Вайна за сцяг працягваецца

Трэці месяц працягваецца змаганне румынскіх венграў за права мець сваю нацыянальную сімволіку. Будынак венгерскага парламента апошнія тры месяцы выглядае незвычайна.



Месца сцяга Еўрасаюза займае сіне-жоўта-сіні сцяг з выявай паўмесяцу. Гэта сімвал секеяў — венгерскай меншасці ў Румыніі, якая дамагаецца аўтаноміі.

За кошт незвычайнай акцыі венгры збіраюцца прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да пытання правоў секеяў, і ў тым ліку іх права мець сваю сімволіку.

Усяго ў Румыніі жыве каля 700 тысяч секеяў, што складае шэсць працэнтаў насельніцтва. Цікава, што дасюль вядуцца спрэчкі, як такі вялікі арэал пражывання венграў аказаўся далёка ад межаў Венгрыі, у самым цэнтры Румыніі. Адна з забаўных версій — старажытныя венгры выбралі самых моцных суайчыннікаў і адправілі іх на Балканы, каб зрабіць своеасаблівы фарпост на выпадак набегаў з Малой Азіі якіх-небудзь качэўнікаў.

Пасля Першай сусветнай вайны Секейскі край, што раней быў часткай Аўстра-Венгрыі, апынуўся ў складзе Румыніі, якая з рознай інтэнсіўнасцю праводзіла кампанію асіміляцыі венгерскай меншасці. Адзінай перадышкай сталі пасляваенныя часы, калі трансільванскія венгры атрымалі ад камуністаў аўтаномію (у кампартыі Румыніі тады нават існавала спецыяльная секцыя для венграў). Аднак напрыканцы 1950-х гадоў адліга скончыліся: аўтаномію ліквідавалі ў тым ліку з-за венгерскага паўстання 1956-га, калі ўзніклі забабоны, што ўсе венгры — палітычна не надзейныя. З прыходам да ўлады Ніколае Чаўшэску была прынятая новая канстытуцыя, паводле якой Румынія абвяшчалася ўнітарнай дзяржавай.

Венгры, трэба аддаць ім належнае, мужна змагаліся супраць руманізацыі. Так, пасля ліквідацыі венгерскамоўнага ўніверсітэта ў горадзе Клюй некаторыя прафесары на знак пратэсту ўчынілі акт самагубства. Не маючы палітычных сродкаў пратэсту, венгры выкарысталі для выказвання сваіх патрабаванняў спорт. Сімвалам барацьбы за правы этнасу стаў хакейны клуб «Csikszereda», матчы якога дасюль маюць палітычны прысмак. Некаторыя параўноўваюць «Csikszereda» са славутай футбольнай камандай «Barcelona», якая ў часы дыктатуры Франка была сімвалам нацыянальнага супраціву каталонцаў.

Пасля краху камунізму венгерскае пытанне зноў вярнулася ў палітычную павестку. Аднак такой міжнацыянальнай напружанасці, як цяпер, сапраўды, ніколі не было. Палітолагі звязваюць рост эскалацыі з шэрагам фактараў. Некаторыя лічаць, што секеі захапіліся прыкладам касавараў, якія за нейкае дзесяцігоддзе дабіліся незалежнасці ад Бялграду. Другія вінавацяць афіцыйны Будапешт. Там у 2010 годзе да ўлады прыйшла нацыянальна-кансерватыўная партыя «Fidesz» (старшыня Віктар Орбан), якая эксплуатуе тэму правоў венграў за мяжой.

У сваю чаргу, венгры ўказваюць на ўпартае нежаданне Бухарэсту рабіць хоць нейкія крокі насустрач. Прапанаваны мясцовым Румынскім венгерскім дэмакратычным саюзам (RMDS) праект культурнай аўтаноміі ляжыць у румынскім парламенце сем гадоў. Румынскім палітыкам бракуе палітычнай волі для яго прыняцця. Яшчэ адна версія звязаная з радыкалізацыяй RMDS, якая, у сваю чаргу, матываваная з’яўленнем новай палітычнай сілы, што крытыкуе саюз за апартунізм і рэфармізм. Гаворка пра Венгерскі грамадзянскі саюз, які, дарэчы, наўпрост падтрымлівае Віктар Орбан.

Нарэшце, самая забаўная тэорыя. Будапешт вырашыў дапамагаць венграм, будучы ўражаным тым, як паслядоўна і заўзята Бухарэст змагаецца за інкарпарацыю Малдовы ў склад Румыніі. Па-сутнасці, усе мерапрыемствы Венгрыі ў дапамогу секеям — выдача венгерскіх пашпартоў, права на бясплатную адукацыю на гістарычнай радзіме — паўтор таго, што робіць Румынія ў Малдове.

Нагадаем храналогію канфрантацыі. У верасні 2009 года з’езд прадстаўнікоў мясцовых органаў улады Секейскага краю абвясціў аўтаномію. На з’ездзе былі зацверджаны гімн, сцяг, герб і адміністрацыйная карта новай аўтаноміі. Пазней быў створаны адміністратыўны савет краю, які, натуральна, у Бухарэсце ніхто не прызнаў.

Канфлікт перайшоў у новую стадыю, калі ў студзені гэтага года адбыўся інцыдэнт. Прэфект, у прэфектуру якога ўходзіць Секейскі край, перад пачаткам цырымоніі інагурацыі запатрабаваў, каб з залы прыбралі сіне-жоўта-сіні сцяг.

У адказ адзін з лідараў RMDS заклікаў мэраў венгерскіх гарадоў правесці кампанію салідарнасці з секеямі, узняўшы над сваімі муніцыпалітэтам секейскі сцяг. Ініцыятыву падхапіла шмат венгерскіх гарадоў, у тым ліку ўлады горада Берагова, што ва ўкраінскім Закарпацці. На такіх мерапрыемствах было шмат чыноўнікаў вышэйшага рангу, якія публічна характарызавалі крокі Бухарэста як «сімвалічную агрэсію». А пасол Венгрыі ў Румыніі ўвогуле заклікаў румын змяніць канстытуцыю, новая рэдакцыя якой павінна прадугледжваць аўтаномію венграў.

Ястрабы з румынскага боку адразу кінуліся ў контратаку. «Узняцце сцяга секеяў над будынкам парламента ў Будапешце ўяўляе сабой сімвалічны акт агрэсіі ў дачыненні да Румыніі», — сказаў адзін з дэпутатаў кіруючай сацыял-дэмакратычнай партыі. Аператыўна нарадзілася ідэя тэрытарыяльнай рэформы, у выніку якой венгерскі анклаў падзеляць на тры часткі, што далучаць да румынскамоўных адміністратыўных адзінак. Яшчэ адна задума — закон аб лаяльнасці, які складаецца з трох частак: пазбаўленне румынскага грамадзянства ўсіх, хто мае венгерскія пашпарты; пакаранне за невыкарыстанне афіцыйнай мовы ў публічных установах, школах, лякарнях, крамах; крымінальнае пакаранне за этнічную дыскрымінацыю пры прыёме на працу.

Вайна хутка распаўсюдзілася на іншыя сферы жыцця. Так, героем Румыніі стала школьніца Алена Сабіна, у якой у венгерскамоўнай школе настаўніца адабрала стужку з выявай колераў румынскага сцягу. Настаўніцу пасля звольніў асабіста міністр адукацыі. Пасля прыйшла чарга гісторыкаў. У секейскіх школах з’явіўся надрукаваны ў Венгрыі дапаможнік па гісторыі, у якім сцвярджаецца, што на землях Трансільваніі румыны з’явіліся значна пазней за мадзьяраў і прыслугоўвалі секеям, будучы пры гэтым задаволеныя сваёй доляй. Гісторыкі Румыніі пратэставалі супраць такой трактоўкі.

Праўда, не ўсе паддаліся нацыяналістычным эмоцыям. У Румыніі ўзнік цікавы рух за тое, каб надаць венграм аўтаномію, што, дарэчы, краіна павінна зрабіць адпаведна еўрапейскай Хартыі правоў нацыянальных меншасцяў. Кампанія называецца «Я таксама венгерскі секей» і праводзіцца групай румынскіх ліберальных інтэлектуалаў. «Дзве невялікія краіны на перыферыі Еўропы, якімі кіруюць правінцыйныя і аўтарытарныя лідары, сутыкаюцца з сур’ёзнымі праблемамі — павагай да законаў, эканомікай, аднак увесь іх энтузіязм сыходзіць у самы элементарны нацыяналістычны папулізм», — піша адзін з румынскіх лібералаў.

Між тым, відавочна, што кульмінацыя інтарэсу грамадства да «вайны за сцяг» прайшла. Цяпер Будапешту і Бухарэсту самы час пачаць шукаць кансенсус. Хаця шмат хто скептычна ставіцца да такой перспектывы. У наступным годзе ў Венгрыі выбары, і «Fidesz» важна захаваць нацыяналістычны тонус у грамадстве. Што тычыцца секеяў, дык яны сцягі прыбралі: кіраўнікам адміністрацый, на якіх узняты сцяг, выпісваюць штрафы ў 1000 еўра. Аднак, калі меркаваць па матэрыялах сайту савету Секейскага краю, здавацца секеі не збіраюцца. Так ці інакш, Румынія — сябра ЕС і будзе вымушана паважаць правы меншасцяў.

Каментаваць