Ва Украіне просяць смерці

Пакуль шакаванае расстрэлам Канавалава і Кавалёва беларускае грамадства патрабуе ад улады як мінімум мараторыя на смяротнае пакаранне, шматлікія ўкраінцы мараць пра адваротнае. Прычынай стала трагедыя мікалаеўскай дзяўчыны Аксаны Макар. Пра гэта журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з кіеўскім журналістам Юрыем Дакукіным.



Пакуль шакаванае расстрэлам Канавалава і Кавалёва беларускае грамадства патрабуе ад улады як мінімум мараторыя на смяротнае пакаранне, шматлікія ўкраінцы мараць пра адваротнае. Прычынай стала трагедыя мікалаеўскай дзяўчыны Аксаны Макар. Пра гэта журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з кіеўскім журналістам Юрыем Дакукіным.

— 9 сакавіка ў Мікалаеве трое маладых людзей запрасілі 19-гадовую Аксану Макар у кватэру, па чарзе згвалтавалі яе, а затым прыдушылі. Пасля паспрабавалі замесці сляды і спаліць цела ў двары на вогнішчы, не зразумеўшы, што Аксана яшчэ жывая. Дзяўчына выжыла, але знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане: ёй ужо ампутавалі руку і стопы. Зараз сітуацыя вельмі складаная. За станам здароўя Аксаны назірае ўся краіна. Аднак відавочна — нават калі дзяўчынка выжыве, яна застанецца калекай.

— Менавіта гэты садызм і выклікаў у грамадстве патрабаванні вяртання ў Крымінальны кодэкс артыкула пра смяротнае пакаранне?

— Так. Акрамя таго, сама ж дзяўчына, калі прыйшла ў свядомасць, з дапамогай мамы запісала зварот на відэа, у якім папрасіла расстраляць гвалтаўнікоў. Пазней у інтэрнэце з’явілася відэа, у якім Аксана на бальнічным ложку кажа, што жадае, каб тым хлопцам у дадатак «адрэзалі яйкі і далі з’есці сабакам», ці каб іх згвалтавалі на зоне.

— Маці пацярпелай, патрабуючы смерці для гвалтаўнікоў, прыводзіць пакаранне Кавалёва і Канавалава ў якасці прыкладу. Цытую: «Калі ім дадуць пажыццёвае, то гэтага для іх будзе мала. Бо іх будуць карміць тры разы ў дзень, вадзіць у лазню... У Беларусі каралі смерцю тэрарыстаў, так і гэтых трэба, але на вачах у іх бацькоў». Наколькі апошнія падзеі ў Беларусі ўплываюць на дыскусію ва Украіне наконт смяротнага пакарання?

— На самай справе, праекцый на сітуацыю ў Беларусі з боку тых, хто выступае за смяротнае пакаранне для гвалтаўнікоў Аксаны, вельмі мала. Пагроза тэрарызму — за гэта асудзілі хлопцаў у Мінску, — тым больш з палітычным прысмакам, здаецца ўкраінцам фантомнай. Злачынства ў Мікалаеве іншага кшталту. Яно звязана з балючай для Украіны тэмай так званых «мажораў». Апошнім часам было зарэгістравана шмат выпадкаў, калі дзеці багатых бацькоў нахабна паводзілі сябе ў публічных месцах. Найбольш гучнай была справа Рамана Ландзіка, сына аднаго з бонзаў луганскай Партыі рэгіёнаў. Ён моцна збіў у кафэ дзяўчыну. Пазней стала вядома, што гэта не першы выпадак. Ландзік за год да гэтага нават пераехаў на машыне 17-гадовага хлопца. Аднак бацька сына «адмазаў». Гэта выклікала такі моцны пратэст грамадства, што нават Януковіч узяў справу пад кантроль. У выніку «мажора» асудзілі на тры гады. У Мікалаеве сітуацыя нейкім чынам паўтарылася. Адзін з трох гвалтаўнікоў быў сябрам Саюза маладых рэгіёнаў Украіны. Гаворка пра 23-гадовага Максіма Прысяжнюка. Акрамя таго, ён — сын экс-кіраўніка адміністрацыі аднаго з гарадоў Мікалаеўшчыны. А тое, што двух з трох гвалтаўнікоў пасля першага допыту адпусцілі, яшчэ больш раз’юшыла людзей.

— Хто канкрэтна з палітыкаў і партый патрабуе ўвядзення смяротнага пакарання?

— На жаль, практычна ніводная палітычная сіла не ўпусціла магчымасці зрабіць рэкламу на гэтай тэме. Так, напрыклад, Кампартыя прапанавала вярнуць вышэйшую меру пакарання для асобаў, якія зрабілі цяжкія злачынствы. Падтрымалі ідэю і іх ідэйныя праціўнікі — нацыяналісты з партыі «Свабода». Выказаліся ў падтрымку смерці і некалькі дэпутатаў з Партыі рэгіёнаў. Не так даўно дзяўчыны з ініцыятывы «Femen» акупавалі ўваход у Генеральную пракуратуру Украіны і скандавалі: «Смерць садыстам!» і «Пакараць смерцю нягоднікаў!»

— Наколькі рэальна, што ўлада пойдзе на вяртанне да смяротнага пакарання?

— Думаю, што ніякіх зменаў не будзе. Прынамсі пакуль. Украіна адмяніла смяротнае пакаранне таму, што ўзяла ў свой час адпаведныя абавязкі перад Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы. Кіраўнік юрыдычнага ўпраўлення Вярхоўнай Рады Міхаіл Цяплюк, каментуючы ініцыятывы камуністаў, заявіў, што смяротнае пакаранне прызнана ва Украіне неканстытуцыйным з улікам агульных артыкулаў Канстытуцыі Украіны. Раней Канстытуцыйны суд Украіны ўжо прымаў адпаведнае рашэнне.

— Аднак нельга забываць, што на носе парламенцкія выбары...

— Я б не хацеў так моцна ідэалізаваць празрыстасць і дэмакратычнасць нашай выбарчай сістэмы. Аднак думаю, што ў выніку выбаршчык добрае падумае, ці патрэбна яму тое смяротнае пакаранне. Існуе вялікая праблема няякаснай праваахоўнай і судовай сістэмы. Толькі 10 працэнтаў крымінальных спраў, па статыстыцы, расследуецца. Гэта дае прастор для махінацый і карупцыі. Быў у нас не так даўно такі маньяк Сяргей Ткач, які доўга гуляў на волі. Дык вось, за зробленыя ім забойства былі памылкова асуджаны 10 чалавек. Аднаго з іх — 14-гадовага хлопчыка па абвінавачванні ў забойстве сваёй дзевяцігадовай пляменніцы — асудзілі на 15 гадоў. Ён адсядзеў два, перад тым, як Ткач прызнаўся ў гэтым забойстве. Іншы асуджаны па справе таго ж Ткача быццам за забойства ўласнай дачкі, у турме не вынес катаванняў і абвінавачванняў і павесіўся. І гэта толькі самыя вядомыя выпадкі.

— Такім чынам, смяротнае пакаранне не пагражае ўкраінцам. Аднак, магчыма, тое, што адбылося ў Мікалаеве, можа паўтарыцца і, адпаведна, змяніць падыходы. Адсюль пытанне: выпадак у Мікалаеве — гэта не тэндэнцыя?


— Зразумела, што гэта не проста выпадак. Так, шмат каму падабаецца версія пра тое, што схільнасць да садызму нашмат бліжэй дзецям высокіх адказных чыноўнікаў і бізнэсмэнаў, чым дзецям так званых простых людзей. «Мажораў» быццам аўтаматычна разбэшчвае асяроддзе, у якім яны растуць. А партыя «Свабода» ў піку ініцыятыве Януковіча надаць рускай мове статус дзяржаўнай, кажа, што крыніцы злачынства палягаюць у тым, што ў Мікалаеве размаўляюць па-руску. Быццам гэта мова шансонаў, што крыміналізуе грамадства. Гэта, натуральна, перабор. Затое ў вочы кідаецца сапраўды жудасная маральная дэградацыя.

Адзін з гвалтаўнікоў — малады бацька, які, па словах сведак, амаль не можа жыць без алкаголю. Далей — Аксана пагадзілася зайсці дахаты да хлопцаў, з якімі толькі што пазнаёмілася ў кафэ. Прычым па дарозе яны быццам набылі ў яе прысутнасці гарэлку і прэзерватывы. Чаму яна пайшла з імі? Хіба ў 19 гадоў — не час ужо разумець, што прыватная кватэра — не месца для спатканняў з малазнаёмымі людзьмі? Яшчэ страшней рэакцыя публікі. 10 сакавіка Аксану знайшлі ледзь жывой. Аднак толькі 13 сакавіка, гэта значыць на чацвёрты дзень пасля трагедыі, некалькі дзясяткаў чалавек правялі пікеты РАУС, а затым на цэнтральнай плошчы Мікалаева, чым прыцягнулі ўвагу да справы з боку СМІ і грамадства. Але чым быў выкліканы гэты пікет? Выключна тым, што па інтэрнэту прайшла плётка пра тое, што сярод абвінавачаных ёсць “мажоры з Партыі рэгіёнаў. З такім прымітыўным узроўнем грамадскай свядомасці і маралі не дзіўна, што грамадства ўсё часцей жадае вяртання да практыкі смяротнага пакарання.
 

Каментаваць