Вайна за “нацыянальны кампанент”

Акрамя Рэспублікі Беларусь апошнім часам выклік Крамлю кінула і іншая РБ — Рэспубліка Башкірыя.

Беларусь і Башкірыя падобныя не толькі абрэвіятурамі сваіх афіцыйных назваў. Напрыклад, не так даўно прэзідэнт Мядзведзеў папярэдзіў башкірскія ўлады, каб яны са сваім малаком не лезлі на рынкі суседзяў (Башкірыя найбольш буйны вытворца малака сярод рэгіёнаў РФ).



Акрамя Рэспублікі Беларусь апошнім часам выклік Крамлю кінула і іншая РБ — Рэспубліка Башкірыя.

Беларусь і Башкірыя падобныя не толькі абрэвіятурамі сваіх афіцыйных назваў. Напрыклад, не так даўно прэзідэнт Мядзведзеў папярэдзіў башкірскія ўлады, каб яны са сваім малаком не лезлі на рынкі суседзяў (Башкірыя найбольш буйны вытворца малака сярод рэгіёнаў РФ).

Аднак, натуральна, галоўнае, у чым падобныя абедзве РБ, — крытычная сітуацыяй з правамі чалавека. Так, слова “Благавешчанск стала ў Расіі ўжо хадзячай назвай. У гэтым башкірскім гарадку АМАП колькі гадоў таму правёў масавую зачыстку. Лічыцца, што такім чынам гараджанам адпомсцілі за тое, што яны абралі не таго, каго трэба. У краі фактычна няма незалежнай прэсы, а ў афіцыёзе ўсе дасягненні прыпісваюцца Муртазе Рахімаву, прэзідэнту рэспублікі.

Рахімаў амаль 20 гадоў свайго кіравання знаходзіў кампраміс з цэнтрам. Аднак апошнім часам адносіны сталі вельмі кепскімі. Уфа дазваляе сабе вельмі вострыя шпількі наконт унутранай палітыкі федэральнага ўраду і адміністрацыі. Як жартуе расійская прэса, Рахімаў у нечым нават пераплюнуў Каспарава і Лімонава. Аднак ад гэтых палітыкаў, якія лічаць сябе лібераламі, Рахімаў моцна адрозніваецца. Ён крытыкуе Крэмль з платформы башкірскага нацыяналізму. Кажа, што назіраецца тэндэнцыя ліквідацыі інстытутаў башкірскай дзяржаўнасці і культуры.

Муртаза Рахімаў мае рацыю. Расійскі ўрад апошнім часам пачаў наступ на правы нацменшасцяў.

Па-першае, як ужо пісаў “НЧ, прыняты федэральны закон № 309, адпаведна якому з навучальных праграм прыбіраецца так званы “нацыянальна-рэгіянальны кампанент (прадметы па вывучэнню мовы і культуры тытульнай нацыі аўтаноміі). Трохі раней Мінадукацыі запатрабавала, каб дзяржаўная выніковая атэстацыя ў школах па ўсіх прадметах праходзіла на рускай мове. Самае цікавае, што такой практыкі не было нават у СССР, тады ў школах захоўвалася выкладанне на башкірскай або татарскай мовах.

Апошняя навіна з фронту барацьбы Масквы з сепаратызмам рэгіёнаў — патрабаванне ад парламентаў Башкірыі, Татарстана і Якуціі тэрмінова ўнесці змены ў свае канстытуцыі, а дакладней, прыбраць пункт аб суверэнітэце сваіх нацый.

Нельга сказаць, што аўтаноміі маўчаць. Прэзідэнт Татарстана Шайміеў уступіў у адкрытую перапалку з кіраўніком Мінадукацыі, назваўшы закон пра “кампанент актам асіміляцыі. Аднак да Рахімава яму далёка.

У інтэрв’ю “Московскому комсомольцу Рахімаў абвінаваціў вядучую крамлёўскую партыю “Адзіная Расія ў цэнтралізацыі і адыходзе ад прынцыпаў дэмакратыі. “У нас усё насаджваецца зверху. Узровень цэнтралізацыі горшы, чым у савецкія часы, — сказаў башкірскі прэзідэнт. А вось цытата з ягонага выступу на Асамблеі народаў Башкірыі: “Мы паслядоўна будзем абараняць прынцып федэрацыі і катэгарычна адмаўляем спробы рэанімацыі імперскіх і унітарных падыходаў.

Яшчэ весялей чытаць афіцыйныя сайты башкірскага ўраду: “На старонках цэнтральных газет, каналах цэнтральнага тэлебачання ўзмацняюцца атакі на лідэраў нацыянальных рэспублік, ігнаруюцца іх вялікія заслугі ва ўмацаванні асноў федэральнай дзяржавы. У абарот запушчаны тэрмін “этнакраты, якія быццам захапілі ўладу ў рэспубліках і 19 гадоў таму абвясцілі аўтаномію.

Больш таго, Рахімаў выдаў карт-бланш мясцовым нацыяналістам. Па меры ўзмацнення канфрантацыі з Масквой у рэспубліцы актывізавалася групоўка “Кук Бурэ (“Нябесныя ваўкі). “Кук Бурэ — відавочная калька назвы турэцкай радыкальнай арганізацыі “Шэрыя ваўкі.

У галоўным дакуменце “Кук Бурэ гаворыцца, што башкіры павінны стаць гаспадарамі на сваёй зямлі. Галоўную ролю ў рэалізацыі гэтага праграмнага пункту мусіць адыграць башкірская моладзь. У саміх дакументах і матэрыялах арганізацыі шмат цікавых пасажаў. Напрыклад: “Наша арганізацыя супраць асіміляцыі башкір… У нашу арганізацыю не будуць прымацца башкіры, якія заключылі шлюб з прадстаўніком іншай нацыі. Чалавек, які не закахаўся ў башкірку, каб заключыць з ёй шлюб, не любіць свой народ і да яго няма даверу… Павінны быць цэлыя мікрараёны, дзе жывуць выключна башкіры, гучыць башкірская мова. Мы адсочваем, каб да кожнага башкіра ставіліся з павагай. Калі да нас даходзіць інфармацыя пра тое, што нехта крыўдзіць башкіра, мы дапамагаем пакрыўджанаму... Святкаванне 450-й гадавіны ўваходжання Башкірыі пад пратэктарат Расійскай імперыі — гэта ганьба! І самы галоўны пункт: “У цяперашні час “Кук Бурэ не падтрымлівае ідэю выхаду башкір са складу Расійскай Федэрацыі. Адначасова мы не можам выключаць формаў самавызначэння ў выпадку сістэматычнага парушэння цэнтрам нацыянальнага суверэнітэту башкірскага народу.

Нягледзячы на яўна экстрэмісцкі характар установак “Кук Бурэ, групоўка змагла правесці нават вулічную акцыю (практычна нерэальная з’ява ў рахімаўскай Башкірыі). Прыкладна 150 маладых людзей патрабавалі надаць аўтаноміі права самім абіраць сваіх кіраўнікоў.

Відавочна, што да стварэння “Нябесных ваўкоў прыклалі руку ўлады. У прынцыпе, ход зразумелы: калі не мы, будзеце мець справу з такімі “адмарозкамі.

Таксама няма сумневу, што Рахімавым кіруе страх згубіць пасаду прэзідэнта (кажуць, што адпаведны дакумент у Маскве ўжо падпісаны). Гульня ў нацыяналізм прымушае Крэмль быць больш асцярожным з башкірскім прэзідэнтам, гарантаваць яму ўдзел у прыняцці кадравых рашэнняў.

Пакуль рэакцыя цэнтру на такія відавочна дысідэнцкія крокі жорсткая. Рахімаву прыгразілі выключэннем з партыі “Адзіная Расія.

Гульня ў нацыяналізм, якую вядзе Рахімаў, на самай справе вельмі небяспечная. Башкірскія медыя, матэрыялы якіх супярэчаць цэнтральным, фактычна падрываюць адзіную інфармацыйную прастору і ўносяць у масавую свядомасць элемент нестабільнасці. Працэсамі ў Башкірыі вельмі цікавяцца суседнія татары. Лунае ідэя стварэння канфедэрацыі абодвух народаў для барацьбы за захаванне так званага “кампаненту.

Нарэшце, у гэтым годзе рэспубліка гучна і шырока святкуе 90-ю гадавіну стварэння Башкірскай АССР, якая стала падмуркам дзяржаўнасці башкір. Было б вельмі дзіўна святкаваць юбілей адраджэння дзяржаўнасці і адначасова глядзець, як нацыю пазбаўляюць права вучыцца на роднай мове.

Каментаваць