Вайна з каптурамі

Новы скандал на расавай глебе ў ЗША: 17-гадовы тынэйджар забіты за тое, што ён насіў вопратку, якая ў разуменні абывацеляў лічыцца адзеннем чарнаскурых гангстэраў.



Новы скандал на расавай глебе ў ЗША: 17-гадовы тынэйджар забіты за тое, што ён насіў вопратку, якая ў разуменні абывацеляў лічыцца адзеннем чарнаскурых гангстэраў.

Трэйвана Марціна, 17-гадовага чарнаскурага хлопца, забілі ў Фларыдзе 26 лютага. Забойца — 27-гадовы Джордж Цымерман — выконваў функцыі ахоўніка кварталу. Перад тым, як стрэліць, ён некалькі разоў тэлефанаваў у паліцыю і казаў, што хлопец нагадвае яму наркадылера, паколькі носіць худзі (англ.: нoody) байку з каптуром, якую таксама часта называць «кенгуру». У выніку тая «кенгуру» і стала апраўданнем для забойства.

Выпадак у Фларыдзе нарабіў шуму. Па ўсёй краіне прайшлі маршы, так званыя «million hoodie marches» — маршы мільёнаў каптуроў. Шмат прафесійных спартсменаў выклалі ў інтэрнэце свае здымкі, на якіх яны апранутыя ў худзі. Ускосна ў абарону права на нашэння «кенгуру» выступілі шматлікія палітыкі, уключаючы Барака Абаму. Застаецца дадаць, што 10 красавіка стала вядома, што забойца знік. Арганізацыя «Чорныя пантэры», якая абараняе чарнаскурых, абвясціла пра прыз у сто тысяч долараў, якія атрымае той, хто выдасць Цымермана.

Напэўна, каб зразумець, у чым сутнасць праблемы худзі, трэба ўзгадаць гісторыю. Увогуле, гэты фасон з’явіўся ў сярэднявечныя часы. Тады гэта было «прафесіянальнае адзенне» манахаў. Худзі вярнулася ў гардэроб еўрапейцаў у 1930-я гады. Тыя худзі пачалі насіць будаўнікі і індустрыяльныя працоўныя ў Штатах.

У 1970-я гады байка з каптуром стала часткай стылю аматараў стылю hip-hop, піянерамі якога была моладзь вельмі крыміналізаваных чорных кварталаў Нью-Ёрку. З-за гэтай прычын худзі пачалі асацыяваць з крымінальнымі цемнаскурымі элементамі. Фільм «Рокі», дзе герой Сільвестра Сталонэ носіць менавіта такую байку, спрычыніўся да сапраўднага буму папулярнасці вопраткі. Пасля дэманстрацыі карціны спартоўцы і атлеты, а таксама школьнікі дружна жадалі атрымаць такую ж байку, як Рокі.

Нядзіўна, што хутка худзі зацікавіліся мадэльеры. «Кенгуру» можна рэгулярна пабачыць у калекцыях Джорджыа Армані, Ральфа Лорэна.

Аднак цалкам адмыць худзі ад налёту злачыннасці не ўдалося. У 1990-х гадах худзі становіцца знакам сацыяльнай ізаляцыі, абавязковым атрыбутам адзення прадстаўнікоў розных моладзевых, у тым ліку агрэсіўных, субкультур. У тыя ж 1990-я фасон узялі на ўзбраенне нямецкія анархісты, якія намагаліся падчас дэманстрацый не быць ідэнтыфікаванымі паліцыяй. На пачатку нашага стагоддзя моду падхапілі неанацысты. Сёння, аднак, мода на худзі стала больш сацыяльна шырокай.

Між тым, забабоны наконт худзі, сфармаваныя ў 1990-я гады, дасюль даюць пра сябе ведаць. У Аўстраліі і Канадзе існуюць школы, дзе вучням забараняецца прыходзіць на заняткі ў худзі. У аўстралійскім Брысбене існуюць так званыя Hoodie Free Zone — гарадскія зоны, вольныя ад худзі. Паліцыя ўсур’ёз лічыць, што гэта добрая прэвентыўная мера ад вулічных злодзеяў, якія звычайна носяць адзенне з каптуром.

Такой жа логікай кіруюцца дырэкцыі шматлікіх брытанскіх супермаркетаў, ахова якіх не прапускае публіку, апранутую ў падобным стылі. Худзі-аматары — любімыя персанажы жоўтай прэсы, якія ахвотна робяць з мухі слана. Так, славуты таблоід «Sun» нейкі час вёў кампанію супраць бейсбольных кепак, якія, на думку выдання, — ідэальны сродак схаваць твар ад аб’ектываў відэакамер. Кампанію супраць худзі падтрымаў у свой час асабіста прэм’ер Вялікабрытаніі Тоні Блэр.

На пачатку ХХІ стагоддзя вайна вакол худзі стала ў Вялікабрытаніі нацыянальнай з’явай. Так, папулярная на Альбіёне рэп-спявачка Lady Sovereign пачала акцыю «Выратаваць худзі» і нават прысвяціла гэтаму песню. Кампанія не была безвыніковай. Некаторыя каледжы і школы пагадзіліся дазволіць вучням насіць худзі, аднак пры ўмове, што нацягваць каптуры дзеці будуць выключна падчас дажджу.

У лютым 2006 года вялікі інтарэс грамадства выклікаў інцыдэнт у адным з лонданскіх супермаркетаў, куды адмовіліся пускаць пенсіянера, апранутага ў кофту з каптуром. Наведвальнік праз суд даказаў, што павінен насіць худзі, паколькі яму пагражае аблысенне. У выніку адміністрацыя супермаркета папрасіла ў старога прабачэння.

Пасля гэтага выпадку адносіны да худзі сталі мяняцца. Так, цяперашні брытанскі прэм’ер Дэвід Кэмеран падчас апошняй выбарчай парламенцкай кампаніі заявіў, што худзі носяць не ў агрэсіўных, а наадварот, у абарончых мэтах. Адначасова лейбарысты зрабілі слоганам сваёй кампаніі «Hug a hoodie». Магчыма, яны жадалі тым самым выклікаць асацыяцыю з вядомым змагаром за сацыяльную справядлівасць па мянушцы Робін Гуд. Ёсць папулярная версія, што славутага злодзея з Шэрвудскага лесу называлі на самай справе не Робін Гуд, а Робін Худ, або Робін Каптур.

У той час, як брытанскае грамадства перамагло стэрэатыпы наконт байкі з каптуром, па той бок Атлантыкі вайна вакол худзі толькі пачынаецца. Гэта вельмі дзіўна, паколькі амерыканцы прыдумалі джынсы — універсальную для ўсіх класаў форму адзення. Функцыі худзі вельмі падобныя на функцыі джынсаў. Гэта папросту практычная паўсядзённая вопратка. Дарэчы, джынсы, як і худзі, доўгі час былі адзеннем сініх каўняроў — рабочага класу ЗША.

На думку шматлікіх культуролагаў, мы маем справу з нейкім новым тыпам сегрэгацыі, у аснове якой ляжыць тая ж, што і ў расізме, культура страху перад чужым, ксенафобскія забабоны і стэрэатыпы.

Анжэла МакРобі, брытанскі спецыяліст па камунікацыі, тлумачыць феномен худзі тым, што каптур, пад якім можна схаваць твар, выклікае пачуццё ананімнасці, містэрыі і загадкі. «Крыніца арыгінальнасці, безумоўна, чорная культура hip-hop, аднак апошнім часам яна стала сродкам падтрымліваць сімвалічную дыстанцыю ад свету ўніформы і дрэс-кодаў, які патрабуецца для офісаў. Гэта стварае пасланне ізаляцыі сябе ад свету і адначасова пагрозы на яго адрас», — лічыць спецыяліст.

Амерыканцы ўжо пачынаюць вывучаць вопыт Новай Зеландыі, дзе ўжо тры гады святкуюць так званы Hoodie Day. Яго адзначаюць у рамках тыдня моладзі і прыдумалі менавіта для таго, каб разбурыць абывацельскі міф пра тое, што насіць худзі — значыць абавязкова быць злачынцам. Цікава, што не ўсе палітыкі ў захапленні ад рэабілітацыі худзі. Некаторыя амерыканцы баяцца, што рэабілітацыя худзі можа дазволіць сябрам расісцкай арганізацыі Ку-Клукс-Клан спакойна хадзіць па вуліцах. Вядома, што элементам прафесійнага адзення сяброў ККК таксама ёсць каптур.
 

Каментаваць