Вайна за ААН працягваецца

На фінальны этап выходзіць працэдура абрання новага, восьмага ў гісторыі аб’яднання генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Ці не выльюцца выбары ў новае змаганне паміж Масквой і Вашынгтонам?

 Фота www.russiancouncil.ru


Непасрэдна працэдура абрання распачалася яшчэ ў красавіку, калі жадаючых ачоліць вядучую міжнародную арганізацыю на планеце пачалі запрашаць на сумоўе, высвятляючы іх адпаведнасць крытэрам генсека. Справа гэта нялёгкая. Напрыклад, адно з патрабаванняў да кандыдатаў — не ўжываць у побыце брудных жартаў.

Наступны раунд — пасяджэнне Савета Бяспекі, у якім зараз 15 сябраў, і які правядзе патаемнае галасаванне сярод тых, хто прайшоў сумоўе. Той, хто набраў больш за ўсё галасоў, будзе рэкамендаваны для зацвярджэння на Генеральнай Асамблеі. Плануецца, што сябры СБ вызначыцца з адзіным кандыдатам да кастрычніка, аднак фіксаваных тэрмінаў працэдуры няма.

Увогуле, жаданне заняць вакансію генсека выказалі каля тузіна чалавек. Да этапу сумоўяў дайшлі восем. Аднак найбольш шансаў у балгаркі Ірыны Бокавай і прадстаўніцы Новай Зеландыі Хелен Кларк. Высокія каціроўкі Ірыны і Хелен тлумачацца не толькі з тым, што цяперашні генсек Пан Гі Мун бачыць сваім пераемнікам менавіта жанчыну. За прэтэндэнткамі стаяць моцныя геапалітычныя сілы.

Белы дом лабіруе Кларк — былога лейбарысцкага прэм’ера Новай Зеландыі. Масква робіць стаўку на балгарку, што, дарэчы, цалкам лагічна з улікам некаторых абставін яе біяграфіі. Бацька Ірыны Георгій Бокаў быў адным з кіраўнікоў Балгарскай камуністычнай партыі, удзельнікам антыфашысцкага супраціву. Сама Ірына (нарадзілася ў 1955 годзе) — дыпламат, пікам кар’еры якой было старшынства ў ЮНЕСКА.

На першы погляд, выбары генсека не вартыя асаблівай увагі. Генсек ААН — хутчэй, адміністратыўная фігура, якая адказвае за апарат і тэхнічную працу арганізацыі, фармальна яе прадстаўляе, даводзіць да ведама Савета Бяспекі інфармацыю па праблемах, якія пагражаюць, на яго думку, падтрыманню міжнароднага міру і бяспекі. На самай справе, відавочна, што рэальна ўсім запраўляюць пяць сталых сяброў Савету Бяспекі — Расія, ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і Кітай. Кожная з гэтых краін мае права накладаць вета на прынятыя Генеральнай Асамблеяй рашэнні.

Аднак гэтым разам сітуацыя нестандартная. Па-першае, у атмасферы цяперашняй «халоднай вайны» паміж Масквой і Вашынгтонам пасада генсека набывае моцны сімвалічны капітал. Па-другое, заклікі да рэформы ААН гучаць усё гучней. Ідэя пазбавіцца дыктату сталых сяброў Саўбезу аб’яднала дзяржавы з палярнымі ідэалогіямі — ад Зімбабве да Германіі і Японіі. Лічыцца, што перамены проста непазбежныя, і прыйдуцца на бліжэйшыя гады.

Прапануюцца самыя незвычайныя фарматы новай ААН. Напрыклад, ёсць ідэя ўвесці ў склад сталых сябраў Саўбезу прадстаўніка грамадзянскага сектару, які ў дадатак атрымае права вета. Ёсць прапанова надаць больш паўнамоцтваў генсеку, які зможа праводзіць аўтаномную ад сталых сяброў Саўбезу палітыку. Аднак большасць лічаць, што рэформа можа пайсці па двух шляхах. Першы — пашырэнне складу пастаянных сябраў Савета Бяспекі ААН. Другі — рост колькасці непастаянных удзельнікаў Саўбезу. З 1986 года ў іх лік уваходзіць дзесяць краін па прынцыпу ратацыі.

Відавочна, праект рэформы, яе ход і, магчыма, нават будучы фармат ААН шмат у чым будуць залежаць ад кіраўніка аб’яднання. Нарэшце, не выключана, што ў выпадку росту міжнароднай канфрантацыі генсек будзе вымушаны ўзяць на сябе дадатковую асабістую адказнасць. Дарэчы, Хелен Кларк адкрыта кажа, што ў выпадку сваёй перамогі будзе дамагацца таго, каб ААН была эфектыўнай структурай. На яе думку, Арганізацыя павінна ўмешвацца ў канфлікты яшчэ на ранняй стадыі, выкарыстоўваючы рэсурс няўрадавых арганізацый. Праграма Бокавай больш кансерватыўная: яна лічыць, што сябрам ААН перш за ўсё трэба развіваць мастацтва пошуку дыялогу.

Пакуль што інтрыга вакол прозвішча будучага генсека захоўваецца. Як у Кларк, так і ў Бокавай хапае плюсаў. Кандыдатура Кларк, якая ў мінулым займалася праблемамі бежанцаў, сімпатычная еўрапейскім дзяржавам — ахвярам міграцыйнага крызісу. Дадае пунктаў і яе інтарэс да актуальнай праблемы змены клімату.

У Бокавай свой джокер — нефармальнае правіла рабіць ратацыі генсекаў па геаграфічным прынцыпе. Зараз у кулуарах Арганізацыі папулярная ідэя генсека, які паходзіць з нейкай усходнееўрапейскай краіны. Так здарылася, што палітыкі з гэтага рэгіёну праз тое, што ён доўгі час быў фактычным пратэктаратам СССР, не разглядаліся ў якасці кандыдатаў на пасаду кіраўніка ААН.

Аднак не выключана, што на выбары паўплываюць і новыя фактары. Напрыклад, літаральна на днях выбухнула эпідэмія халеры на Гаіці, а да ЗША і Еўропы падбіраецца вірус Зіка. Адначасова Філіпіны заявілі пра магчымы выхад з ААН з-за таго, што Арганізацыя крытыкуе практыку забойства без суду і следства наркабаронаў. Актуальныя выклікі могуць прымусіць шукаць на вакансію генсека не вопытнага функцыянера, а крызіснага менеджара. У любым выпадку, развязкі інтрыгі наконт новага генсека засталося чакаць нядоўга.

Нарэшце, нельга не ўлічваць і яшчэ адзін варыянт. Статут ААН не забараняе Савету Бяспекі рэкамендаваць Генасамблеі больш за аднаго кандыдата, хаця да гэтага часу кандыдат быў толькі адзін.



Каментаваць