Ва Украіне аб'яўлена жалоба па загінулых данбаскіх шахцёрах

Тым часам, лічба загінулых дагэтуль не высветленая — калі незалежны прафсаюз гаворыць пра 16 чалавек, прадстаўнікі сепаратыстаў пацьвярджаюць гібель 33 чалавек.



На паверхню паднятыя ўжо сем целаў загінулых. Доступ ратаўнікоў да месца трагедыі ў шахту імя Засядзько замаруджаны з-за скапленняў метану, выкід якога і стаўся прычынай выбуху на глыбіні 1230 метраў.

Незалежны прафсаюз гарнякоў заявіў, што ў данецкіх сепаратыстаў не хапае рэсурсаў для правядзення паўнавартаснай выратавальнай аперацыі. Тым не менш, сепаратысты раней адмовіліся пускаць у шахту і даваць гарантыі бяспекі ўкраінскім ратаўнікам. Агулам у момант выбуху пад зямлёю знаходзілася 230 шахцёраў.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка абвясціў сёння дзень жалобы па шахцёрах на Данбасе: а 12 дня ва ўсёй Украіне хвілінай маўчання ўшануюць памяць загінулых, дзяржаўныя сцягі на адміністрацыйных будынках будуць прыспушчаныя, а забаўляльныя тэлевізійныя праграмы ды канцэрты і спартовыя мерапрыемствы — адмененыя.

Каментаваць