Валанцёрская сотня

«Бачу поўныя рэстарацыі, забаўляльныя ўстановы, і для мяне гэта паралельная рэальнасць», — кажа выканаўчы дырэктар платформы «Валанцёрская сотня» Наталля Варанкова.



Наталля Варанкова


Сотня зараз дапамагае параненым пад час баявых дзеянняў украінскім салдатам. Пра гэты «адваротны бок фронту» НЧ пагутарыў са спадарыняй Наталляй.

Гэтая ініцыятыва ўзнікла не на пустым месцы. Большасць актывістаў «Валанцёрскай сотні» былі валанцёрамі і падчас актыўных пратэстаў на Майдане. Пазней аб’ядналіся ў «Валанцёрскую сотню». Зараз сотня займаецца трыма кірункамі — дапамога перасяленцам, пастаўкі ў зону АТА, а таксама ўсім, што тычыцца параненых і медычнай дапамогі.

Каардынацыя

— У нас матрычная сістэма кіравання. Ёсць каардынатары, якія адказваюць за пэўны кавалак працы і нясуць адказнасць. Мы праводзім шмат дабрачынных аўкцыёнаў, кірмашоў для падтрымкі войска, перасяленцаў, параненых. Шмат сталі ўдзельнічаць у выставах. Безумоўна, гэта вельмі цяжка. Я сплю тры-чатыры гадзіны на суткі.

Мы збіраем ахвяраванні ад людзей і рэчамі, і грашыма, і прадуктамі. Да супрацы з намі далучыліся юрыдычныя арганізацыі. Таму мы змаглі зарэгістраваць структуру «Валанцёрская сотня. Добрая воля», на рахункі якой ідуць ахвяраванні ад юрыдычных арганізацый на дапамогу параненым. Паколькі ў нас збіраецца найбольшая сума сродкаў, усе замовы сцякаюцца таксама да нас.

"Валанцёрская сотня" ў працы

Замбаваныя

— Многія жыхары Данецка прасіліся, каб іх вывезлі з зоны АТА. Едуць людзі на бусіке, пад’язджаюць да ўкраінскага блокпоста і проста становяцца сівымі на вачах. Яны ў жаху. Калі ім прапанавалі вады, далі ежы, паставіліся са спачуваннем, па-людску, яны ўсю дарогу да Кіева сядзелі і плакалі… Настолькі ў іх былі прамытыя мазгі расійскай прапагандай.

Перасяленцы — дастаткова вялікі кавалак працы. Ён уключае і вываз і размяшчэнне тут. Мы іх забяспечваем гуманітарнай дапамогай, якую збіраюць кіяўляне і жыхары Кіеўскай вобласці. Бо сюды прыязджаюць людзі практычна без усяго, босыя.

Пастаўкі ў зону АТА

— Мы для вайскоўцаў АТА закупляем сродкі абароны, а не зброю, а таксама тэхнічныя сродкі і рэчы, якія дапамагаюць байцам выжыць на фронце. Пачынаючы ад шкарпэтак, кавы і цыгарэт да бронекамізэлек, касак, цеплавізараў, электрагенератараў, амуніцыі, акуляраў, пальчатак. Усё, што замаўляюць нам батальёны Нацыянальнай гвардыі.

Мы дзейнічаем, як хуткая дапамога для батальёнаў. Зараз мы працуем з 29 батальёнамі. Яны звяртаюцца да нас, робяць заяўку на тое, у чым маюць найбольш вострую патрэбу, і мы стараемся гэта задаволіць. Натуральна, у прыярытэце батальёны, якія знаходзяцца на перадавой, і тыя, якія туды накіроўваюцца пасля навучання.

Медычная дапамога

— Мы пачыналі сваю працу з Кіеўскага ваеннага шпіталю. Цяпер працуем з усімі шпіталямі Украіны. Там ёсць альбо філія «Валанцёрскай сотні», альбо мясцовая група валанцёраў, з якой мы супрацоўнічаем. Мы аб’ядноўваем людзей дзеля агульнай мэты.

Параненым Кіеўскага шпіталя мы дапамагаем адзеннем, гігіенічнымі сродкамі. Па ежы мы трохі тут рэгламентаваныя, працуем толькі з харчаваннем у заводскай упакоўцы. Гэта сокі, вада, цукеркі. Садавіну часам прывозяць. Мы займаемся таксама размяшчэннем людзей, якія прыязджаюць праведаць сваіх параненых сваякоў, асабліва цяжкапараненых.

Тут працуюць каардынатары валанцёраў. Іх вельмі шмат. Валанцёры студэнты-медыкі дапамагаюць малодшаму медперсаналу. Бо іх сённяшняя колькасць разлічана на мірнае жыццё. Шпіталі не былі гатовыя да такой колькасці параненых. Дактары пакуль спраўляюцца. Але нагрузкі на іх вельмі вялікія. У Харкаве быў выпадак, калі ў хірурга не вытрымала сэрца падчас аперацыі, другі ўрач здолеў перазапусціць сэрца і выратаваць калегу.

Мы таксама адкрылі ў адной з прыватных клінік медычную падрыхтоўку для валанцёраў, каб яны маглі дапамагаць больш эфектыўна.

Пастаўляем у шпіталі інвалідныя матрацы, супрацьпролежневыя матрацы, кастылі, хадункі. Усё, што патрэбна хлопцам для выздараўлення. Таксама размяркоўваем медыкаменты. У нас кажуць: «бальніцы забяспечваюць неабходным мінімумам, а валанцёры — неабходным максімумам для падвышэння якасці лекавання».

Мы рэгулярна складаем і  вывешваем спісы лекаў, у якіх мае патрэбу шпіталь. Паколькі лякарня — дзяржаўная ўстанова, яна даволі непаваротлівая. На закупку па афіцыйных каналах траціцца шмат часу. Валанцёры ў гэтым плане значна мабільнейшыя: пабеглі, набылі і прынеслі. Альбо вывесілі пост на фэйсбуку і адразу адгукаюцца людзі. Кіяўляне нам дапамагаюць неверагодна.

Па рашэнні кансіліуму мы адпраўляем параненых на лячэнне і рэабілітацыю за мяжу. Рыхтуемся надалей развіваць кірунак рэабілітацыі і сацадаптацыі ва Украіне. Напрыклад, рэабілітацыя спінальнікаў і артапедыя была ў Саках і Данецку. Цяпер гэтага няма. Ствараецца рэабілітацыя спінальнікаў у Львове. Мы ім будзем дапамагаць, як і Харкаву, дзе на базе медінстытута развіваецца кірунак пратэзавання.

Напрыклад, Вольга Чуйко займаецца адпраўкай параненых у Еўропу, яшчэ адна каардынатарка працуе з Ізраілем, дзе ёсць вялікі досвед лекавання агнястрэльных раненняў. Усюды прымаюць нас вельмі добра. Нам вельмі часта дапамагаюць альбо бясплатна, альбо робяць добрыя зніжкі.

Амаль штодзённа зоркі эстрады і музыкі арганізуюць на тэрыторыі шпіталя канцэрты, каб падтрымаць параненых жаўнераў. Калі мы публічна распавялі пра сваю дзейнасць, на нас абрынуўся шквал лістоў, адрасаваных тым, хто ваюе на Усходзе. Лісты з цёплымі словамі ад простых грамадзян — самая вялікая падтрымка для вайскоўцаў, якая іх натхняе.

Акрамя дапамогі параненым мы займаемся пастаўкамі медабсталявання франтавым шпіталям і медпрэпаратаў батальёнам. Кіеўская гарадская адміністрацыя прыняла рашэнне перадаць 10 машын хуткай дапамогі. Зараз мы пачынаем займацца браніраваннем санітарных машын, якія будуць працаваць у зоне баявых дзеянняў.

Нам дапамагае Бог

— Увосень паток валанцёраў крыху зменшыўся. У многіх скончыліся адпачынкі, студэнты пайшлі вучыцца, хтосьці захварэў, многія проста стаміліся, бо яны працуюць са снежня мінулага году.

У нас велізарныя склады. Толькі ў Кіеве для перасяленцаў тры вялізных склада, два склады па кірунку працы з АТО, два фармацэўтычных склада. Ахвяраваныя сродкі накіроўваем у асноўным на абсталяванне, пласціны для зрастання косці. Бо простаму чалавеку гэта набыць складаней, чым лекі, напрыклад. Таму шмат лекаў нам прыносяць. Таксама мы аплачваем чэкі на лекі, якія прыносяць параненыя.

На маё імя адкрытая картка Прыватбанка, далучаная да сістэмы «Празрысты бюджэт». Гэта значыць, што ўсе могуць бачыць паступленні на картку і ўсе расходы. На яе і ахвяруюць людзі. Можна ахвяраваць таксама на рахунак ГА «Валанцёрская сотня. Добрая воля».

Я вельмі люблю кіян. Яны вельмі шмат дапамагаюць, але дагэтуль ёсць людзі, якіх не торкнула, як кажуць. У асноўным дапамагаюць не вельмі забяспечаныя людзі і тыя, хто трохі вышэй за сярэдні клас, таму што яны разумеюць: вайна нясе пагрозу іх бізнесу. А людзі сярэдняга дастатку не дужа ахвяруюць. А таксама залатая моладзь… Бачу поўныя рэстарацыі, забаўляльныя ўстановы, і для мяне гэта паралельная рэальнасць. Я ўжо 9 месяцаў жыву зусім іншым. Тыя, у каго вайна зачапіла бізнес на Усходзе, таксама дапамагаюць. Калі ты займаешся валанцёрскай працай, табе дапамагае сам Бог.

Быў момант, пазарэз былі патрэбныя апараты для фіксацыі пераломаў. А грошай няма.

Я ледзь не плачу, кажу: «Дзяўчаты, дзе мы возмем грошы?» Прыходзіць у той жа дзень хлопец: «Я сам з Данецку. У мяне там сям’я пацярпела. Я прынёс 20 тысяч грывен. Хопіць?» Літаральна праз тры гадзіны прыходзіць дзядуля з капэртай з надпісам «На царкву» і перадае нам 25 тысяч грывен. Мы патэлефанавалі на прадпрыемства, дамовіліся на зніжку, набылі апараты знешняй фіксацыі і адправілі іх на Ізюм.

Каментаваць