Ва Украіне выбіраюць Вярхоўную Раду (фотарэпартаж)

На выбарчых участках Кіева з самай раніцы назіраюцца чэргі выбарцаў. Украінцы галасуюць за партыі і за асобных кандыдатаў па мажарытарным спісе сваёй акругі.



“У краіне-та вайна. Вельмі хочам міра. Спадзяемся, што новая Рада дапаможа ў гэтым,” — кажа Зінаіда Васільеўна.

“Я маю надзею, што ўсё-такі памяняецца не сістэма ўлады, а сістэма арганізацыі супольнасці. Украінская нацыя — вольная нацыя. Яна ніколі не была канчаткова падпарадкавана, пра што, дарэчы, сведчыць наша багацейшая, старажытная ўкраінская мова. У грамадстве такі велічэзны струс у сувязі з тым, што Майдан адбыўся. Зараз вельмі зручны момант, каб зрабіць рэзкі цывілізацыйны рывок у развіцці. Таму нам патрэбныя гэтыя датэрміновыя выбары. Вы ж бачыце, Еўропа глядзіць на нас з надзеяй,” — кажа выбарца Аляксандр.

“На гэтых выбарах у мяне няма асаблівых надзей. Я не бачу ў спісах мажарытарнікаў, за якіх варта галасаваць. Аналагічная сітуацыя наконт партый. Чаму прыйшоў? Бо гэта святы абавязак кожнага грамадзяніна. Калі не прыходзіць на выбары, наступным разам магчымасці выбіраць можа і не будзе”, - кажа маладзён Андрэй.

“Гэтыя выбары вельмі важныя. Абранне новай Рады дазволіць больш эфектыўна праводзіць рэформы і, спадзяюся, паспрыяе ўрэгуляванню сітуацыі на Усходзе Украіны. Думаю, што выбары адбудуцца. Ужо зранку прыйшло шмат людзей. Выбарцы сёлета і на прэзідэнцкіх выбарах, і зараз дэманструюць высокую грамадзянскую актыўнасць. Гэта несумненна радуе,” — кажа старшыня камісіі ўчастка №800621 Ігар Гошка, бацька якога, дарэчы, паходзіць з Рэчыцы Гомельскай вобласці.

У сувязі з тым, што ўчастак №800621 горада Кіева адкрыўся на 15 хвілін пазней, сярод тых, хто прыйшоў роўна а 8 прайшла хваля абурэння. Некаторыя нават намагаліся падаць скаргу на працу камісіі. Але ў астатнім камісія працуе празрыста і дэмакратычна. У сувязі з узмоцненымі мерамі бяспекі ўчасткі сумесна ахоўваюць міліцыянты і супрацоўнікі СБУ. Прадстаўнікі сілавых структураў ветліва прасілі іх не фатаграфаваць.

Каментаваць