Вайна з-за маленькіх прыгажунь

Рашэнне Францыі забараніць правядзенне конкурсаў прыгажосці для дзяўчынак маладзей за 16 гадоў, выклікала антыфранцузскую істэрыку па той бок акіяну. Рашэнне пра забарону дзіцячых конкурсаў прыгажосці ўступіла ў сілу ў Францыі пасля галасавання ў Сенаце яшчэ 18 верасня.



Ідэя забароны была ініцыяваная прадстаўнікамі правых апазіцыйных партый, аднак вялікай крытыкі з боку левых праўрадавых партый не мела. Толькі адзін з 147 прысутных сенатараў прагаласаваў супраць законапраекту.

Спрэчкі ўзніклі хіба што вакол памераў пакарання. Ініцыятары выступалі за тое, каб даваць арганізатарам падобных конкурсаў два гады турмы плюс выпісваць штраф на 30 тысяч еўра. Міністэрства правоў жанчыны палічыла такую меру вельмі жорсткай. Аднак у выніку сенатары падтрымалі першую прапазіцыю.

Сутнасць закону — у тым, каб абараніць псіхіку дзяўчынак. Паводле аўтараў закону, конкурсы фармуюць у дзяўчынак нездаровае пачуццё гіперсэксуальнасці, якое кепска ўплывае на самаацэнку і жыццёвыя каштоўнасці. «Мы не дазволім, каб нашы дзяўчынкі ацэньвалі сябе сыходзячы выключна з таго, як яны выглядаюць у люстэрках. Мы не дапусцім, каб камерцыйны інтарэс стаяў вышэй за інтарэс грамадскі», — заявіла падчас слуханняў Шанталь Жуано (Chantal Jouanno), адна з галоўных лабістак рэформы.

Прыняты сенатам закон у французскай прэсе амаль не заўважылі. Затое па той бок Атлантыкі навіна пра рашэнне французаў выклікала шквал пратэстаў. На думку амерыканскай прэсы, забарона конкурсаў прыгажосці — не што іншае, як выразны антыамерыканскі акт. Логіка простая: паколькі тыя конкурсы з’яўляюцца часткай амерыканскай масавай культуры, іх забарона ў Францыі накіраваная на правакаванне антыамерыканскіх настрояў сярод простых французаў.

Дзіцячыя конкурсы прыгажосці — сапраўды, частка амерыканскага стылю жыцця. Яны нарадзіліся на дарагіх курортах у 1920-я гады як забаўка для дзяцей, якія там адпачывалі. Аднак сапраўдны прарыў адбыўся ў 1960-я гады, калі тэлестудыі пачалі праводзіць агульнанацыянальныя конкурсы дзіцячай прыгажосці. У першым турніры прынялі ўдзел 35 тысяч кандыдатак, а ўжо праз пяць гадоў іх колькасць вырасла да 200 тысяч.

Натуральна, з пачаткам сексуальнай рэвалюцыі ў гэтых конкурсаў з’явілася маса праціўнікаў у выглядзе феміністак. Яны лічаць, што ўдзельніцам навязваюць алгарытм паводзін жанчыны ў патрыярхальнай сям’і. Пазней у конкурсах сталі бачыць латэнтную прапаганду дзіцячай парнаграфіі. Пашырэнню такіх настрояў спрыяла трагедыя 6-гадовай Джон Бенет Рэмсі — пераможцы конкурсу дзіцячай прыгажосці. У 1996 годзе яе знайшлі забітай у бацькоўскім доме. Да гэтага часу забойца не знойдзены, аднак адна з самых папулярных версій — дзяўчынка стала ахвярай нейкага сэксуальнага вычварэнца, які захапляўся тымі конкурсамі міні-міс. Але трэба прызнаць, што нягледзячы на крытыку, да міні-міс у цэлым амерыканцы ставяцца нейтральна.

Аднак вернемся да скандалу вакол рашэння сенату Францыі. На думку амерыканскага часопіса «Newsweek», мы маем справу з падвойнымі стандартамі. Францыя — гэта краіна, якая заўсёды была ў захапленні ад сваіх маладых сэкс-сімвалаў. Брыджыт Бардо не было і 15 гадоў, калі яна пачала кар’еру кіназоркі. Брук Шылдс (Brooke Shields) споўнілася толькі 12, калі французскі рэжысёр Луі Маль (Louis Malle) прапанаваў ёй ролю ў фільме «La Petite» (1978). Сафі Марсо і Ванэса Парадзі былі падлеткамі, калі да іх прыйшла сусветная слава. І што ўжо казаць пра тое, што якраз Францыя надала прытулак рэжысёру Раману Паланскі, якога ў ЗША дасюль намагаюцца засадзіць за сэкс з 13-гадовай. У святле гэтай інфармацыі зразумела, што французскі сенат прагаласаваў выключна на хвалі антыамерыканскіх настрояў».

У доказ свайго тэзісу выданне прыводзіць незвычайны аргумент. Калі верыць часопісу, маладыя францужанкі — удзельніцы конкурсаў, не могуць быць ахвярамі гіперсексуальнасці, паколькі тыя конкурсы ў Францыі фактычна не праводзяцца. Сярод французаў папулярна думка пра тое, што дазвол на ўдзел сваёй дачкі ў конкурсах міні-міс можа даць выключна бацькі з кепскім густам. Маўляў, усім відавочна, што гэта прымітыўнае шоў, імпартаванае з Амерыкі.

Адным словам, за рашэннем сенатараў стаіць палітыка. Антыамерыканскія забабоны заўсёды былі папулярныя як сярод простых людзей, так і эліты. У Францыі не забыліся яшчэ, як у часы прэзідэнцтва Буша-малодшага адмова Францыі атакаваць Ірак выклікала шмат антыфранцузскіх акцый. Дастаткова ўзгадаць, як у меню буфета Белага дома на амерыканскі манер пераклалі французскае слова «батон».

Сёння сітуацыя чымсьці нагадвае былыя часы. Хаця прэзідэнт Франсуа Аланд падтрымаў ідэю Абамы наконт вайсковай інтэрвенцыі ў Сірыю, французская публіка яго думкі не падзяляе. Супраць вайны не толькі правая апазіцыя, аднак вялікая частка аднапартыйцаў Аланда, у тым ліку ў парламенцкай фракцыі Сацпартыі. Каб яшчэ раз давесці сваю апазіцыю, парламентарыі і прыдумалі забараніць тыя малапапулярныя конкурсы міні-міс. Вось такія сентэнцыі часопіса.

Падтрымаў калегаў з «Newsweek» і «New York Times Magazine», які, як орган лібералаў, вельмі цяжка падазраваць у амерыканскім нацыяналізме. Выданне, праўда, не бачыць тут асаблівай палітыкі. На думку часопіса, гаворка ідзе пра банальную праяву французскага шавінізму. «New York Times Magazine» іранізуе: «Дзякуючы новаму закону французскія жанчыны больш не будуць таўсцеюць, а французскія дзеці будуць паводзіць сябе выключна добра. Ну і, натуральна, дзяўчынкам не пагражае гіперсэксуалізацыя». Калі сур’ёзна, то часопіс нагадвае, што конкурсы не такія папулярныя ў Францыі, як у ЗША, і, адпаведна, перад намі проста «педантычная дэманстрацыя перавагі французскай культуры».

А вось «Los Angeles Times» лічыць, што французскія палітыкі проста робяць выгляд, што працуюць. «Чым займаецца ўрад Францыі? Няўжо няма іншых крыніц пагрозы на адрас дзяцей, чым конкурсы міні-міс? Больш карысна было б заняцца абмежаваннем рэкламы тытунёвых кампаній, якая заўсёды накіраваная на падлеткаў».

Пераклады тэкстаў амерыканскіх выданняў толькі-толькі з’явіліся ў Францыі, і, калі меркаваць па першых каментарах, ён справакуе новую хвалю антыамерыканскіх забабонаў і плюс вялікі інтарэс да тых самых забароненых конкурсаў міні-міс. 

Каментаваць