Выбары ў Германіі: усё пойдзе па плане

За восемь тыдняў да парламенцкіх выбараў нямецкія сацыял-дэмакраты пайшлі ў рашучую атаку на Ангелу Меркель. Бюргера спрабуюць падштурхнуць да галасавання за сацыял-дэмакратаў за кошт самых незвычайных і арыгінальных абяцанак.

Да дня галасавання на парламенцкіх выбарах у ФРГ засталося крыху больш за два месяцы. Што могуць зрабіць за гэты тэрмін эсдэкі, якія намагаюцца пасунуць «вечнага» канцлера Ангелу Меркель з пасады? З улікам лічбаў, якія прапаноўваюць сацыёлагі, зрабіць нельга нічога. За кансерватараў сёння згодныя галасаваць каля 36 працэнтаў выбаршчыкаў. Эсдэкам сімпатызуюць толькі 25 працэнтаў электарату. Часу занадта мала, каб кардынальна скараціць дыстанцыю.

Толькі не кажыце пра гэта Марціну Шульцу — кандыдату ад эсдэкаў, які ўпарта адмаўляецца капітуляваць. У Шульца сваё бачанне сітуацыі. У яго штабе думаюць, што вайна яшчэ не прайграная. Меркель апошнім часам сама дапускае шмат памылак, якія ўжо затармазілі рост яе рэйтынгу. Канцлеру не прабачылі канфлікт з Турцыяй, спрэчкі з ЗША, няздоль­насць усталяваць бяспеку падчас апошняга саміту G20 у Гамбургу.

Акрамя таго, на мінулым тыдні лагер Шульца мабілізаваўся і сам перайшоў у атаку. На суд грамадства была прадстаўленая новая выбарчая праграма сацыял-дэмакратаў пад амбіцыйнай назвай «План будучыні для сучаснай Германіі». Праграма аказалася медыяпа­дзеяй. Усё дзякуючы прысутным у тэксце арыгінальным выбарчым абяцанкам.

Што ж абяцае Шульц? Лідар эсдэкаў абяцае пабудаваць сапраўдны сацыяльны рай на нямецкай зямлі. Яго ўрад збіраецца ўвесці сістэму бясплатнага выхавання і адукацыі — ад дзіцячых садкоў да ўніверсітэтаў і прафесійных курсаў. Заможных немцаў у выпадку перамогі эсдэкаў чакаюць больш высокія падаткі.

Увогуле, эканомікай эсдэкі збіраюцца займацца ў духу часоў рузвельтаўскага «Новага курсу». Шульц марыць пра так званыя «інавацыйныя альянсы» — каманды з прадстаўнікоў прафсаюзаў, палітыкуму і бізнесу, якія будуць ствараць план для развіцця тых ці іншых галінаў. Прычым запуск планавай гаспадаркі ў Германіі павінен адбыцца на 50-ы дзень пасля фармавання новага сацыял-дэмакратычнага ўраду.

Самае рэзананснае абяцанне — адкрыць за кошт бюджэту кожнаму немцу банкаўскі рахунак Chancenkonto («Рахунак шанцу») памерам у 20 тысяч еўра. З гэтага рахунку яго ўладальнік можа браць грошы для павышэння кваліфікацыі ці пераадукацыі ў выпадку беспрацоўя або іншых крызісных сітуацый.

Нездарма пасля публікацыі плану партыя левых выказала гатоўнасць аднавіць кансультацыі з Шульцам наконт магчымай сумеснай кааліцыі. Раней партыя Сары Вагенкнехт, правадыркі левых, аднабакова выйшла з перамоваў з эсдэкамі, бо не ўбачыла ў Шульцу паслядоўнага левага палітыка. Напэўна, левым таксама спадабаўся і левы паварот у міжнародных поглядах Шульца, які ў сваёй праграме крытыкуе NАТО і фінансавую палітыку Еўрасаюза адносна Грэцыі.

Другі блок плана ад Шульца — абяцанні дынамічных інавацый у краіне. Выбаршчыку прапануюць хуткі інтэрнэт, новую сетку аўтабанаў, аднаўляльныя крыніцы энергіі, сучасную адукацыю плюс поўную дыгіталізацыю функцыянавання дзяржаўнай адміністрацыі. За канцлерам Шульцам кожны бюргер і юрыдычная асоба атрымае персанальны ўваход на агульнанацыянальны лічбавы партал Deutschlandportal, з дапамогай якога можна будзе вырашаць усе фармальнасці і пытанні, як гаворыцца ў плане, «лёгка і без бюракратыі». «Я хачу, каб дзяржава дзейнічала анлайн — 24 гадзіны ў суткі, сем дзён на тыдзень», — падкрэсліў кіраўнік эсдэкаў, адзначыўшы, што іншыя краіны ў гэтым плане ФРГ ужо абышлі.

Менавіта за кошт такіх праектаў, накіраваных у заўтра, Шульц намагаецца стварыць эсдэкам імідж наватараў, выставіўшы Меркель палітыкам з мінулага стагоддзя.

І, падаецца, гэты крок у Шульца атрымаўся. Думка пра тое, што краіна павінная глядзець у будучыню, а не задавальняцца няхай і вельмі ўтульным і заможным, але статус-кво, зачапіла многіх немцаў. Практычна ўсе найбуйнейшыя медыя абмяркоўваюць рэалістычнасць ініцыятыў, выкладзеных у плане. Праўда, шмат эканамістаў лічыць, што «Рахунак шанцу» і іншыя сацыяльныя і футуралагічныя праграмы, анансаваныя Шульцам, — папулізм найвышэйшай пробы.

Што да Меркель, то яна працягвае ўпарта ігнараваць усю апазіцыю. Канцлер дагэтуль адмаўляецца ўдзельнічаць у палемічных шоў разам з апанентамі — напэўна, каб падкрэсліць іх мікраскапічную прыроду. Палітык, якой нядаўна споўнілася 63 гады, не мае сумневаў у будучай перамозе. 16 ліпеня, калі Шульц прэзентаваў сваю праграму, Меркель спакойна заявіла, што мае намер у выпадку поспеху блока ХДС/ХСС на парламенцкіх выбарах у верасні ўзначальваць урад краіны да 2021 года.

Магчыма, калі рэйтынгі Шульца дзякуючы яго плану пачнуць расці, Меркель зменіць фармат сваёй кампаніі. Відавочна, што Шульц абраў тактыку бясконцых інфармацыйных атак, і яны будуць працягвацца да апошняга дня кампаніі. Такая рашучасць лідара эсдэкаў — гарантыя таго, што інтрыга на выбарах захаваецца да апошняга. Выбары ў Бундэстаг, нагадаем, адбудуцца 24 верасня.



Каментаваць