Ужо каля 3 мільёнаў брытанцаў выступаюць за паўторны рэферэндум

Каля 3 мільёнаў жыхароў Вялікай Брытаніі да нядзелі, 26 чэрвеня, падпісалі петыцыю аб правядзенні паўторнага рэферэндуму ў пытанні аб выхадзе краіны з Еўразвязу. Пры гэтым для разгляду петыцыі парламентам дастаткова сабраць 100 тыс. подпісаў.
Фота dw.com

Фота dw.com


У звароце ўказваецца, што правядзенне новага плебісцыту патрабуецца ў сувязі з тым, што яўка на рэферэндуме, які адбыўся 23-га чэрвеня не перавысіла 75 %, а за выхад з Еўрапейскага Звязу прагаласавала менш за 60 % удзельнікаў рэферэндуму.

Для ўдзелу ў галасаванні зарэгістравалася 46,5 млн брытанцаў. А прыйшлі на ўчасткі звыш 33,5 млн чалавек. Яўка склала 72,1 %, што зʼяўляецца самым высокім паказнікам у Вялікай Брытаніі, пачынаючы з 1997-га года.

Большасць экспертаў мяркуе, што выхад Брытаніі з ЕЗ не прынясе краіне ніякай карысці. Паводле падлікаў экспертаў з нямецкага Фонду Бэртэльсмана (Bertelsmann Stiftung), выхад з ЕЗ можа каштаваць Вялікай Брытаніі 14 % яе валавога ўнутранага прадукту (ВУП), або € 300 млрд.

Штогод Вялікая Брытанія плоціць у бюджэт ЕЗ каля 17 млрд фунтаў (каля € 21 млрд), але блізу 6 млрд (каля € 7,4 млрд) фунтаў вяртаюцца ў краіну ў выглядзе грантаў і субсідыяў.

Паводле belsat.eu


Каментаваць