Утрымаць Каталонію

Каталонскі парламент 9 лістапада прыняў дарожную карту пераходу краю да незалежнасці. Гэта прымусіла аматараў іспанскай дзяржаўнасці распрацаваць контрплан для захавання адзінства краіны. У чым яго сутнасць?



Фота somatemps.me


Рубікон пяройдзены — такі лейтматыў каментараў у іспанскіх выданнях, якія выступаюць супраць каталонскага сепаратызму. Канстатаваўшы факт публікацыі Дэкларацыі пра незалежнасць, дзяржаўнікі пачалі рэфлексаваць наконт рэцэптаў выратавання тэрытарыяльнага адзінства. Трэба сказаць, што лагер праціўнікаў незалежнай Каталоніі ў Іспаніі дастаткова шырокі — ад сацыялістаў да правых радыкалаў. Адсюль і цэлая палітра ідэй і праектаў наконт таго, як можна захаваць краіну ў яе цяперашніх межах.

Большасць каментатараў лічыць, што гідру каталонскага сепаратызму можна «задушыць» прававымі інструментамі. Акцэнт робіцца на тым, што дакумент, прыняты 9 лістапада, парушыў 155-ы параграф Канстытуцыі, які адкрыта забараняе адміністратыўным суб’ектам Іспанскага Каралеўства аднабаковы выхад са складу дзяржавы. Таму пастанова іспанскага Канстытуцыйнага трыбунала, які абавязкова мусіць даць ацэнку «дарожнай карце», відавочна, будзе негатыўнай.

Лічыцца, што на аснове таго вердыкту, які пабачыць свет днямі, урадам будзе выпрацаваная канкрэтная стратэгія, як паралізаваць рух Каталоніі да незалежнасці. Прэса мяркуе, што будзе прыняты закон аб адказнасці за непадпарадкаванне цэнтру. Таксама з’явіцца індэкс тых асоб, хто парушае згаданую пастанову.

Абмяркоўваецца механізм замарозкі сродкаў, якія знаходзяцца на банкаўскіх рахунках Генералітэту — так называюць каталонскі ўрад. Фінансавая катавасія, натуральна, можа негатыўна паўплываць на падрыхтоўку першага бюджэту незалежнай Каталоніі, не кажучы пра тое, што рэгіёну ва ўмовах крызісу і так хранічна не хапае грошаў. За апошнія чатыры гады аўтаномія атрымала з цэнтру 39 мільёнаў еўра датацый.

Галоўная зброя Мадрыду — ініцыятыва правядзення плебісцыту наконт незалежнасці Каталоніі. Па-сутнасці, ідэя рэферэндуму — пастка для нацыяналістаў. Называючы сябе дэмакратамі, яны могуць абвясціць незалежнасць выключна са спасылкай на тое, што выказваюць волю народу. Аднак наўрад ці "Junts pel Sí" — кааліцыя нацыяналістаў — здольная выйграць усеагульнае галасаванне. На апошніх вераснёўскіх выбарах каталонскія незалежнікі атрымалі толькі 48 працэнтаў галасоў, хаця з-за асаблівасцяў мясцовага Выбарчага кодэксу маюць у парламенце дэпутацкую большаць. Тое, што пры такім раскладзе 9 лістапада незалежнікі прынялі Дэкларацыю пра незалежнасць, мадрыдскія СМІ падаюць як акт маніпуляцыі. На іх думку, фарсіраванне незалежнасці без падтрымкі большасці — дыскрэдытацыя каталонская дэмакратыі.

Некаторыя дзяржаўнікі таксама маюць надзею на паступовую эрозію лагера незалежнікаў. Ахілесавай пяткай нацыяналістычнай кааліцыі ў каталонскім парламенце з’яўляюцца левыя радыкалы з партыі "Кандыдатура народнага адзінства" (CUP), без галасоў якіх нацыяналісты не маюць большасці. Апошнія заявілі, што не падтрымаюць праект каталонскай Канстытуцыі, паколькі яна будзе пісацца пад дыктоўку ліберала Артура Маса, лідара "Junts pel Sí". Усе прагназуюць таксама спрэчкі паміж "Junts pel Sí" і CUP па праекту дакумента, які павінен закласці асновы сістэмы сацыяльнай абароны ў незалежнай Каталоніі.

Таксама трэба звярнуць увагу на тое, што праціўнікі незалежнасці кантралююць каля 40 працэнтаў дэпутацкага корпусу ў парламенце Каталоніі. Нягледзячы на ідэалагічную стракатасць гэтага лагеру — сацыялісты, кансерватары, лібералы, эколагі — могуць сабатаваць заканадаўчы працэс, якія павінен стварыць прававы фундамент будучай дзяржавы. Хутчэй за ўсё, будуць намагацца ігнараваць пастановы Генералітэту і муніцыпалітэты, якія кантралююцца партыямі, арыентаванымі на Мадрыд.

Безумоўна, сярод дзяржаўнікаў ёсць і прыхільнікі радыкальных рашэнняў. Гэта ўльтраправыя партыі, што апелююць да арміі і караля, якія паводле Канстытуцыі нясуць адказнасць за дзяржаўнае адзінства. Найбольш маргінальныя групоўкі абяцаюць развязаць кампанію тэрору супраць лідараў каталонскага незалежніцкага руху. Праўда, гэта вельмі нешматлікія ініцыятывы.

Нельга сказаць, што ўсе ў Мадрыдзе стаяць на пазіцыях жорсткай канфрантацыі з Барселонай. Сацыялістычная прэса лічыць, што можна знайсці кампраміс праз пачатак канстытуцыйнай рэформы, у выніку якой Іспанія трансфармуецца ў федэральную дзяржаву.

Нягледзячы на ўсе пагрозы з боку цэнтра, у Барселоне пакуль выкідваць белы сцяг не збіраюцца. Парламентары-незалежнікі плануюць у самым хуткім часе пачаць працу над пакетам статутных дакументаў будучай дзяржавы. Ужо вядома, што праект каталонскай Канстытуцыі будзе прадстаўлены на абмерванне грамадскасці адразу пасля Новага года. 

Каментаваць