандыдатуру на карысць Франсуа Мітэрана.

Усе згаданыя камічныя партыі і асобы ўдзельнічалі ў выбарах, набіралі нейкія працэнты, аднак перамагчы комікі ўпершыню здолелі толькі ў Ісландыі.

Здарылася гэта 29 мая. На выбарах у гарадскі парламент Рэйк’явіку 34,7 працэнта галасоў атрымала “Лепшая партыя — праект мясцовых камедыянтаў. Іх галоўнага канкурэнта, правую Незалежную партыю, падтрымалі 33,6 працэнта выбарцаў, Сацыял-дэмакратычны альянс — 19 працэнтаў, “Зялёныя набралі 7 працэнтаў. Такім чынам, 6 з 15 месцаў у гарадскім савеце дасталіся “лепшым. Акрамя таго, па мясцовых законах, лідэр партыі, якая атрымала нават адносную большасць у гарадскім савеце, робіцца бургамістрам.

Новым кіраўніком ісландскай сталіцы стане Йон Гнар. Йон Гнар нарадзіўся ў 1967 годзе. У маладосці быў панкам і нават іграў на гітары ў нейкай групе. Пачынаў сваю кар’еру на радыё. Пасля пісаў сцэнары для камедыйных шоу. У 2002 годзе паспрабаваў сябе на сцэне мясцовага камедзі-клаб. Быў рэжысёрам фільму. Акрамя таго, працаваў крэатыўным менеджэрам адной з кампаній.

У лістападзе мінулага года Йону прыйшла думка заснаваць партыю. На старце гэта было падобна да забаўкі. Так, бацькі-заснавальнікі заяўлялі, што іхнія партыя цалкам карумпаваная. У партыі не было праграмы: кіраўніцтва казала, што праграма — гэта сакрэт, які стане вядомы выключна пасля таго, як “лепшыя прыйдуць да ўлады. Здавалася, што сэнс праекту — папросту пасмяяцца з галоўных тэмаў ісландскай палітыкі.

Аднак на нейкім этапе нечакана людзі пачалі масава запісвацца ў шэрагі “Лепшай партыі. Хутка ўзнікла ідэя паспрабаваць удзельнічаць у выбарах. Першы блін не аказаўся камяком — і вось пасля выбараў 29 мая “лепшыя ўзялі пад кантроль сталічную мэрыю.

Што далей? Хаос і анархія, цырк і шоу? Не ўсё так проста.

Выбарчая платформа “Лепшай партыі, якая складаецца з 13 пунктаў, утрымлівае патрабаванні, характэрныя для партый левага спектру. Напрыклад, барацьба з карупцыяй, эфектыўная дэмакратыя, адмена платы за праезд для студэнтаў і бедных. Ёсць, натуральна, і жартоўныя абяцанні: «ручнікі ў басейнах для ўсіх», набыццё палярнага мядзведзя для гарадскога заапарку, будаўніцтва Дыснэйлэнду пад Рэйк’явікам і абвяшчэнне тэрыторыі парламента з 2020 года зонай, дзе будзе забаронена ўжываць наркотыкі. Акрамя таго, падчас кампаніі ў буклетах “Лепшай партыі гаварылася: «Мы абяцаем вам усе, у тым ліку тое, што не будзем выконваць нашых абяцанняў».

Сам Йон Гнар кажа пра сваю будучую палітыку на пасадзе мэра сур’ёзна, без усмешкі. Ён хоча, каб «партыя змяніла сістэму, якая цалкам сябе дыскрэдытавала».

Палітычныя аналітыкі кажуць, што феномен “Лепшай партыі звязаны з наступствамі эканамічнага крызісу, ахвярамі якога сталі таксама партыі істэблішменту. Прычым крызіс даверу настолькі глыбокі, што не дапамагла нават арганізаваная некаторымі партыямі кампанія, галоўнае пасланне якой — «Стань сур’ёзным, не аддавай горад у рукі клоунаў!». Пра маштаб крызісу таксама сведчаць вынікі апытання, адпаведна якому 70 працэнтаў гараджан пагаджаліся, што папярэдні мэр — сябра Незалежнай партыі, добра рабіў сваю працу.

Пра тое, што наўрад ці Рэйк’явік пасля 29 мая не ператворыцца ў цырк, таксама сведчыць гісторыя іншых партый, якія ўзніклі ў Еўропе падчас крызісу і па выніках выбараў трапілі ў прадстаўнічыя органы. Як правіла, без традыцый партыйнай культуры, з невялікім вопытам кіравання, пабудаваныя на харызме лідэра, а не кансалідаваныя ідэйна, яны хутка развальваліся (нідэрландскі Ліст Піма Фартэйна), або блакіраваліся са старымі партыямі (шведская “Партыя піратаў, дэпутацкая група якой у Еўрапарламенце ўступіла ў фракцыю “Зялёных).

Акрамя таго, як дэманструюць лічбы, “Лепшая партыя не мае абсалютнай большасці ў радзе Рэйк’явіку. Ёй давядзецца шукаць саюзнікаў, якімі, хутчэй за ўсё, стануць эсдэкі або “Зялёныя. Гэтыя партыі маюць досвед камунальнай палітыкі і, відавочна, не дапусцяць хаосу ў гарадской гаспадарцы.

У гэтым плане трыумф “Лепшай партыі можна спісаць на праяву псіхалогіі людзей у часы крызісу. У такі час хочацца забыцца пра цяжкасці. Кожны робіць гэта па-рознаму: адны п’юць, іншыя ідуць у казіно. У Еўропе зараз стала папулярным чытаць кнігі. А вось ісландцы галасуюць за комікаў.

Каментаваць