Узброены мяцеж у Таджыкістане: забіты 33 вайскоўцы, верныя прэзідэнту Рахмону

У ходзе нападаў ў Душанбэ загінулі 33 супрацоўнікі МУС і Мінабароны Таджыкістана, а таксама 9 вайскоўцаў з групоўкі мяцежнага намесніка міністра абароны, паведамілі ў пятніцу інфармацыйныя агенцтвы.



Нападамі кіраваў былы намеснік міністра абароны Абдухалім Назарзада. Ён належаў да таджыцкай апазіцыі, што ваявала за ўладу ў 1990-я, а пасля, паводле пагаднення пра мір, атрымала 30% пасадаў у дзяржапараце.

На мінулым тыдні прэзідэнт Рахмон забараніў Партыю ісламскага адраджэння, што выйшла з узброенай апазіцыі 90-х і звольніў Назарзаду.

Як паведамляецца, Назарзада і 135 верных яму байцоў дэсантна-штурмавой брыгады Міністэрства абароны знаходзяцца за 45 кіламетраў на ўсход ад Душанбэ ў цясніне Раміт.

Таджыкістан уваходзіць у Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бяспецы разам з Беларуссю.

Грамадзянская вайна 90-х ішла між ісламістамі і посткамуністамі. На чале апошніх стаяў прэзідэнт Рахмон. Пасля падпісання дамовы аб прымірэнні Рахмон паступова падмяў пад сябе ўсе структуры ўлады ў краіне. 

На сітуацыю ў краіне моцна ўплывае вайна ў Афганістане, дзе жыве шмат таджыкаў, і падзенне эканомікі Расіі, у выніку якога шмат гастарбайтараў вымушаны былі вярнуцца дамоў беспрацоўнымі.

Паводле: "Наша Ніва"

Каментаваць