Валютны крызіс па-ўзбекску

Тое, што адбываецца ва Узбекістане пасля забароны продажу наяўнай валюты, вельмі нагадвае беларускія будні 2011 года. У краіне існуюць адразу тры курсы сума (мясцовая валюта): афіцыйны, курс камерцыйных банкаў, і «чорнага рынку».



На  «чорным  рынку» з раніцы да вечара можна набыць-прадаць усе асноўныя віды валют, нягледзячы на тое, што незаконныя валютныя аперацыі ў краіне лічацца крымінальным злачынствам і за гэта можна атрымаць некалькі гадоў зняволення.

 

Новы закон, які пабачыў свет 1 лютага, зрабіў патэнцыйнымі зэкамі яшчэ больш узбекаў. Цяпер фізічным асобам — рэзідэнтам краіны дазволена мець валюту толькі ў безнаяўнай форме шляхам залічэння на міжнародную пластыкавую карту VISA International або MasterCard. Аднак гэтыя правілы не распаўсюджваюцца на пераводы ў валюце з-за мяжы. Ты можаш набыць і пакласці на картку да 5 тысяч долараў з умовай, што не будзеш здымаць штодня больш за 100 долараў. Зроблена гэта, безумоўна, «дзеля развіцця айчыннага бізнэсу і знішчэння валютнай мафіі на чорным рынку».

 

Што з гэтага атрымалася? Па-першае, новы ажыятаж вакол валюты. Курс долара адносна сума рэзка пайшоў уверх і вырас амаль на 10 адсоткаў ад свайго ранейшага параўнальна стабільнага курсу на чорным рынку.

 

Вось як апісвае сітуацыю ў банках адзін са сведкаў: «Літаральна некалькі дзён таму я хацеў купіць 200 долараў. Я зайшоў у банк, а там чарга, як у маскоўскім метро. І стаяць толькі свае падстаўныя людзі. А гэта значыць, што ніхто не дасць табе купіць замежную валюту, таму што ўсе валютчыкі стаяць, як у засадзе, і ахоўваюць кожны свой банк (груба кажучы, у кожнага свая кропка). У канчатковым выніку мне прыгразілі, каб я лепш не сунуўся туды толькі таму, што ў любым выпадку я сёння не куплю нічога. І так у кожным банку Ташкента».

 

Валютная мафія, мяркуючы па ўсім, ва Узбекістане дасць форы ўсім. Адзін з блогераў лічыць, што калі б валютчыкаў адпраўлялі ў Афганістан, з талібамі б ужо даўно расправіліся.

 

Аднак самае вясёлае пачынаецца, калі ўзбек выязджае за мяжу. Вось што піша адзін з каментатараў. «Карткі VISA International і MasterCard, атрыманыя ў банках Узбекістана, у большасці дзяржаў не абслугоўваюцца. Праблема ў тым, што ўсе плацяжы па гэтых міжнародных картах праводзяцца праз карэспандэнцкія рахункі амерыканскіх банкаў, а ўзбекскія банкі не заключылі з імі адпаведныя дамовы. Такім чынам, надзеі мясцовых прыватных прадпрымальнікаў на тое, што па картах VISA International і MasterCard, атрыманых на радзіме, можна будзе набыць тавар за мяжой, цалкам беспадстаўныя... Больш за тое, залічэнне замежнай валюты грамадзянамі Узбекістана на VISA International і MasterCard у памеры 5000 долараў і вышэй аўтаматычна робіць любога грамадзяніна аб’ектам пільнай увагі адпаведнага падраздзялення Генеральнай пракуратуры, якому даручана ўзмацніць барацьбу з незаконнымі даходамі».

 

Некаторыя ўжо сталі ахвярамі апісаных нязручнасцяў. Вось расповед такой ахвяры. «Я ў 2008 годзе летам прадала кватэру ў Ташкенце, паклала валюту на пластыкавую картку «Віза класік». У Ташкенце сказалі, што ў Маскве я змагу зняць гэтыя грошы ў любым банку Масквы. Па прыездзе ў Маскву хадзіла, тэлефанавала па банках — усё казалі, што з гэтым узбекскім банкам яны не працуюць. Патэлефанавала ва Узбекскае пасольства. Адмовілі і там. Зрэшты, потым знайшлі «Сіці банк», дзе праз банкамат зняла ўсе грошы, натуральна, страціўшы пры гэтым буйную суму».

 

Такая сітуацыя штурхае людзей у абдымкі прайдзісветаў. Ва ўзбекскім сегменце інтэрнэту можна знайсці шмат рэцэптаў, як нажыцца ў дадзенай сітуацыі. Вось вам выдатная схема заробку: «Адкрываеце рахунак, кладзяце сумы, пераводзіце іх у долары, затым адпраўляеце картку ў Расію мне (можна ў аэрапорце дамовіцца са сцюардэсай або пасажырамі). Я здымаю долары і адпраўляю іх вам ва Узбекістан па «Вестэрн Юніён»! Вы прадаяце долары па курсу чорнага рынку, кладзяце сумы на рахунак, пераводзіце зноў у долары (па дзяжкурсу). Так можна за месяц доларавым мільянерам стаць!».

 

З улікам апісанага не выклікаюць здзіўлення эмацыйныя пасты ўзбекскіх карыстальнікаў інтэрнэту: «Улады проста здзекуюцца, прыдумляюць новыя ідыёцкія абсурдныя нахабна-хамскія схемы, як адабраць грошы ў свайго ж народа». «Патлумачыць усе гэтыя брыдасці можна толькі адным: дзяржаве папросту выгадна, для рэгулявання афіцыйных статыстычных, эканамічных паказчыкаў, а таксама інфляцыі, вар’іраваць курсамі (афіцыйным і «чорным»). Калі патрэбныя статыстычныя дадзеныя, бярэм афіцыйны курс — і ўсе атрымліваецца прыгожа!»

 

Вельмі цікава чытаць каментары тых блогераў, якія лічаць, што ўсё робіцца правільна. Такіх, зразумела, вельмі мала, што дае падставы падазраваць іх у тролінгу. Аднак дзеля поўнага малюнку трэба даць цытату: «Тое, што робіць улада, вельмі добра: 1. Валютчыкі зніклі з вуліцы, хаваюцца ці ўжо сядзяць. 2. Чорны курс рэзка падае на 50 сумаў у дзень. 3. Адкрыццё міжнароднай карткі і абмен сумаў на замежную валюту не выклікае ніякіх праблем. Сёння я цікавіўся, за 1–2 дні можна ўсё зрабіць з нуля і загрузіць на картку 2000 $. Ні чаргі, ні ажыятажу няма ў банках, усё спакойна. Гэтай карткай можна карыстацца свабодна па ўсім свеце, яна не дэкларуецца на мытні. Так што ўсё нармальна і досыць зручна, з пункту гледжання звычайнага спажыўца, а не правакатараў».

 

Можа, так яно і ёсць, аднак чамусьці больш верыш незалежным экспертам. Адзін з якіх піша: «Новыя правілы абароту валюты не паслужаць эканамічнаму росту і развіццю прадпрымальніцтва. Яны на руку толькі тым, хто працуе ў сістэме дзяржаўнай эканомікі і бяспекі. Дадзенае новаўвядзенне — гэта яшчэ адна схема нажывы і ўзбагачэння для пэўнага кола асоб, за што яны і выказваюць сваю лаяльнасць на адрас існуючага рэжыму».

 

Між тым, усе ва ўзбекскім інтэрнэце жывуць чуткамі пра тое, што ў хуткім часе таксама будзе ўведзены ліміт на пакупку безнаяўнай валюты.

Каментаваць