Усё што вы хацелі ведаць пра саміт «Вялікай дваццаткі»

У Вялікабрытаніі праходзіць саміт лідэраў дваццаці самых развітых краін свету. Напярэдадні лонданскае выданне «Guardian» у іранічнай форме адказала на самыя папулярныя пытанні чытачоў, звязаныя з «вялікай дваццаткай» (G20). Прапануем фрагменты на некаторыя з адказаў.

Чаму лідэраў будзе менавіта дваццаць?



У Вялікабрытаніі праходзіць саміт лідэраў дваццаці самых развітых краін свету. Напярэдадні лонданскае выданне «Guardian» у іранічнай форме адказала на самыя папулярныя пытанні чытачоў, звязаныя з «вялікай дваццаткай» (G20). Прапануем фрагменты на некаторыя з адказаў.

Чаму лідэраў будзе менавіта дваццаць?

У тым і справа, што іх не дваццаць. Прэм’ер Гордан Браўн сапраўды запрасіў 20 сваіх калег з 20 краін (Аргенціна, Аўстралія, Бразілія, Канада, Францыя, Індыя, Германія, Інданезія, Італія, Японія, Мексіка, Расія, Саудаўская Аравія, Паўднёвая Афрыка, Паўднёвая Карэя, Турцыя, ЗША, Чэхія — выконвае функцыі старшыні ў ЕС, Іспанія і Нідэрланды). Аднак там яшчэ будзе кіраўніцтва арганізацый Новае партнёрства для развіцця Афрыкі, Асацыяцыі Нацый Паўднёвай Азіі, Камісіі Афрыканскага Саюза, прэзідэнт Еўракамісіі, старшыні Сусветнага банку і Міжнароднага валютнага фонду. Такім чынам, усяго атрымліваецца 29 асобаў.

Хто будзе лідэрам саміту?


Натуральна, Абама. Ён так і кажа: «Мы гатовыя быць лідэрамі». Аднак амбіцыі ёсць у Нікаля Сарказі, які прадстаўляе Францыю, у Ангелы Меркель (не вельмі захапляецца планам Браўна і Абамы па стымуляцыі эканомікі). Расія таксама любіла раней на нешта прэтэндаваць, аднак зараз кошты на нафту вельмі ўпалі.

Аднак хто сапраўды мае права прэтэндаваць на ролю лідэра?

Бразілія — бо ў яе самая дынамічная эканоміка ў свеце. Акрамя таго, у краіны вельмі аўтарытэтны прэзідэнт. Кітай — безумоўна, наступная краіна-лідэр ХХІ стагоддзя. Японія захавае свой уплыў (крызіс у Японіі пачаўся дзесяць гадоў таму, і японцы ўжо ведаюць, у адрозненні ад іншых нацый, як трэба сябе паводзіць у такой сітуацыі). Паўднёвая Карэя і Турцыя — лепшыя эканомікі ў Азіі. Плюс Саудаўская Аравія са сваімі нафтадоларамі.

Хто дакладна не будзе лідэрам?

Аргенціна, якая не вельмі ўпісалася ў сусветную эканоміку. Аўстралія. Канада. Індыя, дзе гаспадарка расце буйнымі тэмпамі, а ва ўрадзе засядаюць 80-гадовыя дзядзькі. Інданезія — самая вялікая мусульманская краіна на планеце. Італія. Мексіка (занадта шмат раблем з наркотыкамі). Паўднёвая Афрыка мае патэнцыял, аднак дасюль не зразумела, куды яна ідзе. Іспанія сама адмовілася ад вядучай ролі, калі першай вывела войскі з Іраку, а зараз выводзіць з Косава.

Як будуць ахоўваць Абаму?


Калі Абама прыбудзе ў Англію, ён перасядзе на верталёт са спецыяльнымі прыборамі на выпадак ракетнай атакі. Непасрэдна ў Лондане Абама будзе ездзіць на машыне Cadillac One. У ім ёсць аўтаматы, газавыя балончыкі, і нават банка з запасам крыві на выпадак ранення. Акрамя таго з Абамай прыедуць 500 чалавек персаналу. Сярод іх ягоны персанальны ахоўнік Рэджы Лав, з якім ён кожную раніцу гуляе ў баскетбол.

Чаму кодавае імя Абамы Renegade (рэнегат)?

Кодавыя імёны ахоўнікі пачалі даваць прэзідэнтам у часы, калі баяліся праслухоўвання сваіх размоў. Цяпер такое наўрад ці магчыма, аднак традыцыя засталася. Абама сам прыдумаў сабе кодавае імя. Рэнегатамі называлі ў сярэднявечнай Іспаніі хрысціян, якія пасля прыходу арабаў прынялі іслам. На думку Абамы, у гэтым ёсць нейкая ідэя змены. У яго жонкі Мішэль кодавае імя Renesans (рэнесанс), а ў ягоных дачок Маліі і Сашы — Radiance (свячэнне) і Rosebud (ружовы бутон).

Што прыгатуе Джэймс Олівер (асабісты повар прэм’ер-міністра) на вячэру, якую дасць Гордан Браўн для ўдзельнікаў саміту?

У мінулым годзе на саміце ў Японіі гасцям прапанавалі вячэру з 18 пераменаў блюдаў. Палітыкі выглядалі ў выніку як мячыкі. Таму на гэты раз вячэра будзе больш сціплай. Джэймс Олівер адмаўляецца адкрываць сакрэт меню. Вядома толькі, што свініны дакладна не будзе. Самае цікавае, што ў вечар прыёму ягоная жонка павінна нарадзіць дзіця. Так што, магчыма, Олівер нават не пабачыць рэакцыю гасцей на ягоныя кулінарныя дасягненні.


Хто вырашае, дзе будуць сядзець палітыкі за сталом падчас вячэры?

Трэба спытацца ў міністра замежных спраў. Спецыяльны пратакол патрабуе, каб лідэры краін сядзелі ў цэнтры. Увогуле, вельмі важна таксама, хто будзе сядзець побач. Усе хацелі б, каб іх пасадзілі побач з Абамам. Адначасова мала хто хоча сядзець з аргенцінскім прэзідэнтам, прыхільніцай фемінізму Крысцінай Фернандэс дэ Кіршнэр або з італьянскім прэм’ерам Сільвіа Берлусконі. Каб не даць падставы для скандалаў, хутчэй за ўсё, усіх пасадзяць за стол па алфавіту.

Як наконт сувеніраў?

Гордан Браўн прапануе гасцям гальштукі, чайнікі, шакаладкі і саладосці. Што рабіць тым, хто гальштукі не носіць, — напрыклад Ангела Меркель або прэм’ер Індыі Манмахан Сінг? На гэта пытанне супрацоўнік прэс-службы брытанскага МЗС адказаў: «Не ведаю, аднак я вам патэлефаную пазней». Так, праўда, і не патэлефанаваў.

Якая пара будзе самай прыгожай на вячэры?


Гэта будзе бітва дзвюх першых лэдзі на брытанскай зямлі: Мішэль Абамы і Карлы Бруні (жонка Сарказі). Праўда, яшчэ ёсць жонка Берлусконі Вероніка Ларыа. Мы не чакаем, што вялікую ўвагу папарацы прыцягне другая палова кітайскага прэзідэнта Ху Цзіньтао. Святлана Мядзведзева — жонка расійскага лідэра, дастаткова сціплая на публіцы. І, натуральна, будзе сенсацыяй, калі кароль Саудаўскай Аравіі прыцягне на вечар хаця б адну са сваіх чатырох жонак. Не будзе партнёраў у Ангелы Меркель і Крысціны Фернандэс.

Колькі каштуе гэтая тусоўка?

Адпаведна інфармацыі Міністэрства замежных спраў, саміт будзе каштаваць 20 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. Кіраўнік МЗС лічыць, што гэта добры ход. Калі пасля саміту міравая эканоміка вырасце хоць на 0,1 працэнта, Аб’яднанае Каралеўства будзе багацей на 1 мільярд фунтаў. Леташні саміт у Японіі каштаваў арганізатарам 285 мільёнаў долараў ЗША.

Ад каго з палітыкаў можна чакаць выхадак падчас вячэры?

Хутчэй за ўсё, нумар можа выкінуць прэм’ер Аўстраліі Кевін Руд. Два гады таму ён прасіў прабачэння ў жонкі за выхадку ў Нью-Йорку. Напіўшыся, палітык пайшоў шукаць прыгод у стрып-бар. Калі алкаголь зноў стукне яму ў галаву на прыёме ў Браўна, ён можа паўтарыць фокус, прыхапіўшы ў кампанію Гордана, Нікаля або Ангелу.
 

Каментаваць